Беларускі мадэльер Саша Варламаў, які цяпер жыве ў Нямеччыне, у інтэрвію ўкраінскаму агенцтву УНІАН расказаў пра скандальныя дэталі асабістага жыцьця Аляксандра Лукашэнкі, пра тое, як мадэльныя агенцтвы пастаўлялі дзяўчат для кіраўніка Беларусі, назваў імёны многіх высокапастаўленых асобаў, уцягнутых у гэты працэс.
Свабода пагутарыла з Варламавым і паспрабавала атрымаць камэнтары ад згаданых мадэльерам асобаў.
Прапануем фрагмэнт размовы з Сашам Варламавым.
Сьцісла
- Я займаўся модай. Яны спрабавалі модай закрыць прастытуцыйную сутнасьць.
- Мне трэба было раптам забясьпечваць ягоныя кантакты з Лукашэнкам праз гэтых дзяўчат, якіх ён запрашаў у лазьню. Для мяне гэта было разбурэньнем аднаго зь мітаў.
- Лукашэнка не разумее, што робіць? Што яго атачэньне, тыя ж Эйсманты, тыя, хто ведае нашмат болей за мяне? Той жа Казулін, які ведаў нашмат болей за мяне, і ўсе астатнія, хто яго атачае?
- Патрыярхат, матрыярхат — гэта слоўныя клішэ. Ёсьць дыктатура. Яна можа паходзіць і ад мужчыны, які знаходзіцца ва ўладзе, так і ад жанчыны. Жанчыны больш жорсткія, чым мужчыны.
- Лукашэнка страціў кантроль, у яго няма сувязі з рэальнасьцю. Я не ўяўляю яго ў судовай залі на лаве падсудных.
«І куды мне было падзецца?»
— Журналісты чакалі, калі зьявяцца такога кшталту падрабязнасьці. З аднаго боку, гэта было відавочна, з другога боку, не зьяўлялася пэрсаніфікаванай інфармацыі — гэта небясьпечна, найперш; па-другое, той, хто раскажа, скампрамэтуе самога сябе, бо ён таксама ўцягнуты ў працэс; а спраўдзіць гэтую інфармацыю ў другога боку практычна немагчыма. Мы з вамі гутарылі гадоў шэсьць таму, пасьля таго як вы выйшлі з турмы. Тады вы пра гэта не гаварылі. Перад выбарамі выйшла расьсьледаваньне «Белсату» пра асабістае жыцьцё Лукашэнкі, у якім вы расказалі шмат падрабязнасьцяў, але далёка ня ўсе. І цяпер выйшла інтэрвію ўкраінскаму агенцтву, дзе зьявіліся новыя падрабязнасьці і прагучалі імёны вядомых асобаў.
— У мяне былі свае пляны, але я пайшоў пад дах БДУ для таго, каб рэалізаваць праект, які, напэўна, нельга было рэалізаваць больш нідзе. Усё складалася, а потым выявілася... Для мяне гэта было дзіўна: няўжо ты ня можаш сваімі сіламі абысьціся? Маючы БДУ, столькі студэнтак... (гаворка пра колішняга рэктара БДУ Аляксандра Казуліна. — РС). Мне трэба было раптам забясьпечваць ягоныя кантакты з Лукашэнкам праз гэтых дзяўчат, якіх ён запрашаў у лазьню. Для мяне гэта было разбурэньнем аднаго зь мітаў, якія ў мяне былі ў свой час. Гэта было фіяска ў маім стаўленьні да Казуліна. Я перастаў да яго добра ставіцца. Як так можна? Так нельга. Я, вядома, запрасіў адну... І мне ўжо позна кудысьці ехаць, і мне ўжо было немагчыма закрыць свой праект, таму што пад дахам БДУ ішло фінансаваньне, усё раскручана было.
І куды мне было падзецца? Вось і прышлося згадаць нейкія старыя прозьвішчы, імёны. Нічога страшнага не было, па вялікім рахунку. Ніхто нікога ня гвалціў. Дзяўчаты, калі іх можна так назваць, сказалі — добра, паедзем павесялімся. Ну і павесяліліся. Адна зь іх вучыла хадзіць ахоўнікаў «ад сьцягна», як па подыюме. Там усе сьмяяліся. Мне было не да сьмеху. Я пераступаў уласныя маральныя межы. Па-за подыюмам рабі што хочаш. Але на подыюме ты мадэль. Нельга зьмешваць усё ў адну кучу.
«Няма таямніцы на гэтай зямлі»
— Вы назвалі ў інтэрвію ўкраінскаму СМІ прозьвішча Канаплёва, прозьвішчы трох чалавек зь сям’і Эйсмант, сямʼю Смаляк, Абельскую ды іншых. Можа быць помста з боку ўлады, можа быць пэўная адказнасьць і для вас, таму што вы, хай і вымушана, выконвалі ролю зводніка, бо вашыя мадэлі ішлі, як вы кажаце, у прэзыдэнцкія лазьні?
— Не мае мадэлі ішлі.
— Ня вашыя, але нейкім чынам гэта адбывалася праз вас. Вас могуць скампрамэтаваць, могуць сказаць, што гэтак вы помсьціце за арышт, за тое, што нечага не атрымалі. Чаму вы, нягледзячы на ўсе гэтыя рызыкі, пайшлі на гэта?
— Таму што няма таямніцы на гэтай зямлі. Усё тайнае заўсёды становіцца яўным. Калі гэта подласьць, трэба казаць, што гэта подласьць. Годзе... Калі гэта Лукашэнка, ён што, не разумее, што робіць? Што яго атачэньне, тыя ж Эйсманты, тыя, хто ведае нашмат больш за мяне? Той жа Казулін, які ведаў нашмат больш за мяне, і ўсе астатнія, хто яго атачае, уся гэтая чыноўная зграя — яны што, ня ведаюць, што адбываецца? Дык чаму я павінен саромецца называць рэчы сваімі імёнамі? Я павінен яшчэ баяцца... Я ўжо ня ў тым узросьце, каб баяцца, што са мной нешта адбудзецца. Ня ў іхнай уладзе вырашаць, колькі мне жыць, дзе і як.
«Узялі інтэрвію, але праз дзень-два пазванілі і сказалі, што ня хочуць, каб гэтая інфармацыя абнародавалася»
— Вы казалі ўкраінскім журналістам пра шчодрыя, так бы мовіць, кампэнсацыі, гарантаваныя ўдзельніцам конкурсаў прыгажосьці — кватэры, машыны, высокія заробкі да 2 тысяч даляраў на месяц. Як вы думаеце, ці гарантуе гэта маўчаньне? Мы ведаем шмат гісторый у заходнім сьвеце, калі непрыгожыя эпізоды з жыцьця вядомых людзей станавіліся вядомыя праз 10, 20 і 30 гадоў. Які ваш прагноз? Ці можна чакаць прызнаньняў ад тых жанчын, якія цяпер на высокіх пазыцыях дзякуючы, як мяркуецца, асабістым стасункам?
— Сёлета ў чэрвені я пайшоў на першае інтэрвію, да мяне зьвярнуліся зь «Белсату». У Бэрліне ў студыі зьнялі інтэрвію. У мяне быў такі першы эмацыйны выхад энэргіі пасьля доўгага маўчаньня. Пасьля журналісты «Белсату» сустракаліся з тым жа Казуліным. Казулін усё гэта пацьвердзіў і даў дадатковыя адрасы, імёны, пра якія я проста ня ведаў. «Белсат» паехаў туды, узялі інтэрвію.Журналісты знайшлі дадатковыя адрасы, імёны, пра якія я проста ня ведаў. «Белсат» паехаў туды, узялі інтэрвію. Людзі расказвалі, але праз дзень-два пазванілі і сказалі, што ня хочуць, каб гэтая інфармацыя абнародавалася. Людзі баяцца. Людзі баяцца таго, што нешта зь імі зробяць, зь іх семʼямі.
Я адзін... Калі хочуць са мной паквітацца, хай прыяжджаюць, знойдуць. І што? Калі Богу будзе трэба, адбудзецца так, калі не — то не. Хопіць ужо мне баяцца ў гэтым жыцьці.
— Алег Алкаеў, былы кіраўнік расстрэльнай каманды, былы начальнік «Валадаркі», які цяпер, як і вы, жыве ў Нямеччыне, казаў, што калі зьменіцца ўлада, як мінімум 30 чалавек стануць у чаргу, каб даць паказаньні ў справе зьніклых. Калі ў Беларусі зьменіцца ўлада, колькі чалавек будуць стаяць у чарзе — калі не ў пракуратуру, то на інтэрвію розным СМІ, — каб расказаць пра тое, як забясьпечвалася асабістае жыцьцё кіраўніка Беларусі?
— Палова краіны. Яны памяняюць маскі. І тыя, хто атрымліваў грошы ад Лукашэнкі, стануць у чаргу, каб атрымліваць грошы ад іншага чалавека.
— Я маю на ўвазе ў гэтым выпадку арганізацыю асабістага жыцьця Аляксандра Лукашэнкі.
— Ня маю ўяўленьня. Хочаце расьсьмяшыць Бога, раскажыце пра свае пляны. Супраць лома няма прыёму, калі няма іншага лома. Лукашэнка — гэта лом, і яго можа скалупнуць толькі другі моцны лом. Я не палітык, але я бачу, што адзіны чалавек, які можа гэта зрабіць, — Пуцін.
«Мне давялося двойчы гэта зрабіць. Але, прабачце, там таксама не было ніякага гвалту»
— Цяпер у Беларусі адбываюцца крэатыўныя жаночыя акцыі, у тым ліку супраць праяваў патрыярхату, пра якія вы расказалі. Патрыярхат — гэта і той, хто карыстаецца, і той, хто аддае сваё цела наўзамен за карʼеру, грошы ці што яшчэ. Вы разумееце, што вы з мадэльнымі агенцтвамі, моднымі паказамі таксама былі часткай гэтага патрыярхату?
— Патрыярхат, матрыярхат — гэта нейкія слоўныя клішэ. Ёсьць панятак — дыктатура. Яна можа паходзіць і ад мужчыны, які знаходзіцца ва ўладзе, так і ад жанчыны. Жанчыны больш жорсткія, чым мужчыны. Гэта прырода такая. Жанчына павінна абараніць сваё дзіця. Яшчэ 15–20 гадоў таму я казаў, што Беларусь — гэта краіна, дзе жанчына найхутчэй прыйдзе да ўлады. Я не кажу, што Ціханоўская. Ціханоўская не кіраўнік. Яна цікавая, добрая, мілая жанчына, але яна не кіраўнік. Ёсьць жанчыны-кіраўнікі. Я ведаю, што жанчыны сьмялейшыя, больш арганізаваныя. Беларусь — жаночая краіна, і мне ня дзіўна, што цяпер жанчыны ідуць, бо ведаюць, што да іх ня будуць ставіцца з такой жорсткасьцю, як да мужчын.
Вы можаце мне выставіць пэўныя прэтэнзіі. Напэўна, ёсьць пэўныя падставы. Я таксама быў не заўсёды ідэальны. Далёка не ідэальны. Я жывы чалавек. Адзінае, што я не пераступаў нейкія межы... Мне давялося двойчы гэта зрабіць. Але, прабачце, там таксама не было ніякага гвалту. Я проста запрасіў сваіх знаёмых і сказаў, калі ласка... Чаму Нагорны ня прызнаецца ў тым, што ён пастаўляў і пастаўляе туды народ? Чаму Тамара Ганчарова не прызнаецца? Што ў іх, сумленьня не хапае? Калі цяпер разьбіраць Нагорнага, Тамару, Ліку Ялінскую, атрымаецца памыйнае вядро. Пачнуцца плёткі. Я не хачу пра гэта гаварыць.
«Я займаўся модай. Яны спрабавалі модай закрыць прастытуцыйную сутнасьць»
— Можаце патлумачыць, як стваралася і як дзейнічае служба пратаколу Адміністрацыі прэзыдэнта?
— Я ўсё гэта расказаў... Калі стваралася Нацыянальная школа прыгажосьці, сама ідэя была чыстая. Гэта быў новы цэнтар моладзевай моды, такая мая ідэя была. Зь яго хацелі зрабіць прытон. Потым першую кіраўніцу зьмянілі, Ялінскую не паставілі, бо ў яе дыплёма не было і ўсе ведалі, хто яна. Сярожнікава стала на чале. Дзякуй Богу, яна ўмудрылася выйсьці замуж і зьехаць. Многія пра яе добра гавораць, але яна таксама прайшла праз гэтую тарку-мясарубку. Але людзі мяняюцца. Чаму шчыра не сказаць, што ў маёй гісторыі была гэтая непрыемная сытуацыя, і цяпер я іншая? Усё гэта было, усё гэта адбывалася. Яна ўзначальвала, яна была правадніком у ложак Лукашэнкі. І дзяўчаты гэтыя, якія падпісвалі дамову на два гады з усімі ўмовамі... Я займаўся модай. Яны спрабавалі модай закрыць прастытуцыйную сутнасьць.
— Што вы ведаеце цяпер пра тое, як працуе гэтая служба? Як адбываецца адбор, якія падпіскі даюцца?
— Я перакананы, што ўсё адбываецца тое самае. Мне пішуць некаторыя людзі, якія там працуюць. Яны шчыра гэта называюць «гадзючнікам». Няма ніякіх зьменаў і зрухаў. Гэта ўсё дзейнічае. Функцыянуе.
— Марыя Васілевіч, дэпутатка парлямэнту, адной зь першых заканадаўчых ініцыятываў абвясьціла ўпарадкаваньне мадэльнага бізнэсу. У выніку Міністэрства працы пастановай ад 20 студзеня пашырыла сьпіс відаў працы, якімі можа займацца моладзь ва ўзросьце ад 14 да 16 гадоў. Цяпер у сьпісе ёсьць мадэльны бізнэс. Што гэта можа значыць?
— Гэта несвабодная краіна. Гэта значыць, што ўсе, хто хоча працаваць у модзе, павінны прайсьці «на экранчик через диванчик», як раней казалі.
— Калісьці адзін з чыноўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта ў інтэрвію Свабодзе пра набліжаных да Лукашэнкі прыгожых жанчын на высокіх пасадах сказаў, што людзі вельмі памыляюцца, калі лічаць, напрыклад, тую ж Пяткевіч каханкай прэзыдэнта, што насамрэч яму падабаюцца толькі вельмі маладыя жанчыны. Што вы ведаеце пра гэта?
— Зразумела, ведаю. Натальля Пяткевіч — вельмі разумная жанчына. Яна была першай намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Каб яна была дурная, там бы не была.
— Калі б у вас была дачка, ці дазволілі б вы ёй, ці параілі б ёй стаць мадэльлю?
— Мадэль — гэта не прафэсія. Мадэль — гэта эпізод. Там, дзе я жыву, ніхто не імкнецца стаць прафэсійнай мадэльлю. Гэта эпізод, калі можна падзарабіць грошай, каб наняць кватэру, заплаціць за вучобу, нешта купіць. Падпрацавала — і далей займаесься сваёй прафэсіяй. Прафэсія мадэлі? Зь лёгкай рукі Вэрсачэ яны сталі супэрмадэлямі, гэта стаў бізнэс, вялікія грошы. У мяне вучыліся дзеці маіх сяброў. Яны выходзілі на сцэну, рабілі гэта для сябе, каб адчуваць сябе ўпэўнена, умець трымаць сябе. Гэта магчыма. Але быць у суправаджэньні? Займацца эскортам? Ёсьць людзі, якія гэта любяць. Казаць, што гэта ўсім нельга? Ёсьць людзі, якія вельмі гэта любяць.
— Быць эскортам ці мець эскорт?
— Ёсьць такія людзі, якім падабаецца пераходзіць з ложка ў ложак. Няслушна казаць, што гэта ня людзі. Яны таксама маюць права займацца сваёй любімай справай. Але пры чым тут мода? Мне незразумела, чаму худасочныя 14-гадовыя качаняты, «сіненькія», «зялёненькія», яшчэ «бязь пёраў»... Мне незразумела, якую прыгожую сукенку можна адзець на хадзячы шкілецік. Для таго каб што выклікаць у мужчын? Гэта пэдафільства. Жанчына становіцца прыгожай, калі яна сасьпявае. А адзяваць падлеткаў, грыміруючы іх пад дарослых? Гэта новая Лаліта Набокава?
У мяне былі паказы ў Нямеччыне ў Галерэі Ляфает. Пасьля аднаго паказу падышла журналістка і сказала, што ўсё было цудоўна, вашы дзеці цудоўныя, але хачу даць вам параду — нельга фарбаваць дзяцей як дарослых, вы не павінны іх упрыгожваць біжутэрыяй як дарослых, таму што можна выставіць прэтэнзіі ў прапагандзе дзіцячай прастытуцыі.
«Шэксьпіра пачытайце. І сыны гэта могуць зрабіць, каб сябе „адмазаць“»
— Ці сустракаліся вы з Аляксандрам Лукашэнкам асабіста, гаварылі зь ім?
— Не. Мы паглядзелі адзін на аднаго твар у твар падчас паказу ў Палацы Рэспублікі з нагоды 8 сакавіка. Ён глядзеў на мяне, я стаяў за кулісамі і таксама глядзеў, хто каго перагледзіць. Я не ўсьміхаўся, не ківаў, я стаяў і думаў: ну і мярзотнік жа ты. Ён першы вочы адвёў...
— Чым вы можаце патлумачыць такі лад жыцьця, тое, што вам вядома, з пункту гледжаньня псыхалёгіі?
— Калі ён стаў прэзыдэнтам, ягонае атачэньне выцягнула зь яго гэтыя гадкія рэчы. Было б у яго іншае атачэньне, можа, інакш было б. Усёдазволенасьць... Заўсёды трэба чалавека правяраць на прагу ўлады...
— А ў стасунках з жанчынамі?
— Гэта працяг улады. Уладу над мужчынамі ён мае, ён ім плаціць, яны бегаюць і ахоўваюць яго. Скончацца грошы — яны яго «прыстрэляць». Калі смажаны певень дзеўбане і ягонае атачэньне зразумее, што яму хана, яны яго першыя «прышыюць». Шэксьпіра пачытайце. І сыны гэта могуць зрабіць, каб сябе «адмазаць» потым. Ён сярод ворагаў. Хіба ён гэтага не разумее? Што кожны, нават ягоны Коля, якога ён не хацеў... Я ня ўпэўнены, што Лукашэнку будуць судзіць. Толькі пасьмяротна...
— Білу Клінтану кароткая інтрыга з Монікай Левінскі ледзь не каштавала прэзыдэнцтва. У Беларусі, хоць пра гэта публічна не гавораць, але на кожнай кухні абмяркоўваецца, хто мама Колі, што такое служба пратаколу, чаму чарговую маладую дзяўчыну пабачылі побач з кіраўніком на афіцыйным мерапрыемстве. Але ніводнага афіцыйнага расьсьледаваньня, абвінавачваньня, скандалу на ўзроўні запыту парлямэнту, пракуратуры і гэтак далей. Ці вы ня думалі аб працягу вашага аповеду ў гэтым ключы — ініцыяцыі расьсьледаваньня як маральнага аблічча, так і нямэтавага расходаваньня бюджэтных сродкаў?
— Гэта ўсё малаімаверна. Гледзячы па ўсім, дарогі назад у яго няма. Ён страціў кантроль, у яго няма сувязі з рэальнасьцю. Я не ўяўляю яго ў судовай залі на лаве падсудных. У гэтай драматургіі я бачу вельмі сурʼёзны драматычны фінал. Трагічны фінал. Я бачу кроў у канцы.
— Чым вы цяпер займаецеся ў Нямеччыне? Ці ў бясьпецы вы? Ці ёсьць у вас на што жыць, ці маеце магчымасьць прафэсійнай рэалізацыі?
— Я не магу займацца сваёй прафэсіяй, бо сусьветная мода накрылася медным тазікам. Я жартую, але папраўдзе гэта так. Мая беларуская пэнсія — 50 даляраў. Гэта немагчыма. Я вэтэран працы, 38 гадоў працаваў...
Мне патрэбен быў час пераацаніць сябе, усё, што я рабіў. Цяпер у мяне кніга на нямецкай мове выходзіць. «Недзіцячыя казкі». Дзьве кнігі ў накідах, некалькі гадоў буду працаваць на імі яшчэ. Мне тут дастаткова спакойна. Адзінока. Але адзінота, я дакладна ведаю, гэта не для слабых людзей.
Тамара Ганчарова: Выказваньні спадара Варламава пра дзейнасьць майго агенцтва — выдумка і хлусьня
Свабода зьвярнулася па камэнтар да многіх асобаў, згаданых Сашам Варламавым у інтэрвію. Пакуль мы атрымалі адказ толькі ад Тамары Ганчаровай, кіраўніцы мадэльнага агенцтва «Тамара»:
«Маё прыватнае агенцтва ніякім чынам не зьвязана са службовым пратаколам Адміністрацыі прэзыдэнта. Выказваньні спадара Варламава пра дзейнасьць майго агенцтва — выдумка і хлусьня».
Казулін у 2006-м: «Прыватнае жыцьцё палітыка павінна быць навідавоку»
Паводле аповеду Аляксандра Варламава, пасярэднікам быў тагачасны рэктар БДУ Аляксандар Казулін, які прапанаваў Варламаву, чый цэнтар моды знаходзіўся ў структуру БДУ, знайсьці мадэляў, якія пойдуць у «прэзыдэнцкую лазьню». Сам Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта і былы палітвязень, у размове са Свабодай назваў гэта «фантазіямі мадэльера», які «са сьвечкай не стаяў». Казулін сказаў, што пра асабістае жыцьцё Лукашэнкі ён выказаўся яшчэ ў перадвыбарчым тэлевыступе ў часе прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году , і што час даваць інтэрвію яшчэ не прыйшоў.
Вось фрагмэнт перадвыбарчага тэлевыступу Аляксандра Казуліна:
«Я прыйшоў сюды са сваёй любімай жонкай, Ірынай Іванаўнай Казулінай. Хацеў прадставіць яе вам, сваім патэнцыйным выбарнікам. Паказаць, якая ў мяне цудоўная жонка. Мы зь ёй пражылі дваццаць восем шчасьлівых гадоў і пражывём яшчэ столькі, колькі Бог дасьць. Але мне не дазволілі вам яе тут прадставіць. Я хацеў, каб вы пераканаліся, якая ў нас уладкаваная сям’я. А не як у некаторых... За ўсе дванаццаць гадоў мы першую лэдзі так і не пабачылі ні па тэлевізіі, ні на сьвятах, ні на афіцыйных прыёмах. Дый не сакрэт для многіх, што сёньняшні кіраўнік дзяржавы жыве зь іншай жанчынай і мае ад яе сына — падарунак да свайго 50-годзьдзя. Дый пра грамадзянскую цешчу — былога міністра аховы здароўя — гаворак шмат, вельмі шмат. Ну ды хай Бог іх судзіць. Прыватнае жыцьцё палітыка павінна быць навідавоку. Каб табе людзі давяралі, каб яны ведалі, што ты не маньяк, здаровы і, калі прыйдзеш да ўлады, будзеш паводзіць сябе годна, па-чалавечы».
Аўтар расьсьледаваньня на «Белсаце»: Пагутарыць з намі пагаджаліся людзі, якія мелі ўваход у найвышэйшыя кіроўныя колы краіны
Вось што сказаў аўтар расьсьледаваньня на «Белсаце» Стась Івашкевіч пра тое, як ён працаваў з гэтай тэмай:
— Гэта быў адзін з самых складаных выклікаў для нас як для журналістаў — знайсьці спікераў на перадачу аб жанчынах Лукашэнкі. Па-першае, цяжка было знайсьці таго, хто б нешта на гэтую тэму ведаў. І зусім нерэальным выглядала ўгаварыць іх на размову. Мая каляжанка, журналістка-расьсьледніца Вольга Ратмірава знайшла дзясяткі чалавек: некаторыя зь іх былі за мяжой, на некаторых немагчыма было знайсьці тэлефон і мы падпільноўвалі іх ля меркаванага месца жыхарства або працы. Зь іх пагадзілася з намі пагаварыць чалавек 6. Пад запіс — толькі двое. Абое жывуць за мяжой. Але, з пазытыўнага боку, мы былі ўражаныя тым, што пагутарыць з намі пагаджаліся людзі, якія мелі ўваход у найвышэйшыя кіроўныя колы краіны, і многія зь іх дагэтуль працуюць у сыстэме.
Наконт нашай сустрэчы з Казуліным, пра якую гаворыць Саша Варламаў, я ня ўпэўнены, адкуль ён узяў гэтую інфармацыю. Я такога пацьвердзіць не магу. Але, што тычыцца аповеду Варламава пра жанчын Лукашэнкі, мы сапраўды атрымалі пацьверджаньне многім ягоным словам (хоць і ня ўсім) з адной ці больш крыніц, якія ў сваім становішчы маглі мець доступ да гэтай інфармацыі.