Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткі разгон жаночага шэсьця
Жорсткі разгон жаночага шэсьця

Сілавікі ў масках разагналі «Бліскучы марш» жанчын у Менску. Што адбываецца на 42-і дзень пратэстаў у Беларусі

15:33 19.9.2020

Жаночы марш у Менску: у калёне ўжо ня менш за тысячу чалавек

У калёне ўжо ня менш за тысячу чалавек. Жанчыны вельмі добра арганізаваныя, скандуюць «Верым, можам, пераможам».

15:26 19.9.2020

Суботнік «Прыбяром сьмецьце разам!» пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ў Гомлі

У Гомлі мясцовыя жыхары сёньня самаарганізаваліся для суботніку. Кожную суботу актывісты прыбіраюць вадаёмы пад дэвізам «Прыбяром сьмецьце разам!». Гэтым разам яны прыбралі возера Бабрыха. Актывістаў суправаджала і здымала на камэру міліцыя.

15:24 19.9.2020

У розных раёнах Менску зьбіраюцца людзі

У мікрараёнах Менску зьбіраюцца людзі. На фота — людзі каля фігуры Цмока ва Ўруччы, а таксама каля ГЦ «Спэктар».

Тым часам на станцыі мэтро «Уручча», як паведамляе телеграм-канал Белсат, міліцыя правярае торбы ва ўсіх пасажырак. Пры гэтым на мужчын увагу не зьвяртаюць.

15:19 19.9.2020

Жаночы марш у Менску пачаўся

На Камароўскай плошчы некалькі сотняў жанчын. Сёньняшні Жаночы марш – «Бліскучы». Жанчыны ўпрыгожваюць сябе бліскаўкамі і прыходзяць у яркім адзеньні.

Жанчыны сталі ў шэрагі і арганізавана рушылі ў бок вуліцы Багдановіча. Гэтым разам, у адрозьненьне ад папярэдняй суботы, марш пачаўся без затрыманьняў.

Замыкае калёну Ніна Багінская са сьцягам. Зь ёй актыўна фатаграфуюцца. Сілавікоў не відаць.

15:18 19.9.2020

«Сказалі, што сына ніхто не адбіраў». Праз два дні Алене Лазарчык вярнулі 6-гадовага сына Арцёма

Удзень 19 верасьня а 12-й гадзіне да сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру і прытулку Фрунзэнскага раёну Менску прыйшлі больш за сто чалавек. Людзі прынесьлі дзіцячыя цацкі і плякаты, выказваючы такім чынам нязгоду з органамі апякунства, якія накіравалі шасьцігадовага сына актывісткі «Эўрапейскай Беларусі» Алены Лазарчык у прытулак. Сама Алена зьявілася ля прытулку каля 13-ай гадзіны. Ахова прапусьціла яе ўнутр пасьля непрацяглай паўзы. Прыкладна праз 30 хвілін актывістка выйшла адтуль з сынам Арцёмам.

«Са мной там амаль не гаварылі, — расказала яна Свабодзе. — Мы мірна пагаварылі з дырэктрысай, яна сапраўды па-людзку да мяне паставілася. Нічога дрэннага не гаварыла, усё добра. Яна сказала, што я магу забраць сына, што яго ніхто не адбіраў. Мы чакалі, пакуль сын паесьць, зьбярэцца, апранецца. Я запоўніла паперы, напісала заяву, што забіраю дзіця дадому. І ўсё. Чаму так адбылося? Ня ведаю. Магчыма, гэта было мэтанакіравана. Мяне ўжо арыштоўвалі (у ліпені 2020 году. — РС). Толькі тады я пасьпела пазваніць дачцэ, яна забірала малодшага сына. Магчыма, гэта такі ціск. Я ня ведаю». Цалкам чытайце тут.

14:44 19.9.2020

Сілавікі ў чаканьні жаночай акцыі пратэсту ў Менску

6 аўтазакаў, 3 бусы, некалькі міліцэйскіх аўтамабіляў чакаюць на вуліцы Чырвонай, каля самай плошчы Якуба Коласа.

Тым часам ля Камароўскага рынку жанчыны зьбіраюцца на традыцыйны суботні марш. Міліцыянты праверылі дакумэнты ва ўсіх журналістаў ля Камароўскага рынку. Папярэдзілі, каб трымаліся за 50 мэтраў ад падзеяў.

14:05 19.9.2020

Мужчыну, які зьдзейсьніў спробу самаспаленьня на ганку Смалявіцкага РАУС, даставілі ў Менск

Паводле Мінздароўя, яго стан крайне цяжкі. У Смалявічах яму аказалі ўсю магчымую дапамогу, цяпер перавялі ў рэанімацыю Рэспубліканскага апёкавага цэнтру.

13:55 19.9.2020

Менскім актывістам вярнулі шасьцігадовага сына, якога забралі ў прытулак

Сына актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Алены Лазарчык і Сяргея Мацкойця вярнулі ў сям’ю. Прыкладна 300 чалавек прыйшлі да менскага прытулку, каб маральна падтрымаць бацькоў.

Алена Лазарчык з сынам Арцёмам.
Алена Лазарчык з сынам Арцёмам.

Шасьцігадовы Арцём ад 17 верасьня знаходзіўся ў сацыяльна-пэдадагічным цэнтры з прытулкам Фрунзэнскага раёну Менску. У той дзень Алену Лазарчык затрымалі «для высьвятленьня асобы». У яе адразу ж забралі тэлефон, завезьлі ў міліцэйскі пастарунак у раёне Акадэміі навук і пратрымалі да 23-й гадзіны.

13:44 19.9.2020

У гомельскім ізалятары амаль тыдзень галадае арыштаваны

У ізалятары часовага ўтрыманьня Гомля з 13 верасьня галадае на знак пратэсту супраць затрыманьня Аляксандр Лукомскі.

Пра гэта паведамілі Свабодзе яго былыя сукамэрнікі, якія выйшлі на волю пасьля 5-дзённага пакараньня.

44-гадовага Аляксандра затрымалі ў нядзелю пасьля Маршу герояў і пакаралі арыштам на 10 содняў.

13:33 19.9.2020

«Незаконны загад — патрабуйце, каб быў у пісьмовым выглядзе». Цапкала зьвярнуўся да сілавікоў

Прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду падчас сёлетніх выбараў Валер Цапкала зьвярнуўся да супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі з заклікам успомніць прысягу.

«Калі вы бачыце, што паступае незаконны загад — патрабуйце, каб гэты загад быў аддадзены ў пісьмовым выглядзе. Самы просты спосаб — кіравацца законам», — напісаў бізнэсовец і экс-дыплямат у сваім тэлеграм-канале.

13:04 19.9.2020

300 чалавек прыйшлі да дзіцячага прытулку разам з актывісткай, у якой забралі дзіця

Больш за 300 чалавек прыйшлі да прытулку на вуліцы Бірузова ў Менску, куды патрапіў сын актывісткі Алены Лазарчык.

6-гадовага Арцёма сацыяльныя службы забралі пасьля таго, як маці не прыйшла па яго ў групу падоўжанага дня. Паводле Алены, напярэдадні яе выклікалі ў міліцыю і трымалі там да позьняга вечара, забраўшы тэлефон.

12:47 19.9.2020

Кіраўнік найбуйнейшага нарвэскага партнэра «Беларуськалію» сустрэўся са страйкамаўцамі ў Салігорску

Размова доўжылася 40 хвілін, у ёй браў удзел генэральны дырэктар Yara Свайн Тур Гульсэтэр, паведаміў сустрашыня страйкаму Анатоль Бокун.

«Мы перадалі сьпіс рэпрэсаваных працаўнікоў, тых, хто звольнены падчас страйку, хто адбыў арышты ці пазбаўлены прэміі. Нас наўпрост спыталі: ці хочам, каб нарвэская кампанія зусім сышла з беларускага рынку? На гэта мы адказалі, што ім вырашаць, але, паколькі мы выступаем за дыялёг паміж намі і наймальнікам, то найперш спадзяемся, што Yara стане пасярэднікам у гэтым дыялёгу», — расказаў Анатоль Бокун пра сустрэчу з дэлегацыяй кампаніі Yara.

12:34 19.9.2020

МУС Беларусі мае праверыць заяву палітзьняволенай Калесьнікавай аб яе выкраданьні

Заява сябра прэзыдыюма Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай аб завядзеньні крымінальнай справы па факце яе выкраданьня і пагроз накіраваная ў МУС Беларусі для праверкі, паведамілі ў штабе экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі.

Марыя Калесьнікава, Менск, 29 жніўня 2020
Марыя Калесьнікава, Менск, 29 жніўня 2020

Сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву невядомыя затрымалі 7 верасьня, яе хацелі сілком вывезьці ва Ўкраіну, але на мяжы яна парвала свой пашпарт.

9 верасьня Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што Калеснікава арыштаваная па справе аб закліках да захопу ўлады. Яе адвакат сказала, што сама Калесьнікава расцэньвае тое, што адбылося зь ёй як выкраданьне. Цяпер яна знаходзіцца ў Сьледчым ізалятары ў Жодзіна.

12:11 19.9.2020

12:04 19.9.2020

У Сан-Францыска ля офісу Francisco Partners, якія валодаюць Sandvine, прайшла акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю. Sandvine —гэта фірма, чыё абсталяваньне ўжывалася беларускімі ўладамі для блякаваньня інтэрнэту падчас пратэстаў

12:01 19.9.2020

Людзі зьбіраюцца ля прытулку, куды зьмясьцілі сына актывістаў «Эўрапейскай Беларусі»


Людзі зьбіраюцца ля сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру з прытулкам, дзе знаходзіцца шасьцігадовы сын Алены Лазарчык і Сяргея Мацкойця.

Гісторыю выкраданьня дзіця ў бацькоў, пакуль маці трымалі ў міліцыі, расказала Ірына Халіп на Facebook. Камэнтароў з боку дзяржаўных органаў не было.

11:52 19.9.2020

Гістарычныя сымбалі цяпер — сымбалі большасьці

  • Масавыя акцыі пратэсту па ўсёй Беларусі адбываюцца пад нацыянальнай сымболікай. Маем фактычна новы рэфэрэндум — аб вяртаньні бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» на дзяржаўны ўзровень.
  • Зьмянілася генэрацыя беларусаў: ад насельніцтва да грамадзянскай супольнасьці. Пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй» фармуецца беларуская палітычная нацыя.
  • Нацыянальная сымболіка — выбар такой каштоўнасьці, як павага дзяржавы да асобы і яе правоў. Сёньня БЧБ і «Пагоня» ёсьць графічным сынонімам паняцьця эўрапейскай цывілізацыі.
  • Пра Беларусь дазнаўся ўвесь сьвет. Беларусаў ведаюць як адважных і рашучых людзей, якія вядуць сваё змаганьне пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй».
  • Бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» сталіся ня толькі палітычнымі знакамі. Яны ўвайшлі ў сэрцы вялікай колькасьці беларусаў.
XS
SM
MD
LG