Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзвычайная сэсія ААН пра Беларусь, незакрытыя межы і спроба самаспаленьня ў Смалявічах. Што адбываецца на 41-ы дзень пратэстаў

08:03 18.9.2020

Лукашэнка другі раз атрымаў Шнобелеўскую прэмію

У Гарвардзкім унівэрсытэце ў ЗША 17 верасьня прайшла цырымонія ўручэньня Шнобелеўскай прэміі, якую прысуджаюць за сумнеўныя і абсурдныя навуковыя дасягненьні і ідэі.

«Узнагарода ў галіне мэдыцынскай адукацыі прысуджана лідэрам Бразыліі, Вялікабрытаніі, Індыі, Мэксыкі, Беларусі, ЗША, Турэччыны, Расеі і Туркмэністану за выкарыстаньне пандэміі каранавірусу для таго, каб навучыць сьвет таму, што палітыкі могуць мацней уплываць на жыцьцё і сьмерць, чым навукоўцы і лекары», – заявіў заснавальнік прэміі Марк Абрахамс.

У 2013 годзе Лукашэнка ўжо атрымліваў Шнобелеўскую прэмію разам зь менскай міліцыяй. Падставай для гэтага стала забарона публічных аплядысмэнтаў у Беларусі і затрыманьне сілавікамі чалавека з адной рукой, якога абвінавацілі ў парушэньні гэтай забароны.

08:44 18.9.2020

Затрымалі каардынатарку Валянтэрскай службы «Вясны», у яе кватэры правялі ператрус

Вечарам 17 верасьня ў Менску затрымалі каардынатарку валянтэрскай службы «Вясны» Марыю Рабкову і ейнага мужа Вадзіма Жаромскага. Празь некалькі гадзінаў Жаромскага адпусьцілі.

Вадзім Жаромскі, здымак 2016 году
Вадзім Жаромскі, здымак 2016 году

Прыкладна каля 9 гадзін вечара Марыя і Вадзім вярталіся дадому па вуліцы Ціміразева. Пасярэдзіне вуліцы спыніліся некалькі бусаў, адтуль выбеглі людзі і паклалі іх тварам у асфальт. Ім паведамілі, што затрымалі іх у межах крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці). Затрыманьне праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю (ГУБАЗіК).

Марыю і Вадзіма пасадзілі ў розныя мікрааўтобусы, Вадзіма павезьлі ў кватэру на ператрус. Падчас ператрусу забралі тэхніку, асабістыя рэчы, грошы на вучобу. Пасьля гэтага Вадзіма павезьлі на допыт у ГУБАЗіК, вадзілі па калідорах з мехам на галаве. Пагражалі, што павязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня, але раптам адпусьцілі, сказаўшы, што на наступны дзень у яго адбудзецца допыт.

Марыя Рабкова дагэтуль затрыманая. Дзе яна знаходзіцца — ці яшчэ ў будынку ГУБАЗіК, ці яе перавялі ў іЧУ — дагэтуль невядома.

10:22 18.9.2020

Стваральнік найбуйнейшага telegram-каналу Nexta даў інтэрвію Юрыю Дудзю

Сьцяпан Пуціла, які стварыў telegram-канал Nexta з 2 млн падпісчыкаў, даў інтэрвію расейскаму журналісту Юрыю Дудзю, на youtube-канал якога падпісаныя амаль 8 мільёнаў чалавек.

  • «Калі доўга быць незадаволеным і не выпускаць пару, то калісьці адбудзецца выбух. І гэта адбылося: беларусы доўга трывалі, беларусы трывалі 26 гадоў. 26 гадоў увогуле ўсяго — бязглуздзіцы, прыніжэньняў і зьдзекаў. І настаў час, калі варта сказаць „не“», — так Пуціла пракамэнтаваў цярпялівасьць беларусаў і масавыя пратэсты.
  • «Гэта інфармацыйная вайна, у першую чаргу: бі ворага яго ж зброяй. Мы вымушаны адказваць гэтак», – адказаў Пуціла на пытаньне пра мову варожасьці і прапаганду на каналах Nexta.
  • Пуціла лічыць, што людзі выйшлі не пасьля выбараў, а ад гвалту, які перажылі «7-10 тысяч удзельнікаў пратэсту пасьля выбараў».
  • Nexta фінансуецца за кошт краўдфандынгу падпісантаў і рэклямы. Адзін жнівеньскі пост з просьбай падтрымкі сабраў 47 тысяч даляраў. Гэтую суму выдаткавалі на падтрымку ініцыятывы дапамогі рэпрэсаваным BY_help, закупліваньне тэхнікі, ганарары камандзе, а частку адклалі. Пуціла сказаў, што неўзабаве рэклямы стане больш, бо праекту трэба пашырацца. Рэклямны пост на 2-мільённым тэлеграм-канале Nexta Live каштуе 6 тысяч даляраў. Паводле Пуцілы, у жніўні праект часткова не разьмяшчаў рэкляму.
10:37 18.9.2020

Польскі МЗС: Мяжа зь Беларусьсю працуе нармальна

«Згодна з інфармацыяй, атрыманай ад Памежнай варты, у гэты момант польска-беларуская мяжа функцыянуе нармальна», — заявіла Міністэрства замежных спраў Польшчы 17 верасьня, а восьмай гадзіне вечара.

Міністэрства такім чынам адказала на запыт польскага інфармацыйнага агенцтва PAP у сувязі з ранейшай заявай Аляксандра Лукашэнкі аб закрыцьці межаў з Польшчай і Літвой і ўзмацненьні мяжы з Украінай.

Беларускі тэлеканал АНТ паведаміў, што «ахова дзяржаўнай мяжы Беларусі ажыцьцяўляецца ва ўзмоцненым варыянце». Пункты пропуску, адзначыў тэлеканал, ажыцьцяўляюць афармленьне на ўезд і выезд у межах прапускной здольнасьці, усе захады прымаюцца з улікам наяўнага становішча на кожным канкрэтным кірунку.

11:05 18.9.2020

Пасьля 10 сутак у Жодзіна выйшла на волю Валерыя Уласік, дачка рэдактаркі Tut.by.

Таксама пасьля арышту выйшаў сябра прэзыдыюма Каардынацыйнай рады, старшыня стачкаму Менскага трактарнага заводу Сяргей Дылеўскі. Пра гэта піша «Наша ніва».

11:23 18.9.2020

Ціханоўская адрэагавала на заяву Лукашэнкі аб закрыцьці межаў

«Лукашэнка ўжо палохаў нас няіснымі ворагамі, абвінавачваў мірных людзей у гвалце, а сапраўдных патрыётаў — у здрадзе Радзіме, — цытуе Сьвятлану Ціханоўскую канал «Пул первой». — Але тое, што ён учора нагаварыў пра закрыцьцё межаў — гэта новы ўзровень адрыву ад рэальнасьці. Гэта словы слабога чалавека зь яго ўласнага ўяўнага сьвету.

Ня слухайце і не зьвяртайце ўвагі на тое, што кажа Лукашэнка. Ён страціў усялякае давер. Усе нашыя суседзі — нашыя сябры. Усе беларусы — адзін народ»

13:01 18.9.2020

Паручыцца за зьняволенага юрыста Максіма Знака прыйшлі дзясяткі адвакатаў. Суд перанесьлі

Максім Знак, Марыя Калесьнікава і Ільля Салей
Максім Знак, Марыя Калесьнікава і Ільля Салей

У судзе Партызанскага раёну Менску было прызначана паседжаньне для разгляду скаргі на ўзяцьце пад варту адваката Максіма Знака, якога 9 верасьня затрымалі ў рамках справы аб «захопе ўлады».

Хадайнічаць аб асабістай паруцы ў суд прыйшлі некалькі дзясяткаў адвакатаў, якія раней запісалі відэа ў падтрымку Максіма Знака і Ільлі Салея. Паседжаньне без тлумачэньня прычынаў перанесьлі з 9.30 на 16.00 у іншы суд — Менскі гарадзкі, паведамляе Tut.by.

«Паседжаньне на 9.30, а сьледчы ў апошні момант прызначыў на 9.00 працэсуальнае дзеяньне ў СІЗА. Мы вусна і пісьмова прасілі перанесьці час у рамках гэтага ж дня на пасьля абеду і не перашкаджаць Максіму паўдзельнічаць у судзе, але атрымалі пісьмовую адмову. Абуральнае парушэньне правоў грамадзянаў. Перашкоды для абароны ствараюцца нават на ўзроўні доступу да суду, дык хіба можна казаць пра нейкую законнасць?», — абурыўся адвакат Дзьмітры Лаеўскі.

Чытаць цалкам

13:02 18.9.2020

Фонд BY_help выплаціў ахвярам гвалту і палітычных прысудаў першы мільён рублёў

Пра гэта заявіў адзін зь ініцыятараў стварэньня фонду Аляксей Лявончык на Facebook.

Гэты фонд не адзіны, які дапамагае беларусам у сувязі з палітычнай сытуацыяй. Агулам у такія фонды сабралі 6,2 млн даляраў.

13:03 18.9.2020

Прадстаўнік Беларусі ў ААН: Гвалту і зьніклых у Беларусі падчас пратэстаў не было

Рада правоў чалавека ААН у Жэнэве 18 верасьня праводзіць надзвычайную сэсію, прысьвечаную пасьлявыбарчай сытуацыі ў Беларусі.

Сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэнэве Юры Амбразевіч зьняпраўдзіў заявы пра гвалт над затрыманымі і зьніклых бязь вестак у ходзе пратэстаў у краіне.

«Мы абвяргаем непацьверджаныя абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце супраць затрыманых. Зарэгістраваных афіцыйных заяў аб гэтым няма, таксама не пацьвярджаецца інфармацыя пра зьніклых бязь вестак у непасрэднай сувязі з пратэстамі», — цытуе Амбразевіча ТАСС.

Сьвятлана Ціханоўская ў сваім відэазвароце да Рады ААН заявіла пра гатоўнасьць да дыялёгу зь беларускімі ўладамі.

«Я яшчэ раз адзначаю наша жаданьне весьці дыялёг з уладамі і знайсьці мірнае рашэньне крызысу, які закрануў нашу краіну», – сказала Ціханоўская.

13:54 18.9.2020

Спэцдакладчык ААН: Катастрафічная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца

Анаіс Марэн прадстаўляе даклад па Беларусі на сесіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве 18 верасьня
Анаіс Марэн прадстаўляе даклад па Беларусі на сесіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве 18 верасьня

Пра гэта заявіла Анаіс Марэн, спэцдакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, падчас дэбатаў у Радзе правоў чалавека ААН у Жэнэве 18 верасьня.

Гаворачы пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, Марэн адзначыла, што падчас іх адбыліся «грубыя маніпуляцыі»:

«Выбарчае поле раней было „расчышчанае“, каб не дапусьціць удзелу трох самых папулярных кандыдатаў. За гэтым рушылі ўсьлед фальсыфікацыі на этапе падліку галасоў, якія паставілі пад сумнеў выбарчую легітымнасьць дзейнага прэзыдэнта. Фактычна імкненьне Лукашэнкі застацца ва ўладзе пасьля заканчэньня яго цяперашняга тэрміну, відавочна, зьяўляецца асноўнай прычынай цяперашняга палітычнага тупіку ў Беларусі», — падкрэсьліла яна.

«Ня маючы магчымасьці знайсьці лідэраў гэтага новага тыпу паўстаньня, міліцыя выкарыстала празьмерную і неапраўданую сілу для арышту дэманстрантаў, журналістаў, мінакоў, жанчын і нават дзяцей, — сказала Марэн. — Іх хапалі на вуліцы людзі ў масках і цывільным. Тысячы былі жорстка зьбітыя. Гэта падводзіць мяне да яшчэ аднаго крытычна важнага моманту: падчас гэтай хвалі неразборлівых і жорсткіх рэпрэсій нам паведамілі пра больш чым 500 выпадкаў катаваньняў, учыненых дзяржаўнымі службоўцамі».

14:01 18.9.2020

Сьпявачка адмовілася выступаць на канцэрце ў падтрымку Лукашэнкі, але яе песьня прагучала з ананімным дублёрам

17 верасьня ў «Менск-Арэне» адбыўся жаночы форум, на якім у ліку выбраных прамоўцаў выступілі і беларускія артысты. Далей здарыўся скандал.

Tut.by спасылаецца на абураны пост, які выклала ў сваім Instagram сьпявачка Стэфанія Сакалова.

«Я адмовілася сьпяваць на канцэрце. І раптам на відэа — невядомая дзяўчынка, якая адкрывае рот пад мой вакал! Ніхто нават не запытаўся дазволу, мы проста ўбачылі запіс! Як гэта магчыма? Хто гэтая дзяўчынка? А як жа парушэньне аўтарскіх правоў?»

Хто тая дзяўчынка, якая толькі адкрывала рот пад фанаграму, зь відэа зразумець цяжка: вядоўца яе не абвяшчаў, таксама імя няма ў тытрах.

Сама Стэфанія выконвала гэтую ж песьню падчас афіцыйных імпрэзаў на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня.

Стэфанія Сакалова — фіналістка шоу «Голас. Дзеці», ляўрэатка міжнародных вакальных конкурсаў і прэміі прэзыдэнта.

14:03 18.9.2020

Літва і Польшча спыняць пропуск на захад грузаў у выпадку закрыцьця мяжы з боку Беларусі

Літва і Польшча дадуць люстраны адказ у выпадку закрыцьця мяжы з боку Беларусі і спыняць пропуск на Захад грузаў, папярэдзіў літоўскі прэм’ер Саўлюс Сквярняліс.

«Калі будуць з іх боку такія крокі, то адказ будзе адэкватным, — сказаў кіраўнік ураду літоўскім журналістам. — З гэтай краіны проста не змогуць выехаць грузавыя аўтамабілі — ні праз Літву, ні праз Польшчу. Гэта будзе яшчэ адным ударам па эканоміцы, якая і так цяжка хворая».

Саўлюс Сквярняліс падкрэсьліў, што пасьля заяваў Аляксандра Лукашэнкі аб закрыцьці межаў пакуль ніякіх рэальных дзеяньняў суседняя краіна не распачала.

Лукашэнка напярэдадні заявіў, што Беларусь закрывае мяжу з Польшчай і Літвой і ўзмацняе ахову дзяржаўнай мяжы з Украінай, а таксама дадаў, што «палова арміі» накіроўваецца на ахову заходніх межаў.

Камандуючы Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў паведаміла, што цяпер рух на памежных пунктах з Беларусьсю ажыцьцяўляецца ў звычайным парадку.

14:26 18.9.2020

«Ворагі народу». Новая песьня Лявона Вольскага пра апошнія падзеі ў Беларусі. ВІДЭА

Лявон Вольскі прэзэнтаваў новую песьню, прысьвечаную апошнім палітычным падзеям у Беларусі. «Для ворагаў народу вораг — народ», — пяе музыка.

Песьня-прысьвячэньне. Без паўтаноў. Чырвоным па белым, — кажа аўтар і выканаўца пра свой новы твор.

«Беспакараныя фальсыфікатары, нахабныя палітычныя камэнтатары, самаўпэўненыя ліквідатары беларускае самасьвядомасьці, напампаваныя карнікі ў форме і бясформенныя цёткі на пасадах, увесь гэты шэры статак „выжесамівсёпрекраснопонімаете“ з патухлымі вачыма і фанатыкі ўлады з завеяй у вачах», — кажа Лявон Вольскі пра герояў песьні.

14:28 18.9.2020

Літва просіць у ЗША падтрымкі ў справе маніторынгу бясьпекі БелАЭС

Кіраўніцтва Літвы зьвярнулася па дапамогу да ЗША для гарантаваньня бясьпекі ў сфэры энэргетыкі ў сувязі з запускам Беларускай АЭС, заявіў міністар замежных спраў гэтай краіны Лінас Лінкявічус.

У Вашынгтоне ён сустрэўся з намесьнікам міністра энэргетыкі ЗША Маркам Мэнэзэсам.

«Дэпартамэнт энэргетыкі ЗША добра інфармаваны аб сытуацыі ў беларускім Астраўцы. Мы просім увагі ЗША да гэтага праекту і падтрымкі намаганьняў Літвы дзеля гарантаваньня бясьпекі», — цытуе Лінкявічуса «Інтэрфакс».

Літва пасьлядоўна падкрэсьлівае, што БелАЭС — гэта расейскі геапалітычны праект, адной з мэтаў якога зьяўляецца захаваць у сфэры ўплыву ня толькі Беларусь, а і краіны Балтыі.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што запуск БелАЭС плянуецца 7 лістапада. На постсавецкай тэрыторыі Беларусь адзіная, дзе на дзяржаўным узроўні адзначаецца гадавіна бальшавіцкага перавароту 1917 году.

14:34 18.9.2020

«Вясна» патрабуе вызваленьня Марфы Рабковай, якая дакумэнтавала выпадкі катаваньняў

Марфа Рабкова
Марфа Рабкова

Затрыманая ўчора каардынатарка валянтэраў «Вясны» Марфа Рабкова зьмешчаная ў ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску. Крымінальную справу супраць яе вядзе Ўпраўленьне сьледчага камітэту па Менску.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступіў з заявай з нагоды затрыманьня актывісткі арганізацыі Марфы Рабковай.

Арганізацыя паведамляе, што Марфа Рабкова зьяўляецца сябрам праваабарончага цэнтру «Вясна», каардынатаркай валантэрскай службы арганізацыі.

«У межах сваёй праваабарончай дзейнасьці Марфа, разам з валянтэрамі «Вясны», ажыцьцяўляла назіраньне за правядзеньнем мірных сходаў, брала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары», удзельнічала ў дакумэнтаваньні сьведчаньняў катаваньняў і іншых жорсткіх відаў абыходжаньня з затрыманымі ўдзельнікамі акцый пратэсту.

Спробы абвінаваціць Марфу Рабкову ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў зьяўляюцца неабгрантаванымі, надуманымі і палітычна матыванымі», — заявіла «Вясна».

Чытаць цалкам

14:53 18.9.2020

«Нобэлеўскую прэмію маглі б атрымаць беларускія жанчыны». Былы пасол Літвы пра дзьве Беларусі

Амбасадар Літвы ў Беларусі ў 1999–2005 гадах, а цяпер амбасадар Літвы ў Нарвэгіі Ёнас Паслаўскас — пра ролю Літвы ўва ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі і пра тое, якой можа быць маральная і палітычная падтрымка мірным пратэстам у Беларусі.

Сьцісла

  • Я меў зносіны зь Віктарам Ганчаром і Генадзем Карпенкам. Наведваў у турме палітвязьняў Андрэя Клімава і Міхаіла Марыніча.
  • Як годна сябе паводзяць беларускія жанчыны, якіх прыніжаюць, б’юць, арыштоўваюць гэтыя вялікія моцныя мужчыны.
  • Шмат чаго можа адбыцца ў Беларусі, у тым ліку і пазытыўнага, але больш за ўсё я баюся нэгатыўнага сцэнару.
  • Для мяне Беларусь — гэта найперш народ, і на геаграфічнай ці палітычнай мапе сьвету я ня ведаю краіны з назвай «мая краіна».
  • Гэтую «стабільнасьць» з маёй практыкі 15-20 гадоў таму нават па імёнах ведаю.

Чытаць цалкам

14:58 18.9.2020

Спроба самаспаленьня ў Смалявічах на ганку РАУС. Міліцыя не камэнтуе

У Смалявічах перад будынкам міліцыі чалавек абліў сябе бэнзінам і падпаліў.

Жыхар Смалявічаў пацьвердзіў Свабодзе інфармацыю пра спробу самаспаленьня невядомага на прыступках мясцовага РАУС.

«Я размаўляў са сьведкамі здарэньня, яны самі гэта бачылі, мужчына абліў сябе бэнзінам і падпаліў. Гэта адбылося а палове першай. Гэта малады хлопец, хацеў даказаць сваю праўду; ці жывы, невядома. Але пра гэты выпадак ужо ведаюць усе Смалявічы».

Відавочца паведаміў журналісту Tut.by, што ён бачыў:

«Я пад'язджаў да скрыжаваньня, побач зь якім знаходзіцца РАУС. Там стаялі пажарныя машыны з маячкамі, ля ганку знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Каля іх ляжаў чалавек, побач гарэла нейкая ануча або адзеньне. Спачатку падумаў, то гэта лялька нейкая ляжыць, але потым заўважыў, што чалавек варушыцца. Ён быў увесь у белым парашку. Потым прымчаліся дзьве машыны хуткай дапамогі, і мужчыну павезьлі».

Сьведкі кажуць, што мужчына, перад тым як сябе падпаліць, не крычаў якіх-небудзь лёзунгаў, проста падпаліў сябе. Супрацоўнік РАУС патушыў яго з вогнетушыцеля.

Чытаць далей

14:59 18.9.2020

«Жанчыны Беларусі ня спыняцца». Захарэвіч і Сухій пра турму і пратэсты

Эколяг Ірына Сухій і блогерка, ляўрэатка прэміі Адамовіча Наста Захарэвіч расказваюць пра зьняволеньне і разважаюць пра пэрспэктывы мірных пратэстаў и жаночых маршаў на тле жорсткіх рэпрэсій у Беларусі.

Чытаць далей

15:02 18.9.2020

570 паломнікаў-хасідаў пакідаюць мяжу Беларусі і Ўкраіны. 1000 яшчэ застаецца

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі пацьвердзіў Свабодзе, што вялікая група хасідаў на аўтобусах вяртаецца на тэрыторыю Беларусі.

У ведамстве заявілі, што 570 хасідаў праходзяць беларускі пашпартны кантроль і арганізавана садзяцца ў аўтобусы. Там не выключаюць, што да вечара 18 верасьня, калі будзе адзначацца юдэйскі Новы год, нікога з паломнікаў на мяжы ня застанецца.

Ці гэта іх самастойнае рашэньне, або нейкім чынам паспрыялі беларускія ўлады, не ўдакладняецца.

Паводле Памежнага камітэту, у шэрагах паломнікаў грамадзяне Ізраіля, ЗША, Вялікай Брытаніі і іншых эўрапейскіх краінаў.

Агулам больш за 1500 чалавек спрабавалі трапіць у горад Умань, дзе знаходзяцца пахаваньні пачынальнікаў руху хасідаў. Аднак Кабінэт міністраў Украіны ў мэтах барацьбы з распаўсюдам каранавірусу ўвёў абмежаваньні на ўезд іншаземцаў да 28 верасьня.

Афіцыйны Менск прысарамаціў кіраўніцтва Ўкраіны, заклікаўшы «паважаць і выконваць правы чалавека».

15:56 18.9.2020

Лукашэнка абвясьціў пра закрыцьцё межаў. Што гэта значыць і наколькі магчыма?

18 верасьня праз заходнюю мяжу Беларусі працягваюць пускаць людзей. У Памежным камітэце супакойваюць, што «гаворкі пра закрыцьцё мяжы няма».

«Ахова дзяржаўнай мяжы Беларусі ажыцьцяўляецца ва ўзмоцненым варыянце памежнай службы і памежнага кантролю з прымяненьнем тактычных рэзэрваў. Усе захады ажыцьцяўляюцца з улікам абстаноўкі, якая складаецца на кожным кірунку. У цяперашні момант пункты пропуску ажыцьцяўляюць афармленьне на ўезд і выезд у межах прапускной здольнасьці», — паведаміў Антон Бычкоўскі, афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Паводле вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, «гаворка пра ўзмацненьне, а не закрыцьцё межаў». Цалкам чытайце тут.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG