Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салдат наўмысна стрэліў у журналістку «Нашай нівы» зь 10 мэтраў. Справу яшчэ не завялі


 Параненая журналістка Нашай Нівы Натальля Лубнеўская, 10 жніўня 2020 году
Параненая журналістка Нашай Нівы Натальля Лубнеўская, 10 жніўня 2020 году

Наша Ніва разьмясьціла відэазапіс, на якім відаць, як салдат наўмысна страляе ў журналістку выданьня Натальлю Лубнеўскую з адлегласьці 10 мэтраў.

Натальля Лубнеўская атрымала раненьне 10 жніўня і з таго часу знаходзіцца ў шпіталі. Раненьне кваліфікавалі як агнястрэльнае.

«Я падавала заяву ў Сьледчы камітэт. У межах праверкі да мяне прыходзіў сьледчы 12 жніўня, і 21 жніўня прыходзіў сьледчы з Фрунзэнскага СК, — кажа Натальля. — Крымінальную справу дагэтуль не завялі».

Натальля дагэтуль ня можа хадзіць, бо нага ў лянгеце.

«Дакладных прагнозаў я ня ведаю, — кажа дзяўчына. — Куля прайшла вельмі блізка ад каленнага сустава, ён не закрануты, але пасьля лячэньня спатрэбіцца час, каб распрацаваць яго і вярнуць ранейшую функцыянальнасьць».

Натальлі Лубнеўскай стрэлілі ў нагу, 10 жніўня 2020 году
Натальлі Лубнеўскай стрэлілі ў нагу, 10 жніўня 2020 году

Дактары расказалі Натальлі, што агнястрэльныя раненьні вельмі цяжка загойваюцца, бо вакол раны адміраюць тканкі і зашыць іх адразу нельга.

Гэта не адзіны выпадак наўмыснага стрэлу ў бяззбройных людзей. У той жа дзень 10 жніўня ў Берасьці стаматоляг Вольга Рыбакова атрымала агнястрэльнае раненьне ў жывот. Яна была на гаўбцы сваёй кватэры і бачыла, як людзі ў чорнай форме са шчыткамі цягнулі хлопца і білі дзяўчат.

«Адзін зь іх ударыў дзяўчынку нагой. Я закрычала: „Што вы робіце! Перастаньце!“ На гэта адзін з супрацоўнікаў у грубай форме загадаў усім схавацца. Ніхто не чакаў, што могуць страляць, але ён у мяне стрэліў». Гэта Вольга расказала выданьню Tut.by.

Вольга таксама ляжыць у шпіталі.

Сьледчы камітэт абяцаў Радыё Свабода даць камэнтар у справе Натальлі Лубнеўскай. Ён будзе далучаны да публікацыі адразу пасьля атрыманьня.

Перавышэньне службовых паўнамоцтваў: ад 3 да 10 гадоў зьняволеньня

Паводле экспэрта ў бясьпецы, экс-супрацоўніка Генэральнай пракуратуры Беларусі Андрэя Сыцько, сілавікі неправамерна ўжывалі спэцсродкі і сілу. У законе апісана, як стасаваць сілу, спэцыяльныя сродкі і зброю.

«У інструкцыях пералічаныя выпадкі, у якія месцы і ў якіх выпадках можна наносіць удары, куды можна страляць у крайніх выпадках. Удар дручком, да прыкладу, няможна наносіць у галаву ці па шыі. А тут бачна, што дручкамі білі куды заўгодна. Нельга біць дручком па нырках ці каленях», — прыводзіць прыклады экспэрт.

Душыльныя прыёмы сілавік можа ўжываць, калі ёсьць пагроза жыцьцю яго ці грамадзянаў, працягвае Андрэй Сыцько. А ўдар у твар — гэта наагул не прыём барацьбы.

«Прыёмы і спэцсродкі могуць прымяняцца сувымерна, калі чалавек можа ў адказ ужыць зброю ці зрабіць нешта такое, ад чаго пацярпяць людзі. Калі чалавека некалькі гадзін трымаюць, укладваюць, душаць, то гэта выходзіць за межы паўнамоцтваў», — кажа Андрэй Сыцько.

У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул «Перавышэньне службовых паўнамоцтваў». За іх наўмыснае перавышэньне прадугледжана пакараньне ад штрафу да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Калі ж гэта прывяло да «цяжкіх наступстваў», то максымальны тэрмін — 10 гадоў зьняволеньня.

Перашкода прафэсійнай дзейнасьці журналістаў: да 3 гадоў зьняволеньня

У Беларускай асацыяцыі журналістаў заявілі аб шматлікіх фактах нападаў на журналістаў — каля паўсотні па ўсёй краіне. Некаторых журналістаў білі, фотакарэспандэнтку «Нашай нівы» паранілі гумавай куляй.

«На ўчорашніх кадрах відаць, як ударылі чалавека, які абазначаны камізэлькай „Прэса“; яго б’юць кулаком — гэта не прыём барацьбы. Чалавек не супраціўляўся, не вырываўся, але ў яго адбіраюць флэшку і ён дастае ў твар. Гэтыя дзеяньні нічым не абгрунтаваныя. Яны пачалі забіраць тэхніку, псаваць яе, то бок тэхніка пашкоджаная невыпадкова», — кажа Андрэй Сыцько.

Учора ў раёне мэтро «Пушкінская» ў журналістаў мэтанакіравана забіралі флэшкі і камэры, у менскім раёне Серабранцы зьбілі карэспандэнтаў «Комсомольской правды в Беларуси».

Перашкода ў якой бы ні было форме прафэсійнай дзейнасьці журналіста, прымус яго распаўсюджваць або адмовіцца ад распаўсюджваньня інфармацыі з ужываньнем гвалту і пашкоджаньнем ягонай маёмасьці цягне кары ад штрафу да 3 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG