Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Легітымнасьць шостага тэрміну не прызнаецца большасьцю беларусаў», — заява Каардынацыйнай рады


Ілюстрацыйнае фота. Пратэсты ў Менску пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі, 23 верасьня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Пратэсты ў Менску пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі, 23 верасьня 2020 году

24 верасьня Каардынацыйная рада, створаная для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі, выступіла са зваротам з нагоды ўступленьня Лукашэнкі на шосты прэзыдэнцкі тэрмін.

Аўтары канстатуюць, што 23 верасьня таемная інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі прывяла тысячы мірных грамадзян на вуліцы гарадоў нашай краіны.

«Учора мы чарговы раз пераканаліся, што ўлады ня лічаць, што беларусы маюць права на мірны пратэст», — гаворыцца ў заяве аб пратэстах ў Беларусі пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі. Каардынацыйная рада асуджае ўжываньне сілы супраць мірных грамадзян.

Што да інаўгурацыі Лукашэнкі, Каардынацыйная рада падкрэсьлівае, што згодна з арт. 83 Канстытуцыі і арт. 9 Закону «Аб прэзыдэнце Рэспублікі Беларусі» паўнамоцтвы прэзыдэнта пачынаюцца з моманту ўступленьня на пасаду і спыняюцца з моманту прынясеньня прысягі новаабраным прэзыдэнтам. Таму з прынясеньнем прысягі 23 верасьня Аляксандар Лукашэнка «зьліквідаваў усе праўныя падставы яго законнага і легітымнага пятага тэрміну знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта», а «легітымнасьць шостага тэрміну не прызнаецца большасьцю беларусаў».

Вынікаў выбараў не прызнаў ні беларускі народ, ні «вядучыя краіны сусьветнай супольнасьці», а таксама шэраг аўтарытэтных міжнародных палітычных арганізацыяў, сябрам якіх зьяўляецца Беларусь, падкрэсьліваецца ў заяве.

Каардынацыйная рада заклікае ўсе законныя органы выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады, органы мясцовага самакіраваньня «распачаць усе захады для абароны сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі, забесьпячэньня нацыянальнай і грамадзкай бясьпекі, пераадоленьня ўсеабдымнага грамадзкага, сацыяльнага і палітычнага крызісу ў краіне» і заклікае ўлады да дыялёгу, каб «не дапусьціць расколу сярод беларусаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG