МЗС Беларусі назвала рэзалюцыю, ухваленую Радай па правах чалавека ААН, «цкаваньнем з боку Эўразьвязу»
Прэс-служба МЗС Беларусі пракамэнтавала рэзалюцыю Рады ААН па правах чалавека (РПЧ) «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасьля іх», прынятую 18 верасьня ад імя Эўразьвязу ў выніку дыскусіі аб сытуацыі ў краіне.
«Ва ўгоду геапалітычным і ідэалягічным інтарэсам аднаго гульца — Эўразьвязу — пад сумнеў пастаўленыя ня толькі высокія мэты РПЧ, але і самі прынцыпы Статуту ААН», — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.
Сёньняшнія дэбаты МЗС Беларусі назвала «зрэжысаваным і праведзеным Эўразьвязам пры ўдзеле статыстаў палітычным дзействам», «тэатрам абсурду», які сьведчыць, што РПЧ «ператварылася ў інструмэнт рэалізацыі мэркантыльных інтарэсаў эўрапейскай дыпляматыі». Прынятую Радай правоў чалавека ААН рэзалюцыю ведамства называе «чарговым этапам кампаніі цкаваньня Беларусі з боку Эўразьвязу». Цалкам чытайце па спасылцы.
Эўрапарлямэнт супраць Лукашэнкі: хто каго?
Меры адносна Беларусі, якія прапануе Эўрапарлямэнт — наколькі яны беспрэцэдэнтныя? Што зь іх увасобіцца ў рашэньні Эўразьвязу? Якой рэакцыі афіцыйнага Менску на меркаваныя санкцыі можна чакаць? Наколькі імаверныя эканамічныя санкцыі адносна Беларусі? Пра гэта — гутарка аглядальніка Свабоды Юрыя Дракахруста з палітолягам, каардынатарам праграмы «Замежная палітыка Беларусі» Рады міжнародных адносінаў «Менскі дыялёг» Дзянісам Мельянцовым.
Суд адхіліў скаргу Максіма Знака на ўзяцьце пад варту
Суд адхіліў скаргу юрыста Маскіма Знака на ўзяцьце пад варту, паведамляе Tut.by.
Amnesty International — уладам Беларусі: Неадкладна вызваліце Марфу Рабкову і ўсіх палітвязьняў
Amnesty International рашуча заяўляе, што ўлады Беларусі мусяць неадкладна і безумоўна вызваліць праваабаронцу Марфу Рабкову і ўсіх затрыманых у якасьці падазраваных у крымінальных злачынствах паводле ілжывых абвінавачаньняў і выключна за ажыцьцяўленьне сваіх правоў чалавека.
Amnesty International лічыць, што Марфа Рабкова стала ахвярай перасьледу выключна за сваю працу дзеля абароны правоў чалавека і зьяўляецца вязьнем сумленьня. Цалкам чытайце тут.
«Асноўная мэта любых дзеяньняў — людзі». Дачка Бабарыкі зачытала ліст ад яго праз 3 месяцы зьняволеньня. Відэа
Дачка зьняволенага Віктара Бабарыкі Марыя апублікавала відэазварот, у якім зачытала ліст бацькі — у дзень, калі мінула тры месяцы зь яго затрыманьня, і падзякавала штабу Віктара Бабарыкі і Каардынацыйнай радзе, адвакатам, журналістам, валянтэрам і «ўсім беларусам, якія кожны дзень зьдзяйсьняюць свой подзьвіг».
Amnesty International заклікала ўлады Беларусі спыніць перасьлед Каардынацыйнай рады
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады Беларусі спыніць перасьлед сябраў Каардынацыйнай рады і іх прыхільнікаў і паплечнікаў.
Amnesty International заклікае:
- Неадкладна выпусьціць усіх затрыманых сяброў Каардынацыйнай рады і іх паплечнікаў, якія «ёсьць вязьнямі сумленьня»,
- гарантаваць магчымасьць бясьпечна вярнуцца для ўсіх грамадзянаў Беларусі, вымушаных пакінуць краіну,
- правесьці дбайнае і празрыстае расьсьледаваньне ўсіх паведамленьняў аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі сілавікамі і іншымі дзяржаўнымі органамі,
- прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасьці «ў рамках працэдураў, адпаведных стандартам справядлівага судовага разбору». Падрабязна чытайце тут.
Магілёўскі рок-гурт Nizkiz дае бясплатны канцэрт у менскай «Пясочніцы»
Дваравы канцэрт ў менскай Лошыцы
На «Гродна Азот» зноў спыніліся два цэхі
На хімічным прадпрыемстве «Гродна Азот» удзень 17 верасьня зноў нечакана праз паломку абсталяваньня спыніліся два цэхі: «Аміяк-4» і «Карбамід-3». Яны дагэтуль не працуюць.
Некалькі дзён таму, 14 верасьня, праз зламанае абсталяваньне амаль на содні спыняліся два іншыя зьвязаныя паміж сабой цэхі: «Аміяк-3» і «Карбамід-4». У сеціве тады зьявіліся чуткі, што гэта пачатак страйку, аднак «Белнафтахім» зьняпраўдзіў гэтую інфармацыю.
Жыхар Быхава абвясьціў у мясцовым ізалятары галадоўку
Жыхар Быхава Ўладзімер Гаруноў абвясьціў у мясцовым ізалятары галадаваньне. Пра гэта дазналася ягоная жонка Тацяна, калі ахоўнікі папрасілі яе забраць харчы, прынесеныя мужу. Што стала прычынай галадаваньня, жанчына пэўна ня ведае.
18 верасьня яна даведалася, што зьняволенаму ў ізалятары мужу дадалі 5 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Уладзімера Гарунова 17 верасьня затрымалі ў раённым аддзеле міліцыі, куды ён прыйшоў, атрымаўшы позву. Там даведаўся, што мае адседзець 10 «сутак», не адбытых у Магілёве. У абласным цэнтры яго схапілі 10 жніўня падчас разгону акцыяў пратэсту. Тады яму прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту, а празь пяць дзён «амніставалі» і папярэдзілі, што ён апынецца ў няволі пры паўторным учыненьні аналягічнага правапарушэньня.
Магілёўскія праваабаронцы адзначаюць, што падставаў у міліцыі затрымліваць Гарунова 17 верасьня не было, бо ён не парушаў закон аб масавых мерапрыемствах.
На мянчанку завялі крымінальную справу за тое, што напісала частку фразы «Не забудзем» на «Пушкінскай»
25-гадовую Марыю Бабовіч затрымалі 9 верасьня пасьля таго, як яна напісала грунтоўкай «Не» у надпісе «Не забудзем» ля станцыі мэтро «Пушкінская». Цяпер дзяўчына на волі, але на яе завялі крымінальную справу за апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці, паведамляе Tut.by. «Гаррэмаўтадор Менгарвыканкаму» ацаніў матэрыяльны ўрон у агульную суму 10 182 рублі 52 капейкі.
Адвакат Марыі Андрэй Мачалаў лічыць такую вялікую суму шкоды і крымінальны артыкул за такія дзеяньні ціскам на ўдзельнікаў акцый і кажа, што ў судзе будзе даказваць, што гэта была часовая фарба, якая да сёньняшняга дня змылася вадой, а «апаганьваньне будынкаў і збудаваньняў і малюнкі вадзяной фарбай на асфальце — гэта абсалютна розныя, несупастаўляльныя рэчы». Цалкам чытайце тут.
Што можа Эўразьвяз у Беларусі?
Ці прыме Эўразьвяз прапановы Эўрапарлямэнту наконт Беларусі? Якія дылемы эўрапейскай палітыкі стасоўна Беларусі? Якое значэньне ў фармаваньні гэтай палітыкі адыгрывае расейскі фактар? Якога выніку сваёй палітыкі чакае Эўразьвяз? На гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» адказваюць экспэртка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Кацярына Шмаціна і дырэктарка базаванага ў Браціславе міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько. Тэкставая вэрсія па спасылцы.
«Зьбіраемся ісьці да прытулку». Жанчына кажа, што ёй не аддаюць 6-гадовага сына пасьля яе затрыманьня
Сын актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Алены Лазарчык і Сяргея Мацкойця шасьцігадовы Арцём ад 17 верасьня знаходзіцца ў прытулку Фрунзэнскага раёну Менску. Як расказала Радыё Свабода Алена Лазарчык, 17 верасьня пад вечар яе затрымалі ў Менску нібыта «для высьвятленьня асобы». Яна кажа, што ў яе адразу ж забралі тэлефон, завезьлі ў міліцэйскі пастарунак у раёне Акадэміі навук і пратрымалі там амаль да 11 гадзіны вечара. Паводле Лазарчык, яе ні ў чым не абвінавачвалі і ніякіх пратаколаў не складалі.
Пасьля таго як у патрэбны час — да 18.00 — маці не забрала дзіця з школы, пэдагогі выклікалі органы апекі, і шасьцігадовага першаклясьніка Арцёма павезьлі ў сацыяльна-пэдагагічны цэнтар з прытулкам Фрунзенскага раёну. Ні бацьку, ні паўналетняй сястры Марыне, ні бабулі Арцёма са школы не патэлефанавалі, хоць пэдагогі мелі іх кантактную інфармацыю, кажа Алена Лазарчык. Цалкам чытайце тут.
«Распараджэньне зьверху». Сучасны мастацкі тэатар, дзе грае Дзяніс Дудзінскі, высяляюць з КЗ «Менск»
Сучасны мастацкі тэатар высяляюць з канцэртнай залі «Менск», паведаміла «Наша Ніва». «Нас папярэдзілі, што дамова заканчваецца ў канцы верасьня і працягваць яе нам ня будуць. Сказалі, што распараджэньне зьверху», — падзяліўся дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатру Ўладзімер Ушакоў.
Сучасны мастацкі тэатар — недзяржаўны тэатар, адзін зь яго вядучых актораў — былы тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі, якому 3 верасьня прысудзілі 10 содняў адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Тады ж, 3 верасьня, тэатар спыніў працу на 10 дзён на знак салідарнасьці з арыштаваным Дудзінскім. Пра страйк Сучаснага мастацкага тэатру напісаў Уладзімер Ушакоў: ён выклаў фота Дудзінскага з надпісам «#ямыДудинский».
ЗША і Эўразьвяз узгадняюць сваю палітыку санкцыяў адносна Беларусі
Пра гэта паведаміў Джордж Кент, намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі, выступаючы сёньня па відэасувязі падчас дыскусіі па Беларусі зь міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам, арганізаванай Атлянтычнай Радай у Вашынгтоне.
Амэрыканскі дыплямат заявіў: «Міністар Лінкявічус адзначыў, што Эўразьвяз спадзяецца абвясьціць аб санкцыях у найбліжэйшыя дні. Я актыўна кантактую са сваім эўрапейскімі (гэта ЭЗ і Вялікая Брытанія) і канадзкімі калегамі і мы імкнёмся да скаардынаванага абвяшчэньня. Мы разьлічваем зрабіць гэта напачатку альбо ў сярэдзіне наступнага тыдня».