Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткі разгон жаночага шэсьця
Жорсткі разгон жаночага шэсьця

Сілавікі ў масках разагналі «Бліскучы марш» жанчын у Менску. Што адбываецца на 42-і дзень пратэстаў у Беларусі

18:14 19.9.2020

Працягваюцца затрыманьні на Якуба Коласа

Як паведамляе карэспандэнт тэлеканалу «Белсат», на вуліцы Якуба Коласа цяпер затрымліваюць жанчын. Нікога з журналістаў тут няма.

18:10 19.9.2020

Вядомыя прозьвішчы 356 затрыманых на Жаночым маршы ў Менску. Сьпіс абнаўляецца

Праваабарончы цэнтар «Вясна» вядзе сьпіс затрыманых падчас сёньняшняга Жаночага маршу ў Менску. Сьпіс пастаянна абнаўляецца і дапаўняецца, у ім ужо 356 прозьвішчаў.

18:07 19.9.2020

Расея назвала запрашэньне Ціханоўскай у Брусэль «умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі»

У расейскім зьнешнепалітычным ведамстве асудзілі намер Эўразьвязу запрасіць на пасяджэньне Рады ЭЗ Сьвятлану Ціханоўскую, паведамляе Інтэрфакс. «Падлашчваньне эўразьвязаўскіх міністраў замежных справаў да самаабвешчанай прадстаўніцы беларускай апазыцыі і запрашэньне яе ў Брусэль „для камунікацыі“ — складнік сцэнару ўмяшаньня ўва ўнутраныя справы Беларусі», — заявіла афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава. Цалкам чытайце тут.

18:03 19.9.2020

Праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову перавялі ў менскае СІЗА на Валадарскага

Каардынатарку Валянтэрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову перавялі ў сьледчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, паведаміў «Вясьне» яе муж Вадзім Жаромскі. Яе затрымалі ўвечары 17 верасьня ў Менску ў межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці). Затрыманьне праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.

18:00 19.9.2020

Кіпр зноў заблякаваў санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі

Кіпр зноў заблякаваў санкцыі Эўразьвязу адносна Менску. Прадстаўнік Нікасіі наклаў вэта на праект штрафных захадаў у пятніцу, 18 верасьня, на пасяджэньні Камітэту сталых прадстаўнікоў краін ЭЗ (Coreper) у Брусэлі, паведамляе «Нямецкая хваля».

«Такі крок Нікасіі абараняе рэжым Лукашэнкі ад наступстваў яго недэмакратычных і рэпрэсіўных дзеяньняў», — цытуе агенцтва DPA эўрапейскага дыплямата, які пажадаў застацца неназваным.

У той жа час Кіпр тлумачыць сваё супрацьдзеяньне санкцыям адносна Беларусі тым, што імкнецца дамагчыся ўвядзеньня санкцыяў ЭЗ супраць Турэччыны, якая вядзе выведку газу ў спрэчных водах усходняй часткі Міжземнага мора.

17:59 19.9.2020

«Нахабнае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы». МЗС пра ўдзел Ціханоўскай у сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў агенцтву БелТА, як афіцыйны Менск ацэньвае інфармацыю пра заплянаваны на 21 верасьня ўдзел кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у паседжаньні Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу.

«Гэта магло б быць сьмешна і кур’ёзна, каб не было так сумна. Відавочна, што такія дзеяньні зьяўляюцца нахабным і непрыкрытым умяшаньнем ува ўнутраныя справы нашай краіны і поўнай непавагай да яе грамадзянаў, — заявіў Глаз. — Навошта наагул праводзіць выбары, калі можна прызначыць звонку зручнага ўва ўсіх адносінах суб’екта і рабіць выгляд, што выбудоўваеш зь ім дачыненьні? Пасьля такіх крокаў ужо нікому ня трэба даводзіць, што рэалізуецца курс на падрыў сувэрэнітэту Беларусі».​

17:57 19.9.2020

Як затрымлівалі Ніну Багінскую. Відэа

Падчас сёньняшняга Жаночага маршу сілавікі затрымалі 73-гадовую актывістку Ніну Багінскую, яе завялі ў аўтазак і зьвезьлі разам з астатнімі затрыманымі. Пазьней стала вядома, што Ніну Багінскую высадзілі з аўтазака каля Савецкага РАУС.

17:45 19.9.2020

«Ланцуг салідарнасьці» ва Ўруччы

17:40 19.9.2020

Затрымліваюць удзельнікаў «ланцуга салідарнасьці» на Сурганава

Удзельнікаў ланцуга салідарнасьці на Сурганава таксама затрымліваюць. Ужо затрымалі некалькі чалавек.

Затрыманы таксама журналіст у сіняй камізэльцы «Прэса», паведамляе «Еўрарадыё».

17:21 19.9.2020

Ланцуг салідарнасьці насупраць месца разгону Жаночага маршу

На вуліцы Сурганава, насупраць месца, дзе быў разагнаны Жаночы марш, стаіць ланцуг салідарнасьці. У ім каля 100 чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

17:16 19.9.2020

Жаночы марш скончыўся масавымі затрыманьнямі

Запоўненыя аўтазакі і мікрааўтобусы пакідаюць месца разгону. Людзі крычаць: «Ганьба!». Тут яшчэ застаюцца журналісты. Стаіць машына хуткай дапамогі.

Жаночы марш у Менску 19 верасьня скончыўся масавымі затрыманьнямі. Затрыманыя сотні чалавек.

Як вядома Свабодзе, сярод затрыманых — рэклямістка Юлія Ляшкевіч, а таксама дырэктарка «Арт-Карпарэйшн» Анжаліка Крашэўская, арганізатар фэстываляў «ТэАрт» і «Лістапад», паведаміў у Фэйсбуку рэжысэр Андрэй Курэйчык.

Таксама затрымалі нейкага мужчыну, які ўсё шэсьце здымаў калёну на мабільны тэлефон, а пасьля, калі пачаліся затрыманьні, крычаў: «Так ім і трэба, фашыстам. Малайцы хлопцы, затрымлівайце іх!» У яго на куртцы расейскія сьцягі.

17:08 19.9.2020

«Бліскучы марш» у Менску. ФОТА

16:59 19.9.2020

Затрыманьні працягваюцца, прыехала «хуткая дапамога»

На месца разгону прыехалі дзьве машыны хуткай дапамогі. Лекары дапамагаюць жанчынам, якія страцілі прытомнасьць.

Адна з жанчын ляжыць на асфальце, вакол яе дактары і АМАП. Сілавікі заносяць жанчыну ў машыну хуткай дапамогі.

Затрыманьні працягваюцца бесьперапынку. Сілавікі невялікімі групамі забіраюць жанчын са счэпак і вядуць у аўтазакі.

Падчас Жаночага маршу затрыманая актывістка Вольга Гарбунова. Раней яна шмат гадоў кіравала прытулкам для жанчын «Радаслава».

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

16:54 19.9.2020

Жанчына страціла прытомнасьць на Жаночым маршы

Жанчын па адной выцягваюць са счэпкі і заводзяць у аўтазак. Частцы жанчын, хто быў у галаве калёны, удалося сысьці раней. Каля аўтазакаў утварыліся вялізныя чэргі.

Адна жанчына, якая стаяла ў счэпцы, страціла прытомнасьць, яна проста ляжыць на асфальце на ходніках. Яе атачылі амапаўцы, дапамогу ёй не надаюць. Сілавікі кажуць, што выклікалі «хуткую дапамогу». Падбегла жанчына, крычыць, што гэта яе сястра і ў яе эпілепсія. Яна просіць, каб ёй аддалі сястру, але сілавікі яе не падпускаюць.

Празь некаторы час жанчына, якая ляжала на ходніках, апрытомнела і сышла разам са сваёй сястрой.

На вуліцы Якуба Коласа, куды сышла частка ўдзельніц Маршу, таксама былі затрыманьні.

16:49 19.9.2020

АМАП: «Усе будуць затрыманыя. Прапаную прайсьці самастойна»

Пляцоўка перад гандлёвым цэнтрам «Айсбэрг» фактычна зачышчаная сілавікамі.

Яшчэ каля сотні жанчын стаяць у счэпцы побач, абкружаныя АМАПам і сілавікамі ў зялёнай форме і балаклавах, і сьпяваюць «Купалінку». Сілавікі адганяюць журналістаў «на 50 мэтраў».

Затрымліваюць літаральна ўсіх — гэта сотні чалавек.

Каля сотні жанчын, якія заблякаваныя сілавікамі ў счэпцы, крычаць: «Дайце нам сысьці». «Усе будуць затрыманыя, — кажа супрацоўнік АМАП. — Прапаную прайсьці самастойна».

16:32 19.9.2020

На Жаночым маршы пачаліся затрыманьні. Затрымалі і Ніну Багінскую

Калі ўдзельніцы маршу рухаліся па вуліцы Сурганава, яны заўважылі аўтазакі на суседняй вуліцы і сталі ў счэпкі. Хутка да калёны пад'ехалі і аўтобусы, зь якіх выйшлі сілавікі ў балаклавах.

Каля гандлёвага цэнтру «Айсбэрг» пачаліся затрыманьні, перадае наш карэспандэнт. Шмат сілавікоў у балаклавах, яны абкружылі групу ўдзельніц Маршу. Заблякаваныя сілавікамі жанчыны стаяць у счэпцы і гучна крычаць.

Каля цэнтру «НЛО» сілавікі пачалі затрымліваць жанчын. Жанчыны скандуюць: «Дайце нам сысьці!». Супраць адной дзяўчыны амапавец выкарыстаў здушальны прыём.

Затрымалі і актывістку Ніну Багінскую, яе зацягнулі ў шэры аўтазак 1204.

Сілавікі пры затрыманьнях прымяняюць фізычную сілу. Вырываюць жанчын са счэпак, тых, хто ўпіраецца, цягнуць па асфальце. Ужо дзясяткі затрыманых.

16:16 19.9.2020

На Жаночым маршы зьявіліся сілавікі. Дзяўчаты адбілі матацыклістаў ад АМАПу

На паркоўцы перад ГЦ «Эўропа» пачаліся затрыманьні. Спачатку сталі затрымліваць матацыклістаў – дзяўчыну і хлопца. Падбеглі журналісты. Удзельніцы маршу абкружылі людзей у цывільным. Зьявіліся людзі ў балаклавах, мікрааўтобусы.

Жанчыны сталі ў счэпку перад шэрагам сілавікоў, каб абараніць матацыклістаў ад затрыманьня. Яны адыходзяць бліжэй да будынкаў, далей ад сілавікоў і працягваюць рух.

Выглядае, што матацыклісты не затрыманыя. Сілавікі таксама пакінулі месца канфлікту.

16:12 19.9.2020

15:59 19.9.2020

Жаночы марш: калёна скандуе «Дзякуй журналістам»

Калёна жанчын скандуе «Дзякуй журналістам». Затрыманьняў няма, калёна праходзіць плошчу Бангалор.

Насупраць парка Дружбы народаў зьявілася калёна байкераў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Іх вітаюць удзельніцы маршу.

Жаночы марш павярнуў на вуліцу Сурганава і рухаецца ў бок унівэрсама «Рыга». Тым часам калёну байкераў спыніла ДАІ.

15:47 19.9.2020

Жаночы марш ідзе вуліцай Багдановіча ў бок плошчы Бангалор

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG