Сёньня ў Брусэлі пачынаецца двухдзённы саміт лідэраў Эўразьвязу ў рамках так званай Эўрапейскай рады. Радыё Свабода атрымала праект рэзалюцыі ў справе Беларусі.
Карэспандэнт Свабоды ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк паведамляе, што ў кулюарах ёсьць перакананьне, што сёньня вечарам Кіпр падтрымае санкцыі супраць Беларусі.
Таксама сёньня вечарам чакаецца дыскусія вакол пытаньня, ці ўключаць Аляксандра Лукашэнку ў санкцыйны сьпіс.
Калі санкцыям будзе дадзена залёнае сьвятло, іх прыняцьце чакаецца на наступным тыдні.
У рэзалюцыі аб Беларусі, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца:
«19. Эўрапейская рада асуджае непрымальны гвалт з боку беларускіх уладаў супраць мірных дэманстрантаў, а таксама запалохваньне, адвольныя арышты і затрыманьні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, вынікі якіх яна не прызнае.
Эўрапейская рада цалкам падтрымлівае дэмакратычнае права беларускага народу абіраць свайго прэзыдэнта з дапамогай новых свабодных і справядлівых выбараў бяз вонкавага ўмяшаньня.
Эўрапейская рада заклікае ўлады Беларусі пакласьці канец гвалту і рэпрэсіям, вызваліць усіх затрыманых і палітычных зьняволеных, паважаць свабоду СМІ і грамадзянскай супольнасьці і пачаць ўсёабдымны нацыянальны дыялёг.
Рада згодная з неабходнасьцю ўвядзеньня абмежавальных мер і заклікае да неадкладнага прыняцьця рашэньне пра санкцыі.
20. Што тычыцца Беларускай атамнай электрастанцыі «Астравец», Эўрапейская рада зноў падкрэсьлівае важнасьць забесьпячэньня ядзернай і экалягічнай бясьпекі».
Напярэдадні ў Кангрэс ЗША кангрэсмэнамі з Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый быў пададзены законапраект аб абнаўленьні Акту аб дэмакратыі ў Беларусі ад 2004 году і ўвядзеньні санкцый супраць кіраўнікоў Беларусі, адказных за парушэньне правоў чалавека, і чальцоў іх сем’яў, а таксама расейцаў, якія дапамагаюць кіраўніцтву Беларусі ў задушэньні свабодаў. Новая рэдакцыя Акту заклікае падтрымліваць беларускія СМІ, найперш беларускамоўныя, і адукацыю ў Беларусі, таксама найперш беларускамоўную.