Менск: калёна расьцягнулася на некалькі кілямэтраў
Калёна пратэстоўцаў ідзе па праспэкце Машэрава. Яна расьцягнулася на некалькі кілямэтраў: галава калёны дайшла да рэстарану «Белая вежа», хвост яшчэ каля cтэлы.
На прылеглых вуліцах заторы. Перакрыты рух трамваяў.
Сілавікі стаяць на скрыжаваньні праспэктаў Машэрава і Незалежнасьці, пратэстоўцы ж павярнулі ў бок плошчы Бангалор, ідуць па вуліцы Багдановіча.
Праваабаронцы зьбіраюць прозьвішчы затрыманых: у сьпісе ўжо 40 чалавек, ён абнаўляецца
Праваабаронцам «Вясны» вядомыя імёны ўжо 40 затрыманых падчас акцый пратэсту ў розных гарадах Беларусі. Затрыманьні адбываюцца ня толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў Воршы, Жодзіне, Наваполацку, Салігорску, Сьветлагорску. Сьпіс затрыманых абнаўляецца.
Менск: калёна рухаецца ў кірунку плошчы Бангалор
З праспэкту Машэрава калёна пратэстоўцаў дайшла да скрыжаваньня вуліц Багдановіча і Харужай і павярнула ў бок Камароўскага рынку, паведамляе карэспандэнт Свабоды.
Аднак пратэстоўцы не павярнулі ў бок праспэкту Незалежнасьці, дзе зьбіраюцца сілы АМАП, а прадоўжылі рух па вуліцы Багдановіча ў кірунку плошчы Бангалор.
«Хапун» у Гомлі
У Гомлі сілавікі зноў накінуліся на пратэстоўцаў і пачалі іх затрымліваць. Сярод затрыманых — фэльчарка Алена Давыдава і выкладчыца ГДУ імя Скарыны Натальля Суслава. Усяго, па папярэдніх дадзеных, у Гомлі затрымалі каля 20 чалавек. Яны ў Цэнтральным РАУС.
Менск: калёна павярнула ў бок праспэкту Незалежнасьці
У Менску дэманстранты з вуліцы Багдановіча павярнулі на вуліцу Сурганава і ідуць у кірунку праспэкту Незалежнасьці. Калёна дэманстрантаў скандуе: «Сьвета — прэзыдэнт», «Верым! Можам! Пераможам!», «Лукашэнку ў аўтазак».
Як затрымлівалі пратэстоўцаў у Горадні
Калёна ў Менску набліжаецца да праспэкту Незалежнасьці
Галава калёны дэманстрантаў дайшла да скрыжаваньня вуліц Сурганава і Якуба Коласа. Спыніліся і чакаюць хвост калёны, а яго ня бачна, ён яшчэ далёка на вуліцы Багдановіча. Карэспандэнты Свабоды інцыдэнтаў не заўважылі. Людзі ў жылых дамах вітаюць калёну нацыянальнымі сьцягамі.
Пратэст у Баранавічах
Горадня: пасьля затрыманьняў людзі сабраліся каля РАУС
Горадня цяпер: людзі сабраліся пад Кастрычніцкім РАУС на вуліцы Гая, дзе могуць быць затрыманыя падчас сёньняшняга маршу.
Пад ізалятар на вуліцы Гая прыяжджалі тры хуткія дапамогі. Па словах відавочцаў, адну дзяўчыну вывелі зь перабінтаванай нагой, яшчэ адну пабітую. Жанчыну сярэдніх гадоў забралі з павышаным ціскам. Каля ізалятара чакаюць дзясяткі сваякоў, выпускаюць першых затрыманых.
Менск амаль цалкам перакрыты
Паведамляюць, што зачынілі таксама станцыю мэтро «Акадэмія навук».
Менск: пратэстоўцы выйшлі на праспэкт Незалежнасьці
Шматтысячная калёна пратэстоўцаў дайшла па вуліцы Сурганава да праспэкту Незалежнасьці. Павярнулі на плошчу Якуба Коласа. Канец калёны яшчэ за плошчай Бангалор. Інцыдэнтаў няма. Праспэкт перакрыты.
Калёна пастаяла на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і Сурганава ды павярнула налева, у бок парку Чалюскінцаў.
Менск: калёна заняла ўсю праезную частку праспэкту
Калёна дэманстрантаў рухаецца па праспэкце Незалежнасьці. Каля плошчы Калініна пратэстоўцы спыніліся, прапусьцілі машыну хуткай дапамогі і пайшлі далей па праспэкце Незалежнасьці. Калёна заняла ўсю праездную частку.
Сталічны мэтрапалітэн паведаміў пра закрыцьцё з 17.15 станцыі «Парк Чалюскінцаў», каля якой праходзіць калёна ўдзельнікаў маршу пратэсту. У 17.16 адкрыліся станцыі «Няміга» і «Фрунзэнская». Такім чынам, застаюцца зачыненымі станцыі першай лініі «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Плошча Перамогі» і «Плошча Якуба Коласа», а таксама станцыя другой лініі «Купалаўская».
Галава шматтысячнай калёны дэманстрантаў прайшла Парк Чалюскінцаў і накіравалася далей у бок мэтро «Маскоўская». Ніякіх перашкод для калёны наперадзе ня бачна.
У Менску ў дэманстрацыі прымаюць удзел да 100 тысяч чалавек
Такія ацэнкі карэспандэнтаў Інтэрфакса. У калёне на праспэкце Незалежнасьці людзі запалілі ліхтары на тэлефонах. Выглядае відовішчна на фоне прыцемак і лёгкага дажджу, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Калёну вітаюць жыхары дамоў па праспэкце Незалежнасьці і прадаўцы крамаў.
Акцыя пратэсту ў Салігорску
Дэманстрантаў у Менску просяць разысьціся
На праспэкце Незалежнасьці каля БАТУ да калёны дэманстрантаў з дынамікаў зьвярнулася міліцыя з просьбай разысьціся, іначай «будуць ужытыя захады ў адпаведнасьці з законам».
Каля станцыі мэтро «Маскоўская» спыніўся белы аўтобус, сілавікі затрымалі раварыста, дэманстранты хацелі яго адбіць, але не змаглі. Аўтобус зьехаў.
У Менску зачынілі станцыі мэтро «Маскоўская» і «Ўсход»
Менскі мэтрапалітэн паведаміў пра закрыцьцё з 17.33 станцый першай лініі «Маскоўская» і «Ўсход», да якіх рухаюцца ўдзельнікі маршу пратэсту.
У 17.34 адкрыўся вэстыбюль станцыі «Плошча Леніна» з боку чыгуначнага вакзалу. З боку плошчы Незалежнасьці ўваход пакуль зачынены. Застаюцца зачыненымі станцыі першай лініі «Кастрычніцкая», «Плошча Перамогі» і «Плошча Якуба Коласа», а таксама станцыя другой лініі «Купалаўская».
У Горадні пачалі выпускаць затрыманых
У Горадні выпусьцілі з ізалятара 53-гадовую Яніну. Яна каталічка, падчас акцыі на моладзевым цэнтры «Галяктыка» малілася на ружанцы. Калі ўбачыла, што жорстка затрымліваюць мужчын, аднаму разьбілі твар, то схапіла яго і паспрабавала адстаяць ад сілавікоў. Тады забралі і яе, і мужчыну.
Яніне выпісалі пратакол за ўдзел у мітынгу. З пратаколу яна даведалася, што ўдзельнічала ў інаўгурацыі Сьвятланы Ціханоўскай.
Менск: калёна каля Нацыянальнай бібліятэкі
Пратэстоўцы крочаць па праспэкце Незалежнасьці. Міліцыя праз дынамікі зьвяртаецца да людзей з просьбай разысьціся. Некаторыя разыходзяцца, паведамляе карэспандэнт Свабоды, але большасьць рухаецца далей.
Калёна пратэстоўцаў дайшла да Нацыянальнай бібліятэкі, людзі рухаюцца па праспэкце Незалежнасьці далей.
Дэманстранты павесілі нацыянальны сьцяг ля Нацыянальнай бібліятэкі
Каля Нацыянальнай бібліятэкі дэманстранты заўважылі мачты для сьцягоў і ўзьнялі на адной зь іх бел-чырвона-белы сьцяг з Пагоняй. Людзі рушылі далей да гандлёвага цэнтру «Дана Мол», дайшлі да станцыі мэтро «Ўсход».