Менск: на Нямізе прагучалі два стрэлы, сілавікі працягваюць біць і затрымліваць людзей
У Менску на Нямізе 50 чалавек заблякавалі мікрааўтобус, у які невядомыя ў цывільным з дубінкамі завялі дваіх пратэстоўцаў. Пры гэтым людзі перакрылі вуліцу Багдановіча. На іх кінулася вялікая група апэратыўнікаў у джынсах і ў шлемах, яны разагналі натоўп. У выніку аўтобус поўны затрыманых зьехаў.
Каля Петрапаўлаўскай царквы на вуліцы Няміга прагучала два стрэлы.
На Нямізе каля «Бургер-кінга» працягваюцца затрыманьні, людзей б'юць і цягнуць у аўтобус. Людзі крычаць.
Карэспандэнт Свабоды бачыў, як шэсьць апэратыўнікаў у джынсах і красоўках захапілі аднаго пратэстоўца, пабілі, пацягнулі яго па зямлі і закінулі ў аўтобус. Людзі крычаць: «Ганьба!», «Жыве Беларусь!». Машыны сыгналяць на знак падтрымкі.
Хутка ў падтрымку апэратыўнікам у цывільным на Нямігу прыехалі аўтобусы з АМАПам у чорным. Аўтазакі перагарадзілі вуліцу Нямігу, АМАПаўцы б'юць і затрымліваюць людзей.
Менск: пратэсты ў розных раёнах працягваюцца, пратэстоўцы перакрываюць дарожны рух
На плошчы Перамогі абгароджаны манумэнт. Тут знаходзіцца некалькі дзясяткаў пратэстоўцаў. У цэнтар горада праехалі 12 машын з сілавікамі, паведамляе Tut.by.
Каля Стэлы з боку праспэкта Машэрава выстаўлена ачапленьне. Людзі ў чорным заблякавалі дарогу для мінакоў. Яны рушылі па праспэкце Машэрава.
Каля «Рыгі» мікрааўтобусы сілавікоў зьехалі. Людзі сабраліся. Сілавікі вярнуліся і зноў іх разагналі.
На вуліцы Прытыцкага каля крамы «Грын» людзі са сьцягамі заблякавалі рух.
Перакрыты рух на Кальварыйскай, гэтаксама як і ў Серабранцы. У Малінаўцы, на Усходзе і ў Каменнай горцы пратэстоўцы таксама перакрылі дарогі.
Менск: у раёне Пушкінскай сілавікі ўжылі газ
У раёне Пушкінскай сілавікі ўжылі газ. Відавочцы перадаюць, што быў чуваць гучны хлапок, паведамляе Onliner.
На Пушкінскай працягваюцца канфлікты паміж сілавікамі і пратэстоўцамі.
Менск: сілавікі прыехалі на плошчу Перамогі, людзі ўцяклі
Менск: на Нямізе зноў перакрылі рух
Людзі заблякавалі машыны ДАІ на Нямізе.
Менск: стыхійныя акцыі ў розных раёнах гораду
Менск: на Пушкінскай сутычка пратэстоўцаў зь сілавікамі
Тым часам на Каменнай Горцы зьявілася спэцтэхніка зь сілавікамі.
Менск: стрэлы паміж Каменнай Горкай і Кунцаўшчынай
Паміж Каменнай Горкай і Кунцаўшчынай чуваць стрэлы.
На Каменную Горку прыехала вялікая калёна сілавікоў, пабегла на дэманстрантаў. Людзі разьбегліся. На Каменнай Горцы трэці раз за вечар ужыты вадамёт. Працуюць унутраныя войскі, сілавікі імкнуцца ня даць людзям сабрацца, паведамляе «Наша Ніва».
У Берасьці на акцыю пратэсту выйшлі больш за 300 чалавек, затрымана ня менш за 6
Больш за 300 чалавек у Берасьці ўзялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, затрымана ня менш за шэсьць чалавек, паведамляе БелаПАН.
Прыкладна ў 19.00 людзі пачалі зьбірацца на вуліцы Савецкай ля кінатэатру «Беларусь». Ад яго зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ўдзельнікі калёнай прайшлі па вуліцы Будзённага і выйшлі на бульвар Касманаўтаў, дзе амапаўцы пачалі затрыманьні. Спачатку людзі разьбегліся, потым каля 20.00 зноў сабраліся каля кінатэатру «Беларусь» і прайшлі па некалькіх цэнтральных вуліцах гораду. На скрыжаваньні вуліцы Савецкай і праспэкту Машэрава сілавікі затрымалі яшчэ некалькі чалавек. Прыкладна ў 21.30 удзельнікі акцыі сталі разыходзіцца.
Менск: пратэстоўцаў на Нямізе разагналі
На Нямізе разагналі пратэстоўцаў. Дарожны рух адноўлены, пратэстоўцаў на дарозе няма.
«Вясна» паведамляе пра больш як сотню затрыманых
У сьпісе затрыманых на акцыях пратэсту па ўсёй Беларусі, які складаюць праваабаронцы «Вясны», ужо болей за 100 чалавек. Сьпіс працягвае абнаўляцца.
Менск: на Кальварыйскай паранены
На Кальварыйскай быў чуваць стрэл, на зямлі ляжыць чалавек, паведамляе Tut.by. Як расказала відавочца, яна чула стрэл, потым сілавікі кагосьці пацягнулі на дарогу, паклалі яго. Хвілін пяць над ім стаялі і як бы зацягнулі ў машыну. Ад стрэлу было шмат дыму.
Пазьней Тut.by удакладніў: на Кальварыйскай машына стукнулася ў слуп. Магчыма, гэта быў ня стрэл, а гук удару, а чалавек, які ляжыць, — пацярпелы ў аварыі.
Супрацьстаяньне пратэстоўцаў і сілавікоў на Пушкінскай
У Серабранцы дасюль перакрыты рух, пратэстоўцы не сыходзяць
Украіна не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі — міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба
«Украіна ніколі ня ўмешвалася ва ўнутраныя справы Беларусі і заўсёды будзе падтрымліваць беларускі народ. Улічваючы ход выбарчай кампаніі і наступныя падзеі, сёньняшняя „інаўгурацыя” Аляксандра Лукашэнкі не азначае прызнаньня яго легітымным кіраўніком беларускай дзяржавы», — напісаў Дзьмітро Кулеба на сваёй афіцыйнай старонцы ў Twitter.
ЗША не прызналі Лукашэнку законным прэзыдэнтам
ЗША заявілі сёньня, што ня лічаць Аляксандра Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі пасьля таго, як ён быў таемна інаўгураваны па выніках спрэчных выбараў. Дзярждэпартамэнт паўтарыў, што ня лічыць, што выбары ў Беларусі 9 жніўня былі свабоднымі і сумленнымі.
«Абвешчаныя вынікі былі фальшывымі і ня сьведчылі аб легітымнасьці, — заявіла прэсавая сакратарка дзярждэпартамэнту Морган Артагус. — Злучаныя Штаты ня могуць лічыць Аляксандра Лукашэнку законна абраным кіраўніком Беларусі».
Кіраўнік МЗС Канады: Лукашэнку не хапае легітымнасьці дэмакратычна абранага лідэра
«Канада асуджае неанансаваную інаўгурацыю Лукашэнкі пасьля сфальсыфікаваных выбараў. Яму не хапае легітымнасьці як дэмакратычна абранаму лідэру», — напісаў міністар замежных спраў Канады Франсуа-Філіп Шампань у Twitter.
Ён заявіў, што Канада заклікае да свабодных і справядлівых выбараў для народу Беларусі. «Мы ўзгадняем зь міжнароднымі партнэрамі належны адказ», — дадаў Шампань.
Менск: выбухі ў Серабранцы
У менскі раён Серабранка прыехалі сілавікі, чуваць выбухі.
Эўрадэпутат Аўштравічус: Інаўгурацыя Лукашэнкі — частка «сочынскага пляну»
Эўрадэпутат Пятрас Аўштравічус, дакладчык Эўрапарлямэнту па Беларусі, сказаў Deutsche Welle, што інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі — гэта частка дамоўленасьцяў паміж Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным падчас іх сустрэчы ў Сочы 14 верасьня.
«Я думаю, мы бачым рэалізацыю сочынскага пляну. Тое, пра што дамовіліся (у Сочы. — РС), да гэтага часу трымаюць у таямніцы ад нас. Толькі дзякуючы падтрымцы Пуціна Лукашэнка адважыўся пайсьці на інаўгурацыю, хоць народ яго адрынуў і ня лічыць легітымным», — адзначыў Аўштравічус.
Эўрадэпутат лічыць, што пасьля інаўгурацыі будуць зробленыя іншыя крокі з «сочынскага пляну», пра якія грамадзкасьць пакуль ня ведае. «Але тое, што гэтыя два чалавекі (Лукашэнка і Пуцін. — РС) вырашылі і цяпер рэалізуюць, — гэта не прынясе нічога добрага ні Беларусі, ні Эўропе. Гэта паставіць пад пагрозу існаваньне Беларусі, стабільнасьць у Эўропе і рэгіянальную бясьпеку», — дадаў Аўштравічус.