Палітычнае напружаньне ў Беларусі ўплывае на ход перамоў Кантактнай групы па ўрэгуляваньні ў Данбасе на менскай пляцоўцы, і ў выпадку пагаршэньня абстаноўкі месца правядзеньня дыскусій трэба будзе мяняць.
Такую думку выказаў кіраўнік дэлегацыі Ўкраіны ў групе Леанід Краўчук у апублікаваным у суботу інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Краіна».
«Цяпер палітычная сытуацыя ў Беларусі не спрыяе таму, каб мы працавалі на менскай пляцоўцы. Народ падняўся супраць Лукашэнкі, і ўсё кажа пра тое, што пратэсты будуць працягвацца. Працаваць у такіх умовах вельмі складана», — лічыць ён.
Па словах Краўчука, у выпадку абвастрэньня трэба будзе шукаць альтэрнатыўнае месца. Пры гэтым Краўчук пазытыўна ўспрыняў ідэю пераносу перамоваў пра Данбас у Вену, назваўшы гэта «добрай прапановай».
Менск з 2014 году выступае як пляцоўка для перамоваў пра Данбас.