1 кастрычніка «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і рэдакцыі незалежных мэдыя выступілі з супольнай заявай у сувязі зь ціскам на партал Tut.by і абмежаваньнем доступу да незалежных сайтаў.
«Ціск на Tut.by і абмежаваньне доступу да незалежных сайтаў, якое таксама ажыцьцяўлялася па рашэньнях Міністэрства інфармацыі, зьяўляюцца грубым парушэньнем свабоды выказваньня думкі, якую гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Перашкоды ў дзейнасьці найбольш папулярных СМІ ў Беларусі ня толькі парушаюць свабоду журналісцкай дзейнасьці, але і абмяжоўваюць права кожнага на атрыманьне інфармацыі пра сытуацыю ў краіне, дэманструюць пагарду да грамадзян краіны», — гаворыцца ў заяве.
У ёй БАЖ і рэдакцыі СМІ
- заклікаюць Міністэрства інфармацыі адклікаць пазоў аб спыненьні выпуску сеткавага выданьня «Tut.by» і адмяніць рашэньне аб прыпыненьні яго выпуску;
- патрабуюць адмены рашэньня аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, якія асьвятлялі сацыяльна-палітычныя праблемы ў Беларусі, а таксама адмены перашкодаў у выпуску і распаўсюдзе незалежных друкаваных СМІ;
- выступаюць за неадкладнае спыненьне перасьледу журналістаў і СМІ за іх прафэсійную дзейнасьць і за безумоўную адмену неканстытуцыйных абмежаваньняў свабоды слова ў Беларусі.
Пад заявай падпісаліся:
- ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
- Onliner.by
- «Наша ніва»
- Інтэрнэт-часопіс пра Менск CityDog.by
- Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН
- «Эўрапейскае радыё для Беларусі»
- «Радыё Свабода»
- «БелГазета»
- «Свабодныя навіны плюс»
- «Ежедневник»
- «Новы Час»
- REFORM.by
- «Салідарнасць»
- Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмэдыя»
Сумесная заява адкрытая для далучэньня рэдакцый, адзначае БАЖ. Заяву накіруюць у Міністэрства інфармацыі і іншыя дзяржаўныя органы Беларусі.