Увечары 11 верасьня ля Чырвонага касьцёла ў Менску сілавікі пачалі затрымліваць жанчын, паведамляе Tut.by.
Каля Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці традыцыйна прайшла жаночая акцыя салідарнасьці: жанчыны выйшлі на плошчу з кветкамі і плякатамі. Яны паспрабавалі прайсьці ў касьцёл, але ўваход заблякавалі сілавікі ўчорных масках.
Жанчыны паспрабавалі зайсьці ўсярэдзіну, тады сілавікі сталі затрымліваць некаторых зь іх.
На відэа бачна, як прынамсі чатырох жанчын зацягнулі ў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. Жанчыны крычалі і спрабавалі супраціўляцца захопу. Журналістаў папрасілі адысьці.
За затрыманых жанчын паспрабавала заступіцца актывістка Ніна Багінская.
Крыху больш чым праз паўгадзіны ля касьцёла пачалася новая хваля затрыманьняў: сілавікі зноў накінуліся на жанчын, калі тыя заходзілі ў касьцёл. Адну пажылую жанчыну, якая прасіла не чапаць яе, бо яна калека, сілавікі груба схапілі, літаральна правалаклі па лесьвіцы і зацягнулі ў мікрааўтобус.