Жывая трансьляцыя тэлеканалу «Настоящее время»
Тэлеканал «Настоящее время» ад 14:00 вядзе трансьляцыю зь беларускіх гарадоў у жывым эфіры.
Больш за паўтара месяца ў Беларусі не сьціхаюць пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх, паводле Цэнтарвыбаркаму, шосты раз запар перамог Аляксандар Лукашэнка. 23 верасьня ў рэжыме сакрэтнасьці адбылася таемная інаўгурацыя. У адказ Каардынацыйная рада заявіла пра бестэрміновую акцыю непадпарадкаваньня. На 27 верасьня прызначылі «народную інаўгурацыю» Сьвятланы Ціханоўскай.
На Нямізе малалюдна, езьдзяць мікрааўтобусы сілавікоў
У Менску перакрыты праспэкт Пераможцаў, але ў раёне Нямігі па ім нармальна езьдзяць машыны і грамадзкі транспарт. На вуліцы Няміга і ў пачатку праспэкту Пераможцаў людзей мала, магчыма, меней, чым звычайна, бо не працуюць вялікія гандлёвыя цэнтры.
Насупраць Палацу спорту стаяць мікрааўтобусы сілавікоў, такія ж мікрааўтобусы езьдзяць па вуліцах на невялікай хуткасьці.
Кастрычніцкая плошча абгароджаная турнікетамі, калючага дроту, як раней, сёньня тут няма. Ніякіх знакаў, што людзі зьбіраюцца, пакуль няма, перадаюць карэспандэнты Свабоды.
Цэнтральныя станцыі мэтро зачынілі
У Менску закрыты цэнтральныя станцыі мэтро «Плошча Леніна», «Плошча Якуба Коласа», «Плошча Перамогі», «Кастрычніцкая», «Няміга» і «Фрунзэнская».
Рэзыдэнцыю Лукашэнкі ў Палацы незалежнасьці ахоўваюць баявыя машыны БПМ і БРДМ, шмат спэцтэхнікі МУС, вадамёты, – відэа перамяшчэньня тэхнікі жыхары Менска выкладваюць у сацыяльныя сеткі.
Вайсковая тэхніка пад рэзыдэнцыяй Лукашэнкі
Кадры ад чытачоў, ваколіцы Палацу Незалежнасьці ў Менску цяпер, шмат вайскоўцаў і тэхнікі.
Каардынацыйная рада атрымала першыя паўмільёна галасоў у падтрымку сваіх паўнамоцтваў
Збор подпісаў працягваецца. Пра гэта заявіў сябра прэзыдыюму гэтай грамадзянскай плятформы дзеля агульнанацыянальнага дыялёгу Павал Латушка.
Калёна БТР на праспэкце Пераможцаў у Менску
БТР і іншая баявая тэхніка на менскіх вуліцах зьяўляецца не ўпершыню, звычайна яна ахоўвае рэзыдэнцыю Лукашэнкі ў Палацы Незалежнасьці.
Двух чалавек ужо затрымалі ў Менску — каля гандлёвага цэнтру «Галерэя», перадае «Белсат»
Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў з нагоды 50-га дня мірнага пратэсту
«Гісторыя апошніх месяцаў паказвае, што мы можам усё. З таго моманту, як я вырашыла падаць дакумэнты ў ЦВК, здаецца, прайшла цэлае жыцьцё. Цэлае жыцьцё самых розных падзей і складаных рашэньняў, але галоўнае — гонару за свой народ, гонар быць адной з вас », — гаворыцца ў телеграм-канале «Пул першай».
«Дэмакратыя — гэта ўлада народа. А цэлы народ мацней аднаго чалавека, бо народ змагаецца за свае правы, сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей. Нас мільёны, і мы гатовыя несьці адказнасьць за свае рашэньні. Вось чаму мы пераможам », — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.
МУС: за ўчора затрымалі 150, за кратамі пакінулі 116
Як сьцьвярджае МУС, учора ў Беларусі было 10 пратэставых акцыяў, у якіх узялі ўдзел 300 чалавек (недзяржаўныя СМІ налічылі толькі ў Менску дзьве тысячы ўдзельніц «жаночага маршу», дзе МУС налічыла 200 чалавек), а таксама 13 праўладных акцыяў з 40 тысячамі ўдзельнікаў.
Праваабаронцам вядомыя імёны 124 затрыманых учора ў Менску і 12 – у іншых гарадах.
Музыкаў гурту Best Sound Band, якія выступалі падчас Жаночага маршу, зьмясьцілі ў турму на Акрэсьціна
Падчас Жаночага маршу 26 верасьня ў падземным пераходзе на Плошчы Якуба Коласа ў Менску затрымалі музыкаў кавэр-гурту Best Sound Band. У міліцыю іх даставілі разам са скрыпкай, баянам, бубнам і дзьвюма гітарамі.
Калі частка пратэстоўцаў спусьцілася ў пераход, пяцёрка заграла «Перемен» Віктара Цоя і «Муры» Льюіса Льяка. Людзі віталі маладых музыкаў, падпявалі ім. Але неўзабаве зьявіліся міліцыянты, якія загадалі спыніцца і зьбірацца ў аддзяленьне для «высьвятленьне асобаў».
Цэнтральныя плошчы ў Менску зноў абгароджаныя і блякаваныя
На плошчы Незалежнасьці ў Менску агароджа і сілы сілавікоў у балаклавах. Яны таксама стаяць каля ўваходаў у падземныя пераходы каля паштамту, праход да плошчы перакрыты. Абгароджаная Кастрычніцкая плошча, пляцоўка каля стэлы «Менск — горад-герой».
Спэцтэхніка сагнаная да Палацу Незалежнасьці, адной з рэзыдэнцый Аляксандра Лукашэнкі.
«Galleria», «Замак» і «Карона» зачыніліся перад пратэстамі
Некалькі гандлёвых цэнтраў у Менску абвясьцілі, што 27 верасьня ня будуць працаваць. Сярод іх «Galleria Minsk», «Замак», што на праспэкце Пераможцаў, «Карона» на вуліцы Кальварыйскай. Яны знаходзяцца ў тых месцах, дзе ў мінулыя нядзелі адбываліся пратэсты і затрыманьні. Некаторыя ўдзельнікі акцый хаваліся ў гэтых гандлёвых цэнтрах ад сілавікоў у балаклавах. Хутчэй за ўсё ня будзе працаваць і падземны гандлёвы цэнтар «Сталіца» на Плошчы незалежнасьці.