Вечаровыя акцыі ў Менску, Соснах і Горадні
43 асуджаныя, 159 сутак і 18 171 рубель штрафаў на ўсіх, — «судовы канвэер» 11 верасьня
43 асуджаныя, 159 сутак і 18 171 рубель штрафаў на ўсіх, — такія вынікі судовых паседжаньняў 11 верасьня ў Менску і рэгіёнах над удзельнікамі мірных акцый пратэстаў, затрыманымі ў папярэднія дні. Іх зьбірае праваабарончы цэнтар «Вясна» зьбірае інфармацыю пра вынікі судовых пасяджэньняў. Сьпіс прозьвішчаў і прысуды можна пабачыць тут.
Вечаровыя акцыі ў Менску: Грушаўка, Усход
Польшча запусьціла праграму для пераезду беларускіх ІТ-кампаній і айцішнікаў
У Польшчы стартавала праграма польскага ўраду «Польшча. Business Harbor» для «прадпрымальных беларусаў з ICT-сэктару», паведамляецца на ўрадавым сайце Рэспублікі Польшча.
Праграма Poland. Business Harbour прапануе спэцыялістам IT-сфэры, стартапам і ІТ-кампаніям «без праблем пераехаць у Польшчу». «Працягнуць руку дапамогі беларусам — гэта таксама ў існых абставінах наш маральны абавязак», — камэнтуе ініцыятыву намесьніца прэм’ер-міністра Польшчы Ядвіга Эмілевіч.
У межах праграмы беларусы могуць даведацца, як пачаць працу на тэрыторыі Польшчы, атрымаць падтрымку пры пераезьдзе супрацоўнікаў і іх семʼяў, юрыдычную і візавую дапамогу, зьвязацца з органамі самакіраваньня і адмысловымі эканамічнымі зонамі, якія ствараюць часовыя офісы і жыльлё. Таксама ім абяцаюць дапамагчы ў кантактах з інвэстарамі і гранты на дзейнасьць. Цалкам чытайце тут.
У Гомлі затрымалі фэльчарку, унівэрсытэцкіх выкладчыкаў і журналістаў
У Гомлі затрымалі маці траіх дзяцей, фэльчарку Алену Давыдаву. Яна накіроўвалася на працу і зьнікла — паведаміла Свабодзе яе сяброўка. Потым з чужога тэлефону Алена пазваніла мужу і сказала, што яна ў міліцыі, прасіла прывезьці рэчы. Імаверна, яе павязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня.
У Гомлі сёньня затрыманыя прынамсі 10 чалавек, у тым ліку два выкладчыкі — Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя П. Сухога і Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту. З тэхнічнага ўнівэрсытэту міліцыя забрала Вадзіма Бельскага, з транспартнага — Яўгена Малікава.
Вядома, што Бельскага пакаралі арыштам на 3 дні. Таксама міліцыя схапіла журналістку Ларысу Шчыракову і апэратара Андрэя Толчына. Міліцыя палявала і за журналістамі Яўгенам Меркісам і Марынай Драбышэўскай.
Міліцыянты спрабуюць разагнаць «дваравую акцыю» ў Горадні
Горадня. У мікрараёне Альшанка некалькі дзясяткаў жыхароў сабраліся папіць гарбаты ў двары. На адным з дамоў адлюстраваны бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня».
Да іх прыйшлі міліцыянты ў форме і ў цывільным. Яны заклікаюць людзей добраахвотна разысьціся, або іх будуць затрымліваць, бо яны парушаюць грамадзкі парадак па артыкуле 23.34 КаАП.
На выканаўчага сакратара Каардынацыйнай рады, які зьехаў ва Ўкраіну, завялі крымінальную справу
У дачыненьні да выканаўчага сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова, які днямі зьехаў ва Ўкраіну, завялі крымінальную справу, паведамляе sb.by са спасылкай на прадстаўніка Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Арцёма Дунько. Сьцьвярджаецца, што Краўцова падазраюць у «крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі».
Паводле ДФР, Краўцоў зьяўляецца адным з фактычных кіраўнікоў ТАА «Архітэктурнае бюро 35» і адначасова намесьнікам дырэктара ААТ «Менскі гадзіннікавы завод». У 2015-2019 гады ён ад імя завода заключыў дамовы на аказаньне паслуг з падкантрольным яму «Архітэктурным бюро 35», якія фактычна не выконваліся. У выніку за гэты час Менскі гадзіньнікавы завод зь лютага 2015 па травень 2019 годы пералічыў кампаніі каля 400 000 рублёў, сьцьвярджае прадстаўнік ведамства.
Краўцоў на прэс-канфэрэнцыі згадваў пра тое, што ў Менску пасьля затрыманьня яму пагражалі крымінальнай адказнасьцю і дэманстравалі нейкія дакумэнты, якія нібыта пацьвярджалі яго «супрацьзаконную дзейнасьць» па месцах ранейшай працы.
Вечаровыя акцыі ў менскіх раёнах Малінаўка і Серабранка
Пасол Украіны накіраваў ноту ў МЗС Беларусі за парушэньне Венскай канвэнцыі
Пасол Украіны Ігар Кізім накіраваў ноту ў Міністэрства замежных справаў Беларусі ў сувязі з парушэньнем Венскай канвэнцыі, паведамілі Радыё Свабода ў пасольстве Ўкраіны ў Менску.
Падставай стала праверка на беларускай мяжы аўтамабіля пасла Ігара Кізіма, які пасьля кансультацыяў у Міністэрстве замежных справаў Украіны вяртаўся з Кіева ў Менск.
У Гомлі затрымалі сябра Каардынацыйнай рады
У Гомлі затрымалі сябра Каардынацыйнай рады па Гомельшчыне Сьвятлану Кароль. Як паведаміў Свабодзе яе сын, яна пасьпела толькі напісаць, што яе затрымліваюць і вязуць у 2-е аддзяленьне міліцыі.
«Улада робіць жахлівую памылку». Інтэрвію экс-кіраўніка «прэзыдэнцкага пулу» расейскай журналістцы Сабчак перад арыштам
Былога вядоўцу і кіраўніка прэзыдэнцкага пулу журналістаў на канале АНТ Дзьмітрыя Семчанку 11 верасьня арыштавалі на 15 содняў. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў недазволеных масавых мерапрыемствах. Незадоўга да арышту ён даў інтэрвію расейскай журналістцы Ксеніі Сабчак.
Набажэнства Крыжовага шляху ў спадзеве на спыненьне перасьледу Касьцёла на Беларусі
Ля Чырвонага касьцёла ў Менску сілавікі затрымалі некалькі жанчын
На відэа, якое апублікаваў партал, відаць, які некалькі жанчын і дзяўчат, адна зь іх — з плякатам, ішлі да Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці, але сілавікі ў масках перагадзілі ім дарогу. Жанчыны паспрабавалі зайсьці ўсярэдзіну, тады сілавікі сталі затрымліваць некаторых зь іх.
На відэа бачна, як прынамсі чатырох жанчын зацягнулі ў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. Жанчыны крычалі і спрабавалі супраціўляцца захопу.
«Хацелі зламіць дух супраціву». Гісторыя маці-адзіночкі, якую на суткі кінулі ў ізалятар
У Бялынічах Магілёўскай вобласьці за ўдзел у акцыях пратэсту пакаралі штрафам у 540 рублёў маці траіх дзяцей Вікторыю Адамовіч. Жанчыну суткі трымалі ў мясцовым ізалятары, скарыстаўшыся тым, што яе васьмігадовая дачка ў санаторыі.
«Я лічыла, што здаровы розум пераможа і мяне не затрымаюць на ноч, — згадвае суразмоўніца. — У камэры я зразумела, што чакаць абяцанага суду не выпадае».
Вікторыя Адамовіч прызнаецца, што «трапіла ў ступар», бо «нармальны чалавек не чакае, што будзе сядзець у турме». Яна не магла зразумець, за што яе, «законапаслухмянага грамадзяніна, які сплачвае падаткі, гадуе дзяцей», зьняволілі. Жанчына прыгадвае, як шмат гадоў таму ейны муж трапіў пад крымінальны перасьлед і яго пакінулі на волі з падпіскай аб нявыезьдзе, хоць вінавацілі ў сур’ёзным злачынстве.
«Паразважаўшы, я прыйшла да высновы, што гэтак улада стараецца зламіць дух супраціву прыхільнікаў пераменаў. Прынізіць іх, — кажа суразмоўніца. — У мяне не было ніводнага імгненьня, каб я пачала думаць пра раскаяньне. Адзінае — я заплакала, калі мне ў камэру прынесьлі кнігу, у якой было фота маіх дзяцей». Гісторыю Вікторыі чытайце тут.
Што азначае непрызнаньне Лукашэнкі?
Сэйм Літвы прызнаў Ціханоўскую нацыянальна абраным лідэрам Беларусі, а Лукашэнку — нелегітымным кіраўніком. Што гэта будзе азначаць для двухбаковых адносінаў? Чым стаўленьне Эўразьвязу ў цэлым да Лукашэнкі адрозьніваецца ад стаўленьня да яго пасьля папярэдніх выбараў? Як такая пазыцыя Эўразьвязу паўплывае на пляны Масквы адносна Беларусі?
Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітолягі Рыгор Астапеня і Андрэй Казакевіч. Тэкставая вэрсія па спасылцы.
Злучаныя Штаты «у найбліжэйшыя дні» ўвядуць санкцыі супраць асобаў з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі
І, магчыма, іншыя санкцыйныя меры. Пра гэта заявіў у пятніцу намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн. Ён пацьвердзіў, што Злучаныя Штаты ня лічаць легітымным пераабраньне Лукашэнкі на пост прэзыдэнта 9 жніўня на выбарах, якія ў Вашынгтоне не прызналі ні свабоднымі, ні сумленнымі.
Імша ў менскім касьцёле Сьвятога Роха дзеля «спыненьня перасьледу Касьцёлу на Беларусі»
11 верасьня на тэрыторыі касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы (сьвятога Роха) на Залатой Горцы ў Менску праходзіць набажэнства Крыжовага шляху з удзелам вернікаў усіх каталіцкіх парафій сталіцы.
Набажэнства Крыжовага шляху праходзіць «у інтэнцыі спыненьня перасьледу Касьцёла на Беларусі і вяртаньня арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з выгнаньня».
Пракуратура зьбіраецца выяўляць незаконныя аб’яднаньні грамадзянаў, дружыны самаабароны і органы самакіраваньня
Новы генэральны пракурор Аляксей Стук расказаў, як будзе выконваць даручэньні Аляксандра Лукашэнкі.
«Ужо ў гэтым годзе краіна павінна вярнуцца да таго бясьпечнага пэрыяду, які характэрны для нашай дзяржавы. Генэральная пракуратура запатрабавала ад дзяржаўных органаў, уключна з МУС, СК, МНС, міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі прыняць меры па ліквідацыі парушэньняў і недахопаў у сфэры падтрымкі грамадзкага парадку», — цытуе Стука прэс-служба ведамства. Як гэта зьбіраюцца рабіць, чытайце па спасылцы.
Адваката Ільлю Салея Пакінулі пад вартай, пераводзяць у турму на Валадарскага
Адвакату Ільлі Салею 11 верасьня абралі меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Як паведаміў БелаПАН яго бацька і адвакат Васіль Салей, «з ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна яго пераводзяць у СІЗА на вуліцы Валадарскага». Ільля Салей знаходзіцца ў статусе падазраванага па крымінальнай справе «аб захопе ўлады» паводле ч. 3 арт. 361 КК РБ разам з Марыяй Калесьнікавай і юрыстам Максімам Знакам.