Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматтысячнае шэсьце па праспэкце Незалежнасьці ў раёне парку Чалюскінцаў
Шматтысячнае шэсьце па праспэкце Незалежнасьці ў раёне парку Чалюскінцаў

Дзясяткі тысяч менчукоў выйшлі на марш пратэсту насуперак затрыманьням. Як прайшоў у Беларусі 50-ы дзень пратэстаў

абноўлена

Пасьля таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 23 верасьня заклікалі сёньня правесьці народную інаўгурацыю Сьвятланы Ціханоўскай, якую многія лічаць сапраўднай пераможцай выбараў 9 жніўня 2020 году.

18:22 27.9.2020

Дэманстранты ў Менску пачалі разыходзіцца

Частка людзей з калёны, якая дайшла да Нацыянальнай бібліятэкі, рухаецца далей на праспэкце Незалежнасьці, у бок Барысаўскага тракту, частка людзей павярнула на вуліцу Філімонава і Каліноўскага. Людзі пачынаюць разыходзіцца.

Рух па праспэкце Незалежнасьці ад станцыі мэтро «Ўсход» у бок МКАД не перакрыты, людзі працягваюць ісьці па праезнай частцы праспэкта Незалежнасьці ў бок Уручча, адначасова рухаецца і транспарт.

18:29 27.9.2020

Калёна ў Менску дайшла да Ўсходніх могілак

Нягледзячы на тое, што некаторыя разыходзяцца, значная частка людзей з дэманстрацыі пратэсту застаецца на праспэкце Незалежнасьці, пратэстоўцы ўжо дайшлі да Ўсходніх могілак. Людзі занялі палову праезнай часткі, пры гэтым павольна рухаецца і транспарт.

МУС тым часам прызнае затрыманьне «каля 200» пратэстоўцаў па ўсёй краіне. Праваабаронцам вядомыя імёны 92 затрыманых, сьпіс пастаянна дапаўняецца.

18:35 27.9.2020

Шматтысячны менскі марш у фота

18:48 27.9.2020

Людзей на дэманстрацыі ў Менску паменела

Удзельнікаў менскага маршу пратэсту стала меней: частка людзей пайшла далей у бок мэтро «Ўручча», частка вяртаецца ў цэнтар гораду, іншыя разыходзяцца. Стала цёмна, ідзе дождж. Транспарт па праспэкце Незалежнасьці ідзе па адной паласе, бліжэйшыя станцыі мэтро зачыненыя.

18:56 27.9.2020

Менск: людзі разыходзяцца, ва Ўруччы пачаліся затрыманьні

Калёна дэманстрантаў, пасьля таго як яе пакінула шмат удзельнікаў, дайшла да мэтро «Ўручча». Тут людзі пачалі актыўна разыходзіцца ў розныя бакі, перадае карэспандэнт Свабоды. У Менску стала цёмна, ідзе дождж.

Каля гандлёвага цэнтра «Спэктар» ва Ўруччы пачаліся затрыманьні, калі людзі пачалі разыходзяцца невялікімі групамі. Карэспандэнт Свабоды быў сьведкам некалькіх затрыманьняў. АМАП правярае ў людзей торбы і дакумэнты.

19:14 27.9.2020

Марш пратэсту ў Менску завяршыўся

На станцыі мэтро «Ўручча» калёна разышлася цалкам, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Байцы АМАП у шлемах і балаклавах затрымліваюць асобных удзельнікаў.

19:25 27.9.2020

«Ланцуг салідарнасьці» ў Горадні

Каля моладзевага цэнтру «Галяктыка» некалькі чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ўтварылі «ланцуг салідарнасьці». Іх гукамі сыгналаў падтрымлівалі аўтамабілі. Удзень тут брутальна затрымалі дзясяткі чалавек.

20:27 27.9.2020

«Народная інаўгурацыя» ў Пінску

20:29 27.9.2020

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю за мяжой

20:58 27.9.2020

Праваабаронцам ужо вядомыя прозьвішчы больш як 200 затрыманых на сёньняшніх акцыях

Праваабаронцам «Вясны» ўжо вядомыя прозьвішчы больш як 200 затрыманых у Менску і рэгіёнах падчас сёньняшніх акцый пратэсту. Сьпіс працягвае дапаўняцца.

21:26 27.9.2020

У Гомлі падчас затрыманьня моцна зьбілі фэльчарку Алену Давыдаву

Відавочцы паведамляюць, што фэльчарка з Гомля Алена Давыдава моцна зьбітая. Сёньня яе затрымалі на маршы супрацоўнікі АМАП, завезьлі ў Цэнтральны РАУС.

«Потым у аддзел міліцыі тройчы прыяжджала хуткая дапамога. Толькі што мы стаялі пад Цэнтральным РАУС і ўбачылі, што Алену Давыдаву зноў аднекуль цягнулі ў аддзел супрацоўнікі АМАП. Літаральна цягнулі, яна была практычна ў непрытомным стане», — расказаў валянтэр Ільля Міронаў.

21:43 27.9.2020

«Народная інаўгурацыя» Сьвятланы Ціханоўскай. Як прайшоў 50-ы дзень пратэстаў у Менску

XS
SM
MD
LG