Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі разагналі пратэст каля стэлы. Людзі выйшлі ў розных раёнах Менску і ў іншых гарадах. Што адбываецца 23 верасьня

абноўлена

Раніцай 23 верасьня менчукі заўважылі незвычайную актыўнасьць каля менскага Палацу Незалежнасьці. Рух ад цырку ў бок Кастрычніцкай плошчы перакрыты.

19:41 23.9.2020

Пратэст у Пружанах

19:41 23.9.2020

Акцыя ў Наваградку

19:43 23.9.2020

Менск: на Нямізе працягваецца разгон дэманстрантаў, ёсьць параненыя

На Нямізе працягваецца разгон дэманстрантаў, людзей мала, сілаў АМАПу шмат, людзі разьбягаюцца.

Вялікая колькасьць людзей схавалася на 4 паверхах гандлёвага цэнтру «Галерэя», частка стаіць на ганку «Галерэі». Падчас разгону былі параненыя.

У раёне Нямігі зноў сфармавалася невялікая калёна (каля сотні чалавек), якая ідзе назад на праспэкт Пераможцаў, у бок стэлы. Людзі крычаць «Жыве Беларусь!»

19:47 23.9.2020

Менск: на праспэкце Незалежнасьці праходзіць мітынг за Лукашэнку

19:49 23.9.2020

Менск: каля «Галерэі» стаў «ланцуг салідарнасьці», прыехаў АМАП, зноў затрыманьні

Каля гандлёвага цэнтру «Галерэя» ўздоўж тратуару людзі выстраіліся ў ланцуг, а потым пайшлі ў бок цэнтру. Агулам некалькі соцень, перадае карэспандэнт Свабоды. Машыны сыгналяць на знак падтрымкі.

Сюды зноў пад'ехалі аўтазакі, выбеглі амапаўцы і пабеглі да «Галерэі». Людзей затрымліваюць.

АМАП разагнаў калёну на праспэкце, людзі вярнуліся ў «Галерэю», крычаць «Жыве Беларусь!». АМАП хацеў трапіць у гандлёвы цэнтар, але ахоўнікі іх не пусьцілі, зачынілі ўсе дзьверы.

Цяпер каля «Галерэі» працягваюцца адзінкавыя затрыманьні, у дварах «хапун».

19:52 23.9.2020

Горадня: зноў сабралася некалькі сотняў чалавек

Каля ГЦ «Карона» сабраліся некалькі сотняў чалавек. Людзі пачалі пляскаць у ладкі, скандаваць «Жыве Беларусь». Прыйшлі амапаўцы, некалькі чалавек затрымалі. Іншыя схаваліся.

19:54 23.9.2020

Менск: АМАП разагнаў людзей у Новай Баравой

19:57 23.9.2020

Сілавікі брутальна разагналі пратэст у Менску пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі. ФОТАГАЛЕРЭЯ

20:01 23.9.2020

Менск: акцыі ў Серабранцы, Малінаўцы, на плошчы Якуба Коласа

20:04 23.9.2020

Менск: людзі працягваюць зьбірацца ў розных месцах гораду

Групы людзей працягваюць выходзіць і станавіцца ў ланцугі ўздоўж праспэкту Пераможцаў у Менску зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, зьбіраюцца ў іншых месцах гораду. Аўтазакі ўсё яшчэ езьдзяць па праспэкце Пераможцаў, каб спыніць актыўнасьць пратэстоўцаў.

20:10 23.9.2020

Затрыманьні ў Віцебску

У Віцебску падчас аккцыі пратэсту таксама затрымлівалі людзей, паведамляе Белсат.

Шэсьце скончылася каля паловы на 21-ю. Людзі групамі зьнікалі ў дварах. Падчас разгону на праспэкце Перамогі былі затрыманыя як мінімум тры чалавекі. Журналістаў не чапалі. Сёньняшняе шэсьце суправаджала калёна зь дзясятка міліцэйскіх машын – аўтазакі, аўтобусы, мікрааўтобусы.

20:11 23.9.2020

Горадня: АМАП працягвае затрымліваць пратэстоўцаў

Невялікая групка пратэстоўцаў пачала зноў скандаваць «Жыве Беларусь». Зьнянацку на іх выбеглі дзясяткі амапаўцаў і схапілі некалькі чалавек.

Нейкі мужчына некалькі разоў гучна выказваўся непрыстойна ў адрас міліцыянтаў. Пасьля гэтага пачыналіся затрыманьні.

20:14 23.9.2020

Менск: каля «Галерэі» сілавікі распылілі газ, каля стэлы зноў ужылі вадамёты

Каля гандлёвага цэнтру «Галерэя», калі пратэстоўцы паспрабавалі адбіць некалькіх затрыманых, сілавікі распылілі сьлезацечны газ, паведамляе «Эўрарадыё» ў жывым эфіры.

Тым часам каля Стэлы зноў ужылі вадамёты.

20:21 23.9.2020

Менск: на праспэкце Пераможцаў працягваюцца затрыманьні

На праспэкце Пераможцаў у Менску працягваюцца затрыманьні, АМАПаўцы бягуць у двары, выхопліваюць людзей. Калі пратэстоўцы на прыпынку «Палац спорту» спрабавалі адбіць аднаго з затрыманых, сталася сутычка, у выніку аднаму з пратэстоўцаў спатрэбілася мэдычная дапамога, да яго падышлі мэдыкі.

Спэцтэхніка зноў рушыла ў бок Палаца Незалежнасьці.

20:42 23.9.2020

Менск: АМАП адагнаў пратэстоўцаў да Зыбіцкай, людзей зноў зьбіваюць і затрымліваюць

У Менску АМАП адагнаў каля сотні людзей са сьцягамі зь вуліцы Няміга на Зыбіцкую, транспарт сыгналіць на знак падтрымкі. Людзі крычаць «Трыбунал!», АМАП бʼе пратэстоўцаў.

На вуліцу Зыбіцкую ў Менску прыбылі дадатковыя аўтазакі і аўтобусы, АМАП пабіў і затрымаў яшчэ некалькі чалавек.

На Нямізе быў перакрыты рух, утварыўся вялізны затор. Разганялі дэманстрантаў супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС і асабіста іх начальнік Мікалай Карпянкоў.

20:45 23.9.2020

Гомель: акцыю пратэсту правесьці не ўдалося, АМАП затрымаў большасьць удзельнікаў

У Гомлі людзі спрабавалі правесьці акцыю пратэсту супраць інаўгурацыі. Пунктам збору быў чыгуначны вакзал. Па стане на 18.00 там сабраліся міліцыянты, АМАП і вайсковыя грузавікі з аўтазакамі. У тэлеграм-каналах было вырашана зьмяніць пункт збору на цэнтральны рынак. Некаторыя людзі пайшлі туды, іх затрымалі.

Потым частка людзей сабралася каля ўнівэрмагу (чалавек сорак) і рушыла ў бок цырку. АМАП завярнуў іх назад. Людзі пайшлі па другім баку Савецкай. З дворыкаў, зь цемры выскачылі супрацоўнікі АМАП і пахапалі людзей, завялі ў «сінія бусы». Іншых людзей, якія хадзілі па вуліцы Савецкай малымі кампаніямі, таксама затрымлівалі ў розных месцах. Цяпер па Савецкай кружляюць аўтазакі і «сінія бусы».

20:56 23.9.2020

Менск: акцыі і затрыманьні ў розных раёнах гораду

20:58 23.9.2020

Акцыя пратэсту ў Берасьці

21:11 23.9.2020

У сьпісе «Вясны» ўжо больш за 50 затрыманых

У сьпісе праваабаронцаў «Вясны» ўжо больш за 50 прозьвішчаў затрыманых на вечаровых акцыях пратэсту пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі па ўсёй Беларусі (Менск, Наваполацак, Магілёў, Сьмілавічы, Берасьце, Паставы, Гомель, Маладэчна). Сьпіс абнаўляецца.

21:21 23.9.2020

У РУУС Цэнтральнага раёну прыехала «хуткая», кагосьці забралі на насілках

У РУУС Цэнтральнага раёну на вуліцы Арлоўскай у Менску прыехала «хуткая дапамога», каля 20.55 з РУУС на насілках вынесьлі чалавека і забралі яго на «хуткай», паведамляе Тэлеграм-канал motolkohelp.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG