Мэтро і наземны грамадзкі транспарт не спыняюцца на плошчы Перамогі ў Менску
Тут перш плянавалі сабрацца жаччыны на свой традыцыйны суботні марш пратэсту. У ваколіцах плошчаў Перамогі і Якуба Коласа заўважаныя АМАП і аўтазакі.
Суботні марш жыхаркі Менску прымеркавалі да рэпэтыцыі «народнай інаўгурацыі» Сьвятланы Ціханоўскай
«Усім надакучлівы былы — больш нелігітымны! — гаворыцца ў звароце. — Запрашаем правесьці рэпэтыцыю інаўгурацыі ў гонар ўступленьня на пасаду Сьвятланы Ціханоўскай. Давайце пакажам, хто наш прэзыдэнт!». Спачатку збор быў заплянаваны а 14-й гадзіне на плошчы Перамогі. Але калі туды падцягнуліся сілавікі, месца было апэратыўна зьмененае — пляцоўка перад Камароўскім рынкам.
Горадня. Перад пачаткам маршу пад чырвона-зялёнымі сьцягамі каля філярмоніі людзі ў цывільным схапілі хлопца, які крычаў «Жыве Беларусь».
Менск, міліцыянты падышлі да журналістаў, якія працуюць на маршы жанчын, і просяць, каб яны трымаліся на адлегласьці ад сілавікоў.
Прыйшла Ніна Багінская са сьцягам
На пляцоўку каля Камароўскага рынка ў Менску прыйшла Ніна Багінская са сьцягам. Жанчыны зьбіраюцца групамі і крычаць «Ніна! Ніна, наш герой!» Дзяўчаты нясуць партрэты Ціханоўскай, кветкі.
Прыехалі аўтобусы зь сілавікамі
Менск. На пляцоўку побач з Камароўскім рынкам прыехалі два шэрыя аднолькавыя аўтобусы з зацемненымі шыбамі і два сінія. Міліцыя кажа людзям праз мэгафоны, што сход недазволены.
Пачаліся затрыманьні
7 аўтобусаў па ходніках рушылі да рэстарацыі «Лідо» і гандлёвага цэнтру «Люстэрка», дзе сабраліся каля сотні жанчын. Сілавікі без апазнавальных знакаў у аліўкавай форме выйшлі з аўтобусаў, пачаліся затрыманьні. Хапаюць груба, адну жанчыну пацягнулі за рукі і ногі.
Сілавікі без апазнавальных знакаў багуць за жанчынамі на Камароўку
Затрымалі каля 10 жанчын з кветкамі, — перадае карэспандэнт Свабоды. Іншыя жанчыны разышліся, схаваліся ў тым ліку на Камароўскім рынку. Сілавікі без апазнавальных знакаў пабеглі за імі, але там іх не злавілі. Вяртаюцца ў свае аўтобусы.
Затрыманых зьвезлі
Аўтобусы з затрыманымі зьехалі ад Камароўскага рынку. На вуліцы Харужай засталіся некалькі дзясяткаў жанчын, у тым ліку Ніна Багінская са сьцягам і некалькі дзясяткаў іншых, яны гутараць з журналістамі.
Затрымалі Багінскую
Сілавікі без апазнавальных знакаў зноў пачалі затрыманьні. Ніну Багінскую забралі ў сіні мікрааўтобус.
Аўтобус зь Нінай Багінскай адʼехаў. Людзі крычаць «Ганьба!» — паведамляе карэспандэнт Свабоды ад Камароўскага рынку ў Менску.
Мікрааўтобусы паехалі да рэстарацыі «Лідо», сілавікі кантралююць тэрыторыю, каб ніхто больш не сабраўся. Пляцоўка перад Камароўскім рынкам апусьцела, перадае карэспандэнт Свабоды.
Як піша Tut.by, гэты мужчына абурыўся тым, што людзі ў масках без апазнавальных знакаў затрымліваюць людзей. У выніку яго затрымалі.
Каля сотні жанчын з кветкамі ад Камароўкі ідуць на праспэкт Незалежнасьці. Крычаць «Далучайся!», пляскаюць у далоні, паведамляе карэспандэнт Свабоды.
Каля гандлёвага цэнтру «Імпульс» усіх заблякавалі сілавікі ў балаклавах, хапаюць і цягнуць у мікрааўтобусы. Тут каля 20 бусікаў зь сілавікамі ў балаклавах, паведамляе карэспандэнт Свабоды.
Затрымалі дзьвюх журналістак
На Камароўцы затрымалі карэспандэнтку «Эўрарадыё» Юлію Матузаву. Перад затрыманьнем у як праверылі акрэдытацыю — і затрымалі, нягледзячы на тое, што акрэдытацыя дзейная, а журналістка мела пасьведчаньне і камізэльку «Прэса».
Таксама затрымалі журналістку Белсату Марыю Грыц.
Пасьля 10 хвілінаў знаходжаньня ў міліцэйскай машыне журналістку Юлію Матузаву вызвалілі. Міліцыянт у форме і ў масцы «дазволіў» ёй працаваць далей, піша БАЖ.
На «Жаночым маршы» дзясяткі затрыманых
Затрыманыя дзясяткі жанчын, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Сярод затрыманых былая кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Габрунова і ЛГБТ-актывістка Віка Біран.
На пляцоўцы каля гандлёвага цэнтру «Імпульс» яшчэ застаюцца некалькі дзясяткаў жанчын.
Сілавікі хапаюць таксама выпадковых мінакоў. «Што мы вам зрабілі?» — скандуюць жанчыны.
Ніну Багінскую адпусьцілі
Жанчыны зноў сабраліся і пайшлі па праспэкце Незалежнасьці
Нягледзячы на затрыманьні, на праспэкт Незалежнасьці ў Менску ў раёне плошчы Якуба Коласа выйшлі некалькі соцень жанчын, да іх далучылася вялікая група, якая стаяла ля Інстытуту фізкультуры.
Жанчыны сфармавалі калёну, усклалі нацыянальныя сьцягі на плечы, паднялі бел-чырвона-белыя парасоны і пайшлі па ходніках праспэкту Незалежнасьці. Тут сабраліся некалькі соцень жанчын, далучаюцца новыя людзі. Машыны сыгналяць на знак падтрымкі.
Зноў пачаліся затрыманьні, адна дзяўчына страціла прытомнасьць
Калёна жанчын разьвярнулася і вяртаецца назад на плошчу Якуба Коласа, але іх дагналі сілавікі ў балаклавах, яны прыехалі ў 7 аўтобусах. Зноў пачаліся затрыманьні. Валакуць за рукі і ногі, не пускаюць схавацца ў падземным пераходзе.
Каля рэстарацыі «Лідо» ў Менску ўпала дзяўчына, страціла на нейкі час прытомнасьць. Ёй дапамагаюць мэдыкі.
На праспэкт Незалежнасьці ў раёне плошчы Якуба Коласа прыехала яшчэ тры аўтазакі і шэсьць мікрааўтобусаў зь сілавікамі.
„Жаночы марш“ зноў ідзе на Якуба Коласа
У калёне засталіся сто чалавек, жанчыны зноў ідуць на плошчу Якуба Коласа, дасталі бел-чырвона-белыя сьцягі і парасоны.
Жанчыны на плошчы Якуба Коласа праз падземны пераход дайшлі ля філярмоніі, там знаходзіцца яшчэ адна група.
Невядомыя ў масках і зялёнай форме без апазнавальных знакаў зносяць жанчын каля ЦУМу ў Менску.