Мэтро на Якуба Коласа закрылі
Станцыя мэтро «Плошча Якуба Коласа» закрытая, перадае канал #МотолькоПомоги.
Тым часам у падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа невядомы гурт выконвае песьню Віктара Цоя «Перемен».
Жанчыны ідуць у дзьвюх калёнах да плошчы Перамогі
Жанчыны рухаюцца дзьвюма калёнамі па ходніках праспэкту Незалежнасьці, агулам каля 200 чалавек. Ідуць да плошчы Перамогі, у іх нацыянальныя сьцягі і кветкі.
Марш набліжаецца да плошчы Перамогі, там іх чакае АМАП
Жанчыны па ходніках падыходзяць да плошчы Перамогі, там іх чакае АМАП. Зьявіліся плякаты, сярод іх «Лукашэнку ў аўтазак», «Перамаглі фашыстаў – пераможам і нелюдзяў», «Сьвета – прэзыдэнт».
Калёна разьвярнулася і пайшла на Якуба Коласа
Пабачыўшы шэраг АМАПу на плошчы Перамогі, калёна жанчын разьвярнулася і пачала рух назад на плошчу Якуба Коласа.
Зноў затрыманьні
На праспэкце Незалежнасьці каля менскай гімназіі № 23 сілавікі ў балаклавах і ў чорных шлемах пачалі затрымліваць жанчын. Сілавікоў тут шмат, яны нясьпешна выбіраюць сабе ахвяр і цягнуць у аўтобусы, перадае карэспандэнт Свабоды. Тут каля дзясятка мікрааўтобусаў з АМАПам.
Сілавікі затрымліваюць жанчын у дварах
У дварах менскай гімназіі № 23 сілавікі ў балаклавах працягваюць затрыманьні, забралі там некалькі дзясяткаў жанчын, перадаюць карэспандэнты Свабоды. Але затрымалі яны яшчэ ня ўсіх удзельніц маршу, некаторыя застаюцца на волі і працягваюць гуляць па ходніках праспэкту Незалежнасьці.
«Жаночы марш» у Менску скончыўся. Затрымалі музыкаў, якія гралі «Перемен»
Паводле журналістаў Свабоды, «Жаночы марш» у Менску скончыўся, агулам затрыманыя каля сотні чалавек. Праваабаронцам «Вясны» на цяперашні момант вядомыя прозьвішчы 37 затрыманых, сьпіс абнаўляецца.
У 15:50 праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што ў пераходзе на плошчы Якуба Коласа затрымалі вулічных музыкаў кавэр-гурту Best Sound Band.
Паводле папярэдняй інфармацыі — чатырох. Забралі іх разам з музычнымі інструмэнтамі. Перад гэтым, калі міма праходзіла калёна пратэстоўцаў, яны ў пераходзе выконвалі песьню Віктара Цоя «Перемен».
Сілавікі затрымалі яшчэ трох журналістак
Затрымалі журналістку «Нашай Нівы» Кацярыну Карпіцкую, паведамляе «Наша Ніва». Таксама затрыманыя журналістка TUT.BY Аляксандра Эльбаўм і Марыя Вайтовіч з «Эўрарадыё», піша Белсат.
Працягваюць затрымліваць жанчын на праспэкце Незалежнасьці.
У Менску адкрылі мэтро, сілавікі разьяжджаюцца
Мэтро «Плошча Перамогі» адкрылі, сілавікі разьяжджаюцца з цэнтру гораду.
Як сілавікі затрымлівалі дзяўчыну, якая падарыла ім кветкі. Відэа