Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзвычайная сэсія ААН пра Беларусь, незакрытыя межы і спроба самаспаленьня ў Смалявічах. Што адбываецца на 41-ы дзень пратэстаў

15:57 18.9.2020

Удзельніка пратэстаў штодня выклікаюць у міліцыю

Мянчук Анатоль Навумовіч, якога затрымлівалі ў ліпені на пратэставай акцыі, 17 верасьня пасьля працы мусіў прыйсьці ў райадзел міліцыі на гутарку аб крымінальна-працэсуальным праве. Цяпер амаль два месяцы кожны будны дзень прафіляктычныя сустрэчы для яго стануць абавязковыя

Паводле Анатоля Навумовіча, у міліцыі яго папярэдзілі, што калі да 4 лістапада ў яго будзе два правапарушэньні, якія прадугледжваюць адміністрацыйныя санкцыі, дык яго паставяць на прэвэнтыўны нагляд з абмежаваньнямі, як на «хатняй хіміі». А парушэньні падчас прэвэнтыўнага нагляду могуць скончыцца судом і арыштным домам. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

15:59 18.9.2020

Страйкам «Беларуськалію» абскардзіць судовае рашэньне аб прызнаньні страйку незаконным

Скаргу пададуць у пачатку будучага тыдня. Пра гэта Свабодзе паведаміў сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун. Паводле Бокуна, страйк на прадпрыемстве працягваецца ў розных формах.

«Яшчэ недзе 20 чалавек ужо амаль месяц страйкуюць, як я, не выходзячы на працу. Шмат іншых страйкуюць па-італьянску» — сказаў Анатоль Бокун.

«У выніку на 1-м і 2-м рудніках месячныя пляны не былі выкананыя на 17-18 адсоткаў», — кажуць калегі Бокуна ў страйкаме "Беларуськалію". Да 100 работнікаў прадпрыемства, якіх пазбавілі прэміі за ўдзел у страйку, падалі на гэтае рашэньне адміністрацыі скаргі, і Незалежны прафсаюз гарнякоў бярэцца ім дапамагчы. Артыкул цалкам чытайце тут.

16:00 18.9.2020

Станіслаў Шушкевіч і яшчэ 350 выпускнікоў фізфаку БДУ запатрабавалі новых выбараў

Выпускнікі і супрацоўнікі фізычнага факультэту БДУ адправілі зварот у Нацыянальны сход Беларусі з заклікам спыніць гвалт, аднавіць вяршэнства закону і правесьці новыя выбары прэзыдэнта з выкананьнем заканадаўства.

Тэкст у рэдакцыю Tut.by даслалі яго аўтары. Зварот складзены на беларускай і расейскай мовах, подпісы пад ім зьбіраліся 2-17 верасьня.

«Разумеючы законы разьмеркаваньня імавернасьцяў, лёгіку матэматычнай статыстыкі, абапіраючыся на сьведчаньні парушэньняў падчас выбарнага працэсу і кіруючыся арт. 1,3 Канстытуцыі Беларусі, мы патрабуем прызнаць вынікі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь несапраўднымі», — адзначаецца ў звароце. Цалкам чытайце тут.

16:02 18.9.2020

Мінздароўя: Мужчына, які паспрабаваў спаліць сябе на ганку Смалявіцкага РАУС, у вельмі цяжкім стане

«Пацыент знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Яму надаюць усю магчымую дапамогу», — паведаміла БелаПАН прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. Падрабязнасьці таго, што здарылася і асобу мужчыны ў Міністэрстве аховы здароўя не паведамляюць, спаслаўшыся на забарону з боку сваякоў пацярпелага.

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што мужчына, які спрабаваў падпаліць сябе, — 36-гадовы мясцовы жыхар, які «неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за расьпіцьцё спіртовых напояў, таксама выказваўся пра спробы суіцыду».

«Некалькі дзён таму мужчына тэлефанаваў у міліцыю з паведамленьнем, што ён на могілках зводзіць рахункі з жыцьцём. Праваахоўнікі выехалі туды і прадухілілі яго дзеяньні», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-сакратаркі МУС.

Сьледчы камітэт у сваю чаргу сьцьвярджае, што мужчына нібыта праходзіў лячэньне ў сувязі са схільнасьцю да суіцыду яшчэ ў 2016 годзе (у паведамленьні МУС пра гэта ня згадваецца). Цалкам чытайце тут.

16:23 18.9.2020

Кіраўнікі дыпмісіяў краінаў Эўразьвязу ў Менску заклікалі ўлады Беларусі выконваць міжнародныя абавязальніцтвы

Кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу ў Менску заклікалі беларускія ўлады выконваць міжнародныя абавязальніцтвы і вызваліць палітычных зьняволеных.

«З гэтага дня кожны з нас будзе браць копію сьпісу палітвязьняў у Беларусі на кожную сустрэчу зь беларускімі чыноўнікамі, — пішуць на Facebook-старонцы Эўразьвязу ў Беларусі. — Мы паўтараем, што мірнае і ўстойлівае ўрэгуляваньне бягучага крызісу можа быць вынікам толькі інклюзыўнага нацыянальнага дыялёгу, які праводзіцца пры поўным захаваньні асноўных правоў і свабодаў беларускага народу і пры поўнай павазе да яго патрабаваньняў дэмакратычнага працэсу»

16:31 18.9.2020

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак абвясьціў галадоўку ў СІЗА

Адвакат і сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак абвясьціў галадоўку на знак нязгоды з выстаўленымі​ яму абвінавачаньнямі, паведаміў Tut.by абаронца Знака Дзьмітры Лаеўскі. Знаку выставілі абвінавачаньне паводле ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту).

Паводле Лаеўскага, Максім Знак прыйшоў да высновы, што ў Беларусі не працуюць праўныя мэханізмы абароны правоў і свабодаў асобы, і ва ўмовах СІЗА ён ня бачыць іншых спосабаў барацьбы, «улічваючы відавочнасьць абсурднасьці таго, што адбываецца ў частцы абвінавачваньня ў злачынстве за свабоднае выказваньне грамадзянамі сваёй думкі».

16:32 18.9.2020

«Правакацыя без канкрэтных падставаў». Прэзыдэнты Літвы і Польшчы пра заяву Лукашэнкі аб закрыцьці межаў

«Трэба разумець, што межы могуць быць закрытыя з абодвух бакоў», — перадае словы прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы яго прэс-служба.

Наўседа назваў заяву Лукашэнкі «правакацыяй без канкрэтных падставаў». Польшчу літоўскі бок запрасіў далучыцца да рэгіянальных санкцыяў, каб прадэманстраваць салідарнасьць з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, і прэзыдэнт Польшчы адказаў, што разглядае ўвод нацыянальных санкцыяў.

Таксама Польшча і Літва маюць заклікаць чальцоў Эўразьвязу хутчэй дамовіцца пра санкцыі на ўзроўні ўсяго Эўразьвязу. У часе размовы таксама абмеркавалі дэталі пляну падтрымкі дэмакратыі Беларусі, «неабходнасьць кансалідацыі краінаў, што падтрымліваюць гэты плян».

16:54 18.9.2020

У Латвію на лячэньне прыехалі шэсьць пацярпелых падчас пратэстаў беларусаў

Урад Латвіі вылучыў 50 000 эўра на лячэньне беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій і катаваньняў. Пры падтрымцы валянтэрскай арганізацыі праз мяжу былі перапраўленыя першыя шэсьць пацярпелых зь цяжкімі траўмамі. Мужчыны кажуць, што каб яны не ўцяклі, то зьніклі б або селі ў турму, паведамляе партал Delfi са спасылкай на Latvijas Televīzija.

Двое пацярпелых Віктар і Іван папрасілі схаваць іх твары і зьмяніць імёны. Гэтая паездка ў Рыгу для іх стала першай у Эўразьвяз. Цела Віктара — у шрамах, у Латвіі яго праапэравалі яшчэ раз і знайшлі аскепкі ад сьветлашумавой гранаты.

Іван ня быў актыўным удзельнікам пратэстаў, але зараз стаў перакананым праціўнікам Лукашэнкі. Яго затрымалі на вуліцы, зьбівалі пры затрыманьні, у машыне, у ізалятары. У выніку ён атрымаў цяжкае страсеньне мозгу, пераломы костак твару і ногі, разрыў барабаннай перапонкі.

16:59 18.9.2020

У Гомлі адкрылі скандальную мачту для сьцяга. У тым ліку, каб «пераканаць нашых суайчыньнікаў, якія заблукалі»

У Гомлі 18 верасьня прайшло ўрачыстае адкрыцьцё тронца для сьцяга за 1,5 мільёна рублёў. 4,5 тысячы жыхароў гораду выступілі супраць будаўніцтва. Яго былі прыпынілі, але пасьля выбараў аднавілі. Улады хавалі інфармацыю пра замоўніка будаўніцтва, не выстаўлялі пашпарт аб’екту, але пераконвалі, што будоўля не за бюджэтныя сродкі.

На адкрыцьці тронца выступіў старшыня Гомельскага аблвыканкаму Генадзь Салавей. Ён паведаміў гомельцам:

«Пакуль частка насельніцтва паслухмяна выконвае загады заходніх спэцслужбаў, укладзеныя ў вусны малалетніх блогераў, шчырыя патрыёты краіны працягваюць працаваць на карысьць Радзімы». Шчырыя патрыёты — гэта «аграрыі, якія забясьпечваюць нам харчовую бясьпеку, працоўныя калектывы — эканамічную, мэдыкі стаяць на варце нашага здароўя, настаўнікі закладваюць маральныя падмуркі нашай будучыні». Салавей паставіў перад сабранымі задачу «пераканаць тых нашых суайчыньнікаў, якія заблукалі».

17:11 18.9.2020

У Гомлі праваслаўнаму сьвятару прысудзілі 10 сутак арышту

18 верасьня суд Савецкага раёну Гомля пакараў арыштам на 10 сутак праваслаўнага сьвятара Ўладзімера Драбышэўскага.

Сьвятар неаднаразова выходзіў на акцыі пратэсту, маршы, стаяў з адзіночным пікетам «Спыніце гвалт». На мінулым тыдні яго некалькі разоў спрабавалі схапіць невядомыя ў цывільным, але бацюшку «адбівалі» мінакі. Сёньня зранку Уладзімер Драбышэўскі пайшоў па позьве ў міліцыю і напісаў у сваім facebook, што прыхапіў з сабой кнігі на выпадак затрыманьня.

Ва Ўладзімера Драбышэўскага — шасьцёра дзяцей. Яго Епархія летам пазбавілася прыходу.

17:30 18.9.2020

17:52 18.9.2020

МЗС Беларусі: адказ на магчымыя санкцыі Эўразьвязу можа закрануць працу замежных СМІ ў Беларусі

Адказ Беларусі на магчымыя санкцыі Эўразьвязу можа закрануць у тым ліку працу замежных СМІ ў краіне, заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей, адказваючы на пытаньні журналістаў, паведамілі на тэлеканале СТВ. У прыватнасьці, гаворка зайшла пра абмеркаваньне 21 верасьня міністрамі замежных спраў краін-сябраў Эўразьвязу пытаньня аб санкцыях у дачыненьні да беларускіх афіцыйных асобаў.

«Натуральна, у выпадку, калі будуць прынятыя нейкія санкцыйныя меры ў дачыненьні да Беларусі, то, думаю, і беларускай дзяржавай будуць прыняты адпаведныя крокі, зьвязаныя з унутрыпалітычным функцыянаваньнем дзяржаў. Гэта можа тычыцца і палітычнай сыстэмы, і функцыянаваньня замежных СМІ, акрэдытаваных у Беларусі, і шэрагу іншых крокаў», — заявіў Уладзімер Макей. Цалкам чытайце тут.

17:53 18.9.2020

Пратаколы, сінякі, лаянка. Але пэнсіянэры ходзяць на мірныя акцыі пратэсту. ВІДЭА

Горадзенскія пэнсіянэры расказваюць пра свой досьвед вулічнага змаганьня летам і восеньню 2020 году.

17:55 18.9.2020

«На месцы Лукашэнкі я асьцерагаўся б адзіных сьцягоў — расейскіх», — віцэ-міністар замежных справаў Польшчы

Польшча ініцыявала і распрацоўвае тры пляны дапамогі Беларусі, — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Марцін Пшыдач.

  • Першы плян мае сацыяльны характар: каля 50 чалавек зь Беларусі цяпер атрымліваюць мэдычную і рэабілітацыйную дапамогу ў Польшчы. Сярод тых, каго прыняла Польшча, — Павал Латушка і Вольга Кавалькова.Апрача таго, ухваленая адмысловая праграма для адлічаных беларускіх студэнтаў — каля 1 тысячы студэнтаў змогуць атрымаць стыпэндыю ад польскага ўраду.
  • Другі плян — эканамічная падтрымка бізнэсу, ІТ-сэктару.
  • Трэці плян (так званы «плян Маршала») мае эканамічны характар.Марцін Пшыдач паведаміў, што Польшча пачала дыялёг з эўрапейскімі партнэрамі, каб выпрацаваць канкрэтны плян дапамогі для Беларусі ў выпадку правядзеньня свабодных выбараў

.«Мы пакуль ня кажам пра канкрэтныя лічбы, пра сумы — гэта будзе рашэньне Эўразьвязу», — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы. Цалкам чытайце па спасылцы.

18:00 18.9.2020

«Нацыянальная дамэнная зона ў жніўні — мінус 350%». Кіраўнік hoster.by заявіў пра параліч ІТ-краіны

Генэральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў выказаўся пра адключэньне інтэрнэту, блякаваньне сайтаў, рэлакейт айцішнікаў і пэрспэктывах ІТ-сэктара ў Беларусі.

Прырост у нацыянальнай даменнай зоне ў жніўні — мінус 350% у параўнаньні з сярэдняй колькасьцю рэгістрацый штомесяц. За ўвесь час у гэтай сфэры такіх лічбаў ня памятаю, напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Сяргей Павалішаў.

Адмыслоўца спрагназаваў скарачэньне рынку хостынгу на 20% да канца году, што вельмі шмат. З такімі тэмпамі ІT-краіна адкоціцца назад мінімум на 5 гадоў. Больш чытайце тут.

18:02 18.9.2020

Рада ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі і пачаць дыялёг з апазыцыяй

Рада правоў чалавека ААН (РПЧ) заклікала ўлады Беларусі пачаць дыялёг з Каардынацыйнай радай апазыцыі. Пра гэта гаворыць рэзалюцыя, прынятая 18 верасьня на прапанову Нямеччыны ад імя Эўразьвязу ў выніку дыскусіі аб сытуацыі ў краіне. За рэзалюцыю прагаласавалі 23 краіны, супраць — 2, устрымаліся — 22.

Рада выказала заклапочанасьць парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку катаваньнямі зьняволеных і «актамі адвольнага пазбаўленьня жыцьця». У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што ў Беларусі абмежаваны доступ да шэрагу сайтаў СМІ, пазбаўленыя акрэдытацыі журналісты замежных СМІ, адбываецца блякаваньне доступу да інтэрнэту.

«РПЧ настойліва заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, журналістаў, праваабаронцаў, членаў страйкавых камітэтаў, студэнтаў і тых, хто быў затрыманы напярэдадні, падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў за ажыцьцяўленьне сваіх правоў чалавека і асноўных свабодаў», — гаворыцца ў рэзалюцыі. Цалкам чытайце тут.

18:23 18.9.2020

Абаронцу муралу на «Плошчы перамен» у Менску ўзялі пад варту

У дачыненьні да менчука Сьцяпана Латыпава, які абараняў ад сілавікоў мурал з выявамі «дыджэяў перамен», абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. «Скончыліся 72 гадзіны ад моманту затрыманьня і ён ня выйшаў», — адзначыў БелаПАН яго адвакат Ільля Пярхальскі.

Да гэтага дня Сьцяпан Латыпаў знаходзіўся ў ізалятары на Акрэсьціна. Дзе ён цяпер, яго абаронца дакладна ня ведае, бо ня змог зьвязацца са следчымі органамі.

Сьцяпан Латыпаў праходзіць падазраваным паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). Ён быў затрыманы 15 верасьня ў двары свайго дому на вуліцы Чарвякова, які атрымаў негалосную назву «Плошча перамен».

19:02 18.9.2020

Як Расея спрабавала сарваць рэзалюцыю аб Беларусі ў Радзе правоў чалавека ААН

Піша кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.

Паседжаньне Рады правоў чалавека ААН 18 верасьня, на якім меліся абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі і прымаць адпаведную рэзалюцыю, пачалося з скандалу.

Не пасьпела старшыня Рады Элізабэт Тыхі-Фісьльбэргер адкрыць паседжаньне, як адразу ж прадстаўнікі чатырох дэлегацыяў — Беларусі, Расеі, Вэнэсуэлы і Кітаю — па чарзе пачалі казаць, што трэба спыніць усе трансьляцыі і што катэгарычна нельга заслухоўваць прыватных асобаў зь Беларусі, а слухаць толькі афіцыйную дэлегацыю. Аднак спадарыня старшыня пакінула гэтыя меркаваньні па-за дужкамі і працягнула паседжаньне. Тады прадстаўнікі гэтых дэлегацыяў пачалі браць слова па чарзе, спрабуючы зацягнуць час. Далей чытайце тут.

19:04 18.9.2020

Беларуская праваслаўная царква адмежавалася ад выступу ігуменьні Гаўрыілы на сходзе за Лукашэнку

Так пракамэнтаваў прадстаўнік Беларускага экзархату РПЦ Сергій Лепін выказваньні манахіні, якія многім здаліся далёкім ад духоўных канонаў хрысьціянства.

«Так, яна прысутнічала на мерапрыемстве з дабраславеньня мітрапаліта, але сам ён ня быў інфармаваны аб тым, што гэта ня проста нейкае „жаночае“ мерапрыемства, а з пэўным палітычным падтэкстам. Ці быў парушаны прынцып неўмяшаньня ў палітыку яе прамовай? Відаць, так. Але ў кожным разе матушка выказала сваю думку, якую просім не атаясамліваць з усёй БПЦ», — адзначыў Сергій Лепін.

Падчас праўладнага жаночага форуму 17 верасьня ігуменьня горадзенскага праваслаўнага манастыра Гаўрыіла выказала ўласную думку аб пасьлявыбарных падзеях у Беларусі. Сярод іншага ў сваім выступе ігуменьня назвала апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі «сэктантамі», а таксама зганьбіла нацыянальныя сымбалі Беларусі.

19:05 18.9.2020

У Менску не працуюць станцыі мэтро «Кастрычніцкая/Купалаўская»

Мэтрапалітэн паведаміў, што станцыі «Кастрычніцкая/Купалаўская» закрылі «з тэхнічных прычынаў» яшчэ ў 18.34, цягнікі дагэтуль на іх не спыняюцца.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG