Сьледчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу за арганізацыю і ўдзел у парушэньні грамадзкага парадку (частка 1 арт. 342 КК) падчас пратэстаў 6 верасьня ў Менску.
Паводле СК, грамадзяне «не падпарадкаваліся законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі, што пацягнула за сабой парушэньне працы грамадзкага транспарту, установаў і арганізацыяў».
«У выніку спыненьня транспартнага руху камунальнаму прадпрыемству нанесена шкода на больш як 30 тысяч рублёў ($11 474)», – гаворыцца ў паведамленьні.
Падазраванымі ў гэтай справе сталі чатыры чалавекі ад 18 да 32 гадоў.
Яшчэ адну крымінальную справу за хуліганства (частка 2 арт. 339) завялі на 18-гадовую дзяўчыну. Паводле сьледзтва, яна балёнчыкамі з фарбай нанесла надпісы і пашкодзіла спэцсродкі.
Раней Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў прыцягнуць пратэстоўцаў да фінансавай адказнасьці за нанясеньне матэрыяльнай шкоды Менску.
«Пасьля ўсіх гэтых пагромаў на вуліцах Менску, якія нам абыходзяцца ў добрыя грошы, вы ведаеце, што застаецца. І цішыня. Ніхто дагэтуль пра гэта не падумаў і ніхто не заплаціў, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – А плаціць трэба. Каб людзі разумелі: калі ты нагадзіў, нешта паламаў, калі ласка, аднаві за ўласны кошт».
У Менску 6 верасьня працягнуліся пратэсты, сілавікі «за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» затрымалі тады 633 чалавекі. У той дзень сілавікі самі разьбілі шкло і ўварваліся ўнутр кавярні, у якой супрацоўнікі спрабавалі выратаваць людзей ад затрыманьня і зачынілі дзьверы. Сярод нападнікаў апазналі і Мікалая Карпянкова, кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС.
Тымчасам Сьледчы камітэт адмовіўся пачынаць справу за незаконнае затрыманьне амаль паўсотні журналістаў, чаго патрабавала Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), і не знайшоў падставаў для праверкі звароту грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» (БХК) па факце масавых катаваньняў людзей сілавікамі.