З наступнага году Літва ня будзе пастаўляць Беларусі рэзэрву электраэнэргіі —100 мэгават — у сувязі з завяршэньнем будаўніцтва Беларускай АЭС.
Міністар энэргетыкі Літвы Жыгімонтас Вайчунас сказаў, што інфармаваў пра гэта гендырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі. Да канца верасьня аб гэтым будзе паінфармаваны і Менск, папярэджаньні якому высылаліся і раней.
Гэтую рэзэрву Літва абавязалася падаваць па дамове аб постсавецкім энэргетычным кальцы БРЭЛЛ (Беларусь, Расея, Эстонія, Літва і Латвія), зь якога выйдзе да 2025 году.
Балтыйскія краіны рыхтуюцца блякаваць прыход электраэнэргіі зь БелАЭС на свае рынкі. Літва крытыкуе бясьпеку праекту БелАЭС. Беларусь адхіляе крытыку, паведамляе Інтэрфакс.