Кароткі агляд найноўшых публікацый у міжнароднай прэсе пра Беларусь.
The Guardian: Прыніжэньне для Эўразьвязу
«Вялікая Брытанія распрацоўвае санкцыі за невыкананьне правоў чалавека „ў стылі Магніцкага“ супраць чыноўнікаў у Беларусі, адказных за правядзеньне сфальсыфікаванага пераабраньня прэзыдэнтам Аляксандра Лукашэнку і за кіраваньне гвалтоўным здушэньнем вулічных пратэстаў», — піша брытанскае выданьне, спасылаючыся на Дамініка Рааба, міністра замежных справаў краіны.
«Намаганьні ЭЗ увесьці санкцыі былі прыпыненыя адмовай Кіпру ўхваліць гэты крок, калі санкцыі ня будуць накладзеныя і на Турцыю (…). Затрымка стала прыніжэньнем для намаганьняў ЭЗ, накіраваных на пасьлядоўнасьць у замежнай палітыцы», — мяркуе выданьне.
Le Figaro: Ціханоўская асьмельвае Эўропу
Францускае выданьне апублікавала 24 верасьня вялікае інтэрвію зь Сьвятланай Ціханоўскай. Два ўрыўкі выказваньняў былой кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі:
«Эўропа павінна быць сьмялейшай. Вы бачыце, наколькі сьмелы беларускі народ і за што ён змагаецца. Хіба не было б вельмі добра, калі б новая эўрапейская краіна адкрылася для дэмакратыі? Важна, каб Лукашэнка апынуўся пад санкцыямі, каб ён разумеў, што Эўропа не пакіне яго злачынствы беспакаранымі і што яна не пагаджаецца на ягоны гвалт супраць уласнага народу».
«Адзіны спосаб расхістаць Лукашэнку — ціск: дэманстрацыі, страйкі, уплыў суседніх краін і АБСЭ. Павінна спыніцца фінансавая падтрымка рэжыму, каб ён больш ня змог плаціць міліцыі, якая нападае на пратэстоўцаў. Павінен пачацца дыялёг для таго, каб палітычны і эканамічны крызіс далей не паглыбляўся».
Der Tagesspiegel: Лукашэнка страціў сувязь з рэчаіснасьцю
«Лукашэнка ўступіў на сваю пасаду, як крымінальны аўтарытэт. Гэта паказвае, што ён сам больш ня верыць уласнай хлусьні», — лічыць журналіст нямецкага выданьня Франк Геральд.
«Лукашэнка страціў усякія законныя падставы лічыць сябе кіраўніком Беларусі. (…) Ён сфальсыфікаваў вынікі галасаваньня, сумневы ў гэтым, акрамя яго, прынамсі афіцыйна, дапускае толькі расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Але нават ён палічыў бы за лепшае б пазбыцца Лукашэнкі. (…) Але не з дапамогай рэвалюцыі, якая ўжо амаль два месяцы паскарае даўно насьпелыя пераўтварэньні Беларусі. Лукашэнка ж аб’яўляе гэтую рэвалюцыю закончанай. Калі патрабаваўся апошні доказ таго, што аўтакрат губляе ўсялякае разуменьне рэчаіснасьці, то яго інаўгурацыя наглядна гэта паказала».
The Hill: Расейскія войскі ўжо ў Беларусі
Амэрыканскае інтэрнэт-выданьне апублікавала меркаваньне Фрэдэрыка Кагана, навуковага супрацоўніка Амэрыканскага інстытуту прадпрымальніцтва. Два ўрыўкі:
«Пуцін скарыстаўся праблемамі Лукашэнкі, каб прымусіць беларускага дыктатара саступіць яго патрабаваньням інтэграцыі з Расеяй. І вось 1000 расейскіх салдатаў паветрана-дэсантных войскаў ужо знаходзяцца ў Беларусі і праводзяць вучэньні зь беларускімі вайскоўцамі. Пуцін і Лукашэнка дамовіліся штомесяц праводзіць іх. Гэта — пачатак расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі».
«Злучаныя Штаты і NATO ня могуць не дазваляць расейскім войскам быць у Беларусі. Санкцыі не перашкодзяць Пуціну запатрабаваць гэты прыз. Замест гэтага заходнія лідэры павінны распачаць бачныя дзеяньні, каб запэўніць краіны Балтыі, што яны могуць выканаць абавязаньні альянсу у іх абароне. Злучаным Штатам варта спыніць спробы вываду сваіх войскаў з Эўропы. Яны павінны перакінуць брыгаду на паўночны ўсход Польшчы пасьля ўзгадненьня з Варшавай».