Анатоль Котаў аддаў дзяржаўнай службе амаль 20 гадоў. 18 жніўня ён звольніўся з пасады намесьніка начальніка аддзелу фінансаваньня дзяржаўных органаў галоўнага фінансавага ўпраўленьня кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі.
У інтэрвію Свабодзе ён расказвае пра ўражаньне ад таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі, дэматывацыю дзяржаўных службоўцаў і сваё бачаньне выхаду з палітычнага крызісу.
Сьцісла:
- Гэтую імпрэзу хавалі нават ад сваіх, каб не было выцеку інфармацыі
- Інаўгурацыя выглядала больш як апэрацыя спэцслужбаў. Людзі ня ведалі, куды яны едуць і навошта
- Для многіх інаўгурацыя можа быць апошняй кропляй. Калі ты верыш, што ў цябе 80%, то прынамсі ад сваіх нельга хаваць
- Для людзей, якія бароняць імідж краіны за мяжой, дыпляматаў, таемная інаўгурацыя павінна стаць перадапошняй кропляй
- Працягваць інвэстыцыі ў краіну неўзабаве стане немагчымым
- Дыпляматам цяпер застанецца сядзець у пасольствах за вялікай агароджай і ўцякаць ад журналістаў
- Ініцыятыву ніхто цяпер не праявіць. Краіна нібыта на вайне. Кожны, хто выхіляецца, робіцца падазроным
- Фрустрацыя ёсьць як з боку ўлады, так і пратэстоўцаў. Вырашыць сытуацыю можа толькі дыялёг.
- Нават калі прыхільнікаў улады ад 3% да 10%, трэба размаўляць і дамаўляцца.