Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У горадзенскім драмтэатры пасьля звальненьня акторкі адмянілі сёньняшні спэктакль. Да тэатру прыехаў АМАП

абноўлена

5 жніўня над горадзенскім драматычным тэатрам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Цяпер па гэтым выпадку вядзецца праверка
5 жніўня над горадзенскім драматычным тэатрам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Цяпер па гэтым выпадку вядзецца праверка

Спэктакль «Беларуская камэдыя», які павінен быў пачацца ў горадзенскім драматычным тэатры ў 19:00 22 верасьня, адменены «па незалежных ад тэатру абставінах».

Абвестка аб адмене спэктаклю
Абвестка аб адмене спэктаклю

Каля 18.20 на сустрэчу з артыстамі прыехаў новы старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік. У тэатар прыйшла начальніца ўпраўленьня культуры аблвыканкаму Алена Клімовіч.

Ды драмтэатру пад'ехалі міліцэйскія мікрааўтобусы, а таксама таніраваная мікрааўтобусы без апазнавальных знакаў. Прыехалі сілавікі, у тым ліку начальнік Горадзенскага АМАП Віктар Краўцэвіч.

Каля 19.20 Уладзімер Каранік выйшаў з сустрэчы з артыстамі. Гарадзенцы, якія прыйшлі падтрымаць тэатралаў, праводзілі яго са словамі «Рукі прэч ад нашых артыстаў».

Стала вядома, што днямі з горадзенскага драматычнага тэатра звольнілася мастачка-пастаноўшчыца Вольга Шчарбінская. У тэатры засталіся два мастакі-пастаноўшчыкі.

20 верасьня ў Горадні падчас акцыі пратэсту затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку разам з жонкай, артысткай Валянцінай Харытонавай. Калегі, калі даведаліся пра гэта, ад эмоцый не змаглі дайграць спэктакль. У залі прысутнічала ня больш за два дзясяткі гледачоў. Большасьць вырашылі здаць білеты пасьля няскончанага спэктакля, 4 чалавекі не здавалі. Цяпер артысты мусяць кампэнсаваць кошт усіх вернутых квіткоў.

Дырэктар Горадзенскага абласнога драматычнага тэатру Ігар Гедзіч выклікаў да сябе актораў, задзейнічаных у спэктаклі, і сказаў пісаць тлумачальную запіску, ці яны былі ініцыятарамі зрыву спэктакля, ці закладнікамі сытуацыі. Прыгразіў, што звольніць тых, хто не напіша.

Паводле актора драмтэатру Васіля Мініча, артыстку Елізавету Мілінцэвіч, якая ўдзельнічала ў нядзельным спэктаклі, звольнілі пасьля адмовы пісаць дырэктару тлумачэньне.

«Я думаю, што палітызацыя тэатру недапушчальная. Непавага да гледача таксама недапушчальная. Варта перад гледачамі прасіць прабачэньня. На жаль, людзі прыйшлі, а мы ня здолелі даць ім тое, на што яны спадзяваліся», — пракамэнтаваў сытуацыю БелаПАН Ігар Гедзіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG