Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве п’есу Курэйчыка пра жнівеньскія падзеі віталі: «Жыве Беларусь!»


Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык

Прэм’еру спэктакля вядомага беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка «Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)», пастаўленую ўкраінскім незалежным «Дзікім тэатрам», гледачы віталі воплескамі і выгукамі «Брава» і «Жыве Беларусь!».

Пастаноўку прэзэнтавалі сёньня ў Нацыянальным культурна-мастацкім комплексе «Мастацкі арсэнал» у Кіеве. У сувязі з эпідэміяй каранавірусу допуск гледачоў быў абмежаваны, але спэктакль трансьлявалі ў жывым эфіры на youtube-канале ўкраінскага тэатру.

Маналёгі, якія выконвалі ўкраінскія акторы, гучалі па-расейску і зь яскравым беларускім акцэнтам, характэрным для рэальных пэрсанажаў, вобразы якіх адлюстраваныя на падставе рэальных падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.

«Я за ўсё сваё жыцьцё не прыгадаю таго, што зараз адбываецца на вуліцах Менску. Гэта разьдзірае душу. Гэтая п’еса напісаная паводле рэальных падзеяў, пратэсту, які ўжо больш як месяц адбываецца ў Беларусі. Народ змагаецца ўжо 47 дзён», — сказаў Андрэй Курэйчык пасьля завяршэньня спэктакля.

Драматург расказаў пра першага загінулага ў часе беларускага пратэсту Аляксандра Тарайкоўскага, якога лічыць героем Беларусі:

«Яго застрэлілі гумовымі кулямі з мэталічнай абалонкай, тымі самімі кулямі, якія нельга выкарыстоўваць летам, бо гэта адмысловыя зімовыя кулі. Яго расстралялі ва ўпор, але крымінальную справу дагэтуль не завялі. Не завялі і крымінальныя справы па іншых семярых забітых, больш як 80 зьніклых бязь вестак і больш як 12 тысячах чалавек, якія прайшлі празь мясарубку турмаў і ізалятараў, дзе іх дапытвалі і катавалі».

Андрэй Курэйчык падзякаваў Украіне за салідарнасьць зь Беларусьсю:

«Я нават ня мог сабе ўявіць, што беларусы могуць так змагацца за свае правы. Для нас надзвычайна важна, што ёсьць падтрымка, падтрымка ўкраінцаў. Я ўдзячны „Дзікаму тэатру“, усім акторам і кожнаму, хто ўдзельнічаў у арганізацыі гэтага акту салідарнасьці. Я ўдзячны ўсім гледачам за тое, што вы прыйшлі, паглядзелі і нас падтрымалі», — падкрэсьліў Андрэй Курэйчык пасьля спэктакля.

«Улады фактычна за адзін дзень разагналі Купалаўскі тэатар, акторы якога заклікалі спыніць гвалт супраць мірных пратэстоўцаў. Два дні таму затрымалі аднаго з артыстаў Андрэя Дробыша і заслужаных артыстаў Беларусі ў Горадні. Там тэатар упершыню ў сваёй гісторыі спыніў спэктакль праз затрыманьні сваіх калегаў-актораў, і цяпер увесь рэпэртуар тэатру скасаваны на нявызначаны тэрмін. Так цяпер жыве наша краіна», — дадаў беларускі драматург.

Тэатральнае чытаньне п’есы «Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)» ужо адбылося ў 10 краінах сьвету і 40 тэатрах. Спэктакль перакладзены на ангельскую мову. Гэта апошняя частка трылёгіі. Першыя дзьве часткі — «Пакрыўджаныя. Расея» і «Пакрыўджаныя. Украіна» — выйшлі ў 2018 і ў 2019 гадах.

Першымі пляцоўкамі, дзе прайшлі прэзэнтацыі п’есы, сталі найбуйнейшыя тэатральныя фэстывалі Ўкраіны — «ГогольFest» і «Мельпомена Таврії», горад Хэрсон.

У Расеі адну з роляў у п’есе Андрэя Курэйчыка выканае акторка Лія Ахеджакава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG