Пасьля адміністрацыйнага арышту на волю выйшлі тэлевядоўцы Дзяніс Дудзінскі і Дзьмітры Кахно.
Свабодзе гэта пацьвердзіла Кацярына Раецкая, жонка Дзяніса Дудзінскага.
Вызваленьня абодвух чакалі яшчэ два дні таму, але ў ізалятары заявілі, што родныя «няправільна палічылі суткі».
Ім прысудзілі 10 дзён арышту, за кратамі яны прабылі зь вечара 2 верасьня. Такім чынам, турэмнае зьняволеньне стала на два дні даўжэйшым, чым было пазначана ў прысудзе.
Дзяніс Дудзінскі выказаў уласную вэрсію, чаму давялося пераседзець двое сутак у турме 12 замест вынесеных судом 10-ці.
«Так трэба было, — знаходзіць ён сілы пасьмяяцца. — Таму што ўвечары нядзелі ў нас што было? Уся краіна „гуляла“ (13 верасьня ў розных гарадах Беларусі адбыліся шэсьці ў рамках Маршу герояў — РС). І было прынятае рашэньне, каб у нядзелю мы „не гулялі“. Так і сказалі: хлопцы, калі ласка, два дзянькі яшчэ. Ну што нам заставалася? Толькі пагадзіцца».