Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такі фэйк было б складана прыдумаць». Ці сапраўды спартоўцам забараняюць размаўляць з журналістамі?


Ілюстрацыйнае фота. Спартоўцы на Маршы пратэсту ў Менску, 6 верасьня
Ілюстрацыйнае фота. Спартоўцы на Маршы пратэсту ў Менску, 6 верасьня

Пад новым загадам стаіць подпіс кіраўніка спартовага ведамства Сяргея Кавальчука. Міністэрства спорту і турызму пакуль не пацьвярджае сапраўднасьць дакумэнту.

Увечары 21 верасьня ў СМІ трапіла копія загаду «Аб зьменах у загад Міністэрства спорту і турызму ад 22 студзеня 2020 году № 20 „Аб кантрактах“». Дакумэнт удакладняе студзеньскі загад міністэрства пра ўмовы працы беларускіх спартоўцаў. Зь яго вынікае, што цяпер яны мусяць падпісаць да сваіх кантрактаў дадатковыя пагадненьні зь дзяржаўным наймальнікам, якія забароняць ім даваць камэнтары ў СМІ без узгадненьня з кіраўніцтвам, а таксама абавяжуць вывучыць дзяржаўны гімн Беларусі і выкарыстоўваць падчас выступленьняў толькі дзяржаўную сымболіку. Акрамя гэтага, з дакумэнту можна зразумець, што спартоўцаў абмяжуюць у праве выказваць уласныя погляды на старонках у сацсетках.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у Міністэрства спорту, аднак там пакуль не змаглі пацьвердзіць альбо зьняпраўдзіць сапраўднасьць дакумэнту. Прэс-сакратар ведамства Ўладзімер Несьцяровіч звольніўся яшчэ 9 верасьня, тэлефон прэс-службы не адказвае. У сакратарыяце таксама ня могуць даць камэнтар наконт гэтага.

«Яны проста хочуць заткнуць людзей», — рэдактар By.tribuna.com

Як расказаў у размове са Свабодай галоўны рэдактар папулярнага спартовага выданьня By.tribuna.com Алег Гаруновіч, вельмі падобна, што дакумэнт сапраўдны.

«Пакуль сапраўднасьць гэтага дакумэнту не абвергнутая, — гаворыць Гаруновіч. — Ранейшыя публікацыі таго ж Tut.by на спартовую тэматыку пацьвярджаліся. На 100% нельга сказаць, што гэта сапраўдны дакумэнт. Але ўзроўнем бязглузьдзіцы ён нагадвае праўду. Такі фэйк было б складана прыдумаць».

Па словах Алега Гаруновіча, такі загад міністэрства можа быць выкліканы масавым публічным выступленьнем спартоўцаў, якія асудзілі дзеяньні сілавікоў і заклікалі правесьці новыя выбары прэзыдэнта.

«Мне здаецца, што беларуская ўлада выкарыстоўвае тыя мэтады, якія выкарыстоўвала заўсёды, — кажа Гаруновіч. — Гэта ўзоры з 60-х, 70-х, 80-х гадоў. Яны проста хочуць заткнуць людзей, каб тыя замаўчалі. Спрабуюць нешта дадаць у дамовы, каб атрымаць яшчэ больш інструмэнтаў ціску. Я спадзяюся, што ніхто са спартоўцаў на гэта ня пойдзе, бо вялікае пытаньне, наколькі абавязковым зьяўляецца падпісаньне дадатковых умоваў да кантрактаў».

Выданьне By.tribuna.com у Беларусі заблякавалі ад пачатку жніўня. Галоўны рэдактар кажа, што ніхто пакуль так і ня змог выразна патлумачыць, зь якой прычыны заўзятары ня могуць свабодна наведваць адзін з самых папулярных спартовых сайтаў. Па словах Гаруновіча, праблемы ў камунікацыі зь вядомымі спартоўцамі ў журналістаў яго выданьня ўзьнікалі яшчэ да выбараў. Тыя адкрыта прызнаваліся, што могуць гутарыць з журналістамі толькі з дазволу Міністэрства спорту і турызму.

«Гэта для Міністэрства спорту ня новая практыка. Перад выбарамі ўжо шэраг спартоўцаў адмаўляліся камэнтаваць нешта пра сытуацыю ў краіне, спасылаючыся на забарону Мінспорту, — гаворыць Алег Гаруновіч. — Гаворка пра найбольш залежных ад уладаў спартоўцаў, якія альбо вельмі прыхільныя да ўлады, альбо ўжо знаходзяцца на стадыі завяршэньня кар’еры. І разьлічваюць на працу ў нейкіх дзяржаўных арганізацыях.

Напрыклад, мы спрабавалі пагутарыць з Кацярынай Карстэн, і яна паведаміла, што нічога ня будзе гаварыць без дазволу міністэрства. Яшчэ былі такія выпадкі зь іншымі спартоўцамі. У выніку мы спрабавалі атрымаць дазвол у чыноўнікаў, але так і не змаглі.

Гэта такая тактыка — схавацца. Яна зручная для тых спартоўцаў, якія сумняваюцца ў сваёй пазыцыі. Той жа алімпійскі чэмпіён Багдановіч гаварыў, што гатовы расказваць пра сваё стаўленьне да падзей у краіне, але толькі з дазволу БФСТ „Дынама“ (беларускае фізкультурна-спартовае таварыства, склад яго кіраўніцтва ўзгадняе Савет бясьпекі і асабіста Лукашэнка. — РС). Зразумела, што такога дазволу ня будзе, і тады спартовец можа адмовіцца ад камэнтару».

Па словах спартовага журналіста, пакуль складана прагназаваць, як новы загад міністэрства і магчымы ціск на спартоўцаў паўплывае на беларускі спорт. Усё будзе залежаць ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя ў Беларусі ў цэлым.

«Як гэта адаб’ецца на спартовай журналістыцы? Тут трэба бачыць, як гэта ўсё адаб’ецца на краіне ўвогуле, чым усё скончыцца, — перакананы Алег Гаруновіч. — Калі ў нас зачысьцяць мэдыяпрастору, калі „Трыбуна“ застанецца заблякаванай, калі „Прэсбол“ застанецца пад моцным ціскам, то ў выніку можа стаць так, што будзе існаваць толькі „Спартыўная панарама“ (выданьне Мінспорту. — РС). А калі спартоўцы не здадуцца, не адступяцца ад сваіх прынцыпаў і ня зробяць выбар на карысьць гаманца і пакорлівасьці, то гэты загад ніяк не адаб’ецца на сытуацыі.

Як міністэрства будзе затыкаць рот Казеку, Раманоўскай, іншым спартоўцам, якія захочуць гаварыць? Гэта немагчыма, мне так думаецца. Яны могуць ціснуць, зьмяншаць аклады, пазбаўляць прэмій. Але найбольш актыўныя сёньня спартоўцы, такія як Раманоўская, напрыклад, знаходзяцца ў выдатным узросьце. Яны могуць зьехаць у любую краіну і зарабляць там. Калі грамадзянская супольнасьць ня здасца, то гэты прымітыўны спосаб ціску на спартоўцаў ні да чога не прывядзе».

«Немагчыма з-пад палкі сьпяваць гімн», — баскетбаліст Куль

На просьбу Свабоды новы загад таксама пракамэнтаваў вядомы беларускі баскетбаліст Аляксандар Куль.

«Нічога дзіўнага ў гэтым загадзе няма, — кажа Аляксандар. — Як мы бачылі, спартоўцы выказваюць свае думкі наконт таго, што адбываецца ў краіне. І гэта шмат каму не падабаецца. Але такі загад — гэта ня нешта новае. Са свайго досьведу ведаю, што нешта падобнае заўсёды было ў прафэсійных кантрактах. Бо заўжды, калі ты прадстаўляеш нейкі клюб, ты зьяўляесься тварам гэтага клюбу. І гэта прапісана ў кантракце.

Спартовец ня можа выказвацца такім чынам, каб гэта шкодзіла іміджу клюбу. Абавязак вывучыць гімн — гэта нешта новае. Гімн, на мой погляд, людзі павінны вучыць добраахвотна. Бо гэта тое, што яны альбо сьпяваюць, альбо не сьпяваюць падчас афіцыйных цырымоній. Але немагчыма ж з-пад палкі сьпяваць гімн. Увогуле гэты загад, на мой погляд, ня дзіўны. Чыноўнікі стараюцца забясьпечыць сабе больш спакойнае жыцьцё і перакласьці адказнасьць за выказваньні на саміх спартоўцаў, я гэта так бачу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG