Эўразьвяз ухваліў выкарыстаньне экспрэс-тэстаў на каранавірус, якія могуць даць вынікі за 15 хвілінаў і каштаваць каля 20 даляраў у эквіваленце.
Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg. Хуткае тэставаньне можа дазволіць хутчэй справіцца з наступствамі другой хвалі каранавіруснай інфэкцыі.
Ухвалены тэст заснаваны на вызначэньні вірусных бялкоў антыгенаў і менш дакладны, чым распаўсюджанае цяпер ПЦР-тэставаньне. Паводле распрацоўнікаў, ён вызначае захворваньне каранавіруснай інфэкцыяй у 93,5 працэнтах выпадкаў, а яго адсутнасьць — у 99,3 працэнтах.
Аднак менш дакладнае тэставаньне можа быць перавагай экспрэс-мэтодыкі, а не яго недахопам. Дагэтуль The New York Time пісала, што занадта дакладныя тэсты могуць значна перагружаць мэдыцынскую сыстэму праз тое, што здаровыя людзі са сьлядамі інфэкцыі дыягнастуюцца як хворыя.
Да канца году Эўропа павінна атрымаць яшчэ два хуткіх тэсты. Гэта можа дапамагчы эўрапейскім краінам праводзіць апэратыўнае тэставаньне, напрыклад, у аэрапортах. Два дні таму такую паслугу прапанаваў кліентам амэрыканскі перавозчык United, паведамляў тэлеканал CNN.
У краінах Эўразьвязу адзначаецца рэзкі рост паказчыкаў захворваемасьці каранавіруснай інфэкцыяй COVID-19. Колькасьць хворых і шпіталізаваных вяртаецца на ўзровень вясны, калі ў многіх краінах былі ўведзеныя жорсткія абмежавальныя меры.
Усяго ў сьвеце, па дадзеных амэрыканскага Унівэрсытэту імя Джона Хопкінса, з пачатку пандэміі захварэлі 33 мільёна 982 за тысячу чалавек. Больш за мільён — памерлі.