Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія навукоўцы выказалі салідарнасьць зь беларускімі студэнтамі і выкладчыкамі, якія цярпяць ад рэпрэсій


Студэнты МДЛУ ля прыёмнай рэктара
Студэнты МДЛУ ля прыёмнай рэктара

У Свабоду прыйшоў адкрыты ліст да беларускай акадэмічнай супольнасьці ад навуковай рады, дырэкцыі і супрацоўнікаў Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук.

«Зьвяртаемся, каб выказаць шчырую салідарнасьць са студэнтамі, прадстаўнікамі навуковых асяродкаў у Беларусі, якія пратэстуюць супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і зазнаюць брутальныя рэпрэсіі. З часоў Сярэднявечча ўнівэрсытэты зьяўляюцца супольнасьцямі настаўнікаў і вучняў, якіх яднае навуковы пошук праўды. Як і іншыя навуковыя інстытуты, яны павінны быць месцам крытычных дыскусій і свабоднага абмену думкамі, а таксама грамадзянскай адказнай працы дзеля грамадзтва і краю», — гаворыцца ў звароце.

Менавіта гэтае імкненьне да праўды, да вырашэньня актуальных сацыяльна-палітычных праблемаў зьяўляецца галоўным матывам удзелу шматлікіх прадстаўнікоў акадэмічных асяродкаў у агульнакраёвых і, безумоўна, справядлівых пратэстах, працягваюць падпісанты.

Улада, якая ня толькі адмаўляе дыялёг з народам, але адкрыта выступае супраць закону і маралі, якая зьбівае, гвалціць і кідае ў турмы мірных пратэстоўцаў, у тым ліку акадэмічную моладзь і вучняў школаў, публічна дэманструе свой узурпатарскі характар.

«Прыйдзе дзень, калі вінаватыя ў гвалце стануць перад судом і будуць пакараныя. Усеагульны грамадзкі ціск, разважлівыя дзеяньні беларусаў, у тым ліку сяброў акадэмічнай супольнасьці, яго набліжаюць. Разам патрабуем спыненьня гвалту, новых свабодных выбараў без фальсыфікацый, вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Захапляемся вашай мужнасьцю і стойкасьцю ў барацьбе за праўду, годнасьць і вольнасьць, за справядлівую дзяржаву і сумленную ўладу, за прынцыпы дэмакратыі і правы чалавека. Ваша мірная барацьба супраць гвалту выклікае нашую глыбокую павагу», — адзначаецца ў супольным звароце.

Яднаемся пад лёзунгам «Верым, можам, пераможам» і становімся побач у ланцугу салідарнасьці, падсумоўваюць польскія навукоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG