Сталая каардынатарка ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі і старэйшы дарадца ў правах чалавека Омер Фішэр сустрэліся з намесьнікам міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Генадзем Казакевічам, а таксама прадстаўнікамі міністэрства аховы здароўя, міністэрства замежных справаў, Сьледчага камітэту і генэральнай пракуратуры.
Генадзь Казакевіч падчас сустрэчы заявіў, што ні адзін факт згвалтаваньняў затрыманых у Беларусі падчас пратэстаў не пацьверджаны.
На старонцы прадстаўніцтва ААН у Беларусі выкладзены камэнтар прадстаўніцтва па гэтых перамовах: Ніякія абставіны не могуць служыць апраўданьнем катаваньняў або любых іншых формаў жорсткага абыходжаньня — заявілі прадстаўнікі ААН падчас размовы з прадстаўнікамі праваахоўных органаў Беларусі
Сталая каардынатарка ААН выказала занепакоенасьць маштабнымі і неабгрунтаванымі абмежаваньнямі свабоды мірных сходаў у краіне, затрыманьнем вялікай колькасьці мірных дэманстрантаў, празьмерным ужываньнем сілы супрацоўнікамі міліцыі пры затрыманьні, а таксама паведамленьнямі, якія працягваюць паступаць, аб катаваньнях і іншых формах жорсткага абыходжаньня з асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Акрамя таго, яна выказала занепакоенасьць абмежаванасьцю інфармацыі пра якія-небудзь крокі, зробленыя ўладамі для расьсьледаваньня меркаваных выпадкаў катаваньняў і іншых формаў жорсткага абыходжаньня або неправамерных дзеяньняў міліцыі.
Прадстаўнікі ААН адзначылі, што ніякія абставіны не могуць служыць апраўданьнем катаваньняў або любых іншых формаў жорсткага абыходжаньня. Яны падкрэсьлілі, што ўлады павінныя не перашкаджаць ажыцьцяўленьню правоў на свабоду выказваньня меркаваньняў і мірных сходаў, а таксама адзначылі, што мірных пратэстоўцаў і журналістаў не варта затрымліваць.
Прадстаўнікі ААН таксама папрасілі даць інфармацыю аб наяўнасьці якой-небудзь ацэнкі тактыкі, якая выкарыстоўвалася міліцыяй, у кантэксьце значнай колькасьці параненых і загінулых сярод пратэстоўцаў, а таксама аб наяўнасьці якой-небудзь ацэнкі стратэгій высьвятленьня асобы супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія не выкарыстоўваюць бачныя бэджы зь імёнамі або асабістыя нумары на форменнай вопратцы.
Сталая каардынатарка ААН у чарговы раз папрасіла арганізаваць наведваньне двух месцаў утрыманьня пад вартай у Менску з мэтай азнаямленьня з умовамі ўтрыманьня ў іх.