Найстарэйшае Польскае этналягічнае таварыства, заснаванае ў 1895 годзе, выступіла з адкрытым лістом да беларускіх навукоўцаў і студэнтаў, у якім выказала салідарнасьць зь беларускай акадэмічнай супольнасьцю.
«Брутальны фізычны гвалт, зьбіцьцё і арышты, уварваньні ўзброеных атрадаў на тэрыторыю ўнівэрсытэтаў, абмежаваньне магчымасьцяў навукі і працы — усё гэта мы назіраем ад пачатку навучальнага году ў беларускіх акадэмічных інстытуцыях па ўсёй краіне.
Гэта тым больш абуральна, што сэнс існаваньня такіх інстытуцый якраз у свабодзе навуковага пошуку і абмену думкамі. Яны ствараліся дзеля дыскусій з дапамогай аргумэнтаў, а не міліцэйскіх дубінак», — гаворыцца ў лісьце.
У ім таксама адзначаецца, што Польскае этналягічнае таварыства «з пачуцьцём шчырага захапленьня» назірае за мірным змаганьнем беларусаў за праўду і свабоду, «за права самастойна вырашаць лёс як усяго краю, так і свой уласны», выказвае ім салідарнасьць і падкрэсьлівае, што верыць у перамогу беларусаў: у тое, што яны «прымусяць сысьці былога прэзыдэнта», вызваляць усіх палітвязьняў і арганізуюць новыя, вольныя і справядлівыя выбары.
«Сёньня вы паказваеце ўсяму сьвету, як захаваць чалавечую і грамадзянскую годнасьць у сутыкненьні зь бязьлітаснай уладай узурпатара, якая ня толькі растаптала дэмакратыю, але таксама выступіла супраць правоў чалавека і ўсяго народу», — адзначаецца ў лісьце.