Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША прапанавалі праект пашырэньня Акту аб дэмакратыі ў Беларусі: санкцыі да кіраўнікоў Беларусі, членаў іх сем'яў і да Расеі


Будынак Кангрэсу ЗША
Будынак Кангрэсу ЗША

6 кангрэсмэнаў (3 рэспубліканцы і 3 дэмакраты) унесьлі ў Палату прадстаўнікоў ЗША законапраект пра зьмены ў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі».

Акт 2004 году прадугледжваў увядзеньне санкцыяў супраць беларускага рэжыму і дапамогу НДА і незалежным СМІ, якія выступаюць у абарону дэмакратыі і правоў чалавека.

Сярод ініцыятараў законапраекту «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі» — рэспубліканец Крыстафэр Сьміт, які быў адным з ініцыятараў «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» у 2004 годзе.

1 кастрычніка пройдзе першы разгляд законапраекту ў камітэце міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў па міжнародных адносінах.

Тэкст законапраекту апублікаваны на сайце Кангрэсу.

Калі законапраект будзе прыняты, то на працягу 120 дзён дзяржсакратар і кіраўнік нацыянальнай выведкі ЗША павінны даць справаздачу аб пагрозе сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі з боку Расеі. Яшчэ адзін даклад — аб маёмасьці Аляксандра Лукашэнкі — павінен быць падрыхтаваны міністрам фінансаў ЗША, дзяржсакратаром і кіраўніком выведкі на працягу 90 дзён.

У законапраекце гаворыцца, што беларускія ўлады на чале з Аляксандрам Лукашэнкам працягваюць парушаць правы чалавека і асноўныя прынцыпы дэмакратыі, у тым ліку шляхам фальсыфікацыі парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, перасьледуюць і арыштоўваюць палітычных актывістаў і мірных пратэстоўцаў, ціснуць на незалежныя СМІ і журналістаў, абмяжоўваюць доступ да інтэрнэту, працягваюць кампанію рэпрэсій супраць НДА, прафсаюзаў і прадпрымальнікаў.

Законапраект прапаноўвае шэраг захадаў дзеля падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, адукацыі на беларускай мове і беларускамоўных мэдыя, а таксама санкцыі як супраць беларускіх чыноўнікаў, гэтак і супраць грамадзян Расеі, якія маюць дачыненьне да здушэньня паслявыбарчых пратэстаў і да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Каб законапраект прынялі, яго павінны ўхваліць тры камітэты Палаты прадстаўнікоў (міжнародных адносін, фінансавых паслуг і юрыдычны), Палата прадстаўнікоў у поўным складзе, Сэнат і прэзыдэнт ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG