Ад вечара панядзелка журналіст Сяргей Шчурко на Акрэсьціна. Яго забралі з дому. Судзілі ў Першамайскім судзе без адваката. Перадачу ад сяброў у аўторак прынялі.
Сяргей Шчурко перастаў выходзіць на сувязь а 13-й гадзіне панядзелка. Пасьпеў напісаць, што да яго едуць супрацоўнікі Першамайскага РУУС на размову. Што адбылося далей, невядома.
У Першамайскім судзе Менска Свабодзе паведамілі, што ў другой палове дня 14 верасьня быў суд. Судзьдзя Максім Трусевіч абвінаваціў Сяргея Шчурко ў парушэньні артыкулу 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і прызначыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Адваката на працэсе не было.
Перадачу ў ЦІПе прынялі
Інфармацыю пра 15 сутак пацьвердзіла Свабодзе былая прэс-сакратарка клюбу «Дынама» Вольга Хіжанкова.
«Так, артыкул 23.34. Нам сказалі, што і так зашмат паведамілі: што Сяргей ад учорашняга дня на Акрэсьціна, што яму далі 15 сутак. Сябры сабралі перадачу, аб 11-й яе прыняла ў нас у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Усе непакояцца, не пасьпяваю адказваць на тэлефанаваньні», — кажа Вольга Хіжанкова.
Спартоўцы і калегі-журналісты кажуць, што Сяргей хадзіў на нядзельныя маршы. Але забралі журналіста з дому.
«У Сяргея была процьма ідэй, цікавых праектаў — ён дапамагаў дзецям, спартоўцам, інвалідам»
Шматразовая чэмпіёнка сьвету ў плаваньні і прызэрка Алімпіяд Аляксандра Герасіменя прыгадала, як Сяргей Шчурко пазнаёміў яе з Генадзем Бураўкіным, як пасьля сьмерці паэта яны разам дамагаліся, каб на доме, дзе ён жыў, павесілі мэмарыяльную дошку.
«У Сяргея была процьма ідэй, цікавых праектаў — ён дапамагаў дзецям, спартоўцам, інвалідам. Мы разам працавалі ў праектах «Мары збываюцца», «MoваCup». Успамінаю, як прыгожа мы віншавалі паралімпійцаў пасьля лёнданскай Паралімпіяды. Сяргей заўсёды ўмеў прыцягнуць спонсараў, былі прыемныя падарункі.
У канцы жніўня адбыўся аўкцыён на карысьць 17-гадовага штангіста Дзьмітрыя Ходаса, які на чэмпіянаце Эўропы сур’ёзна траўмаваў хрыбетнік і якому патрэбна працяглая рэабілітацыя. На аўкцыёне сабралі для Дзьмітрыя каля 20 тысяч даляраў», — расказала Свабодзе Аляксандра Герасіменя.
Дырэктар гандбольнага клюбу «Віцязь — Леон» Аляксандар Апейкін напісаў на сваёй старонцы ў Facebook:
«Сярога заўсёды цягнуў наш гандбол, спрабаваў яго раскруціць, зрабіць хоць камусьці цікавым. Дапамагаў мне з гандбольным клюбам „Віцязь — Леон“, падказваў ідэі, рабіў матэрыялы пра нікому не вядомы клюб у самай галоўнай спартовай газэце. І так было з многімі. Ужо не пабаюся сказаць, для гандболу ў Беларусі Сяргей зрабіў болей за многіх функцыянэраў і алімпійскіх чэмпіёнаў. Рабіў бясплатна, ад душы.
Цяпер Сяргей сядзіць у турме. Сядзіць, не парушыўшы ніводнага закону. Сядзіць за сваю сьмеласьць і неабыякавасьць. Сядзіць за тое, што пераканаў спартоўцаў не баяцца і патрабаваць законнасьці ў сваёй краіне. Сядзіць, бо беларус».
Калега Сяргея Шчурко журналіст Барыс Тасман напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што затрыманьне журналіста «Прессбола» Сяргея Шчурко немагчыма расцаніць інакш, як замах на свабоду слова ў Беларусі.
«Ён ня толькі адзін з самых яскравых спартовых журналістаў краіны, але і арганізатар шматлікіх дабрачынных праектаў, прысьвечаных абяздоленым дзецям і спартоўцам-інвалідам. Колькім людзям Сяргей дапамог сваімі публікацыямі і акцыямі! Сёньня прыйшоў час аддаваць даўгі.
Думаю, кошт прыхільнікаў яго таленту ідзе на дзясяткі, а то і сотні тысяч. Ён запаўняе нішы дзяржаўнай няўвагі да тых, хто мае вострую патрэбу ў дапамозе. Тыя, хто пазбавіў яго свабоды, падобна, не разумеюць, што тым самым яшчэ больш разаграваюць пратэставыя настроі беларусаў», — піша Барыс Тасман.
Сяргей Шчурко — адзін з самых яркіх прадстаўнікоў спартовай журналістыкі, ён арганізаваў дапамогу дзясяткам заўзятараў і «забракаваных» атлетаў, прыдумаў і правёў МоваCup, прасоўваў дабрачынныя паўмаратоны і сам удзельнічаў у іх. Ён аўтар кнігі «Каханьне і спорт». Ініцыяваў разам з Аляксадрай Герасіменяй мэмарыяльную дошку на доме Генадзя Бураўкіна, якую ўлады так і не дазволілі павесіць.