14 сутак прысудзілі гарадзкому актывісту з Магілёву, які на мітынгу нёс плякат «Только раз в аду»
Затрымалі Сяргея Пехцерава 10 верасьня ў Ленінскім аддзеле міліцыі, куды яго выклікалі сьведкам. Да суду трымалі ў ізалятары. У Ленінскім судзе справу супраць Пехцерава разглядалі праз скайп.
Гэта ён зь сябрамі прывёз да ізалятару, дзе трымалі схопленых у першыя дні пратэстаў, раскладныя крэслы, каб родным было лягчэй стаяць у чарзе зь перадачамі. Цалкам чытайце тут.
Прэм’ер Польшчы: беларусам хочуць прапанаваць бязьвіз у Эўразьвязе
На бліжэйшым саміце Вышаградзкай групы Эўразьвяз прадставіць праект падтрымкі беларускага народу, перадае ТАСС заяву прэм’ер-міністра Польшчы Матэуша Маравецкага.
Беларусам хочуць прапанаваць праект «эканамічнай супрацы», у якім гаворка пойдзе пра энэргетычную бясьпеку, супрацу ў інфарамцыйным і інфраструктурным сэктарах, а таксама бязьвізавае перамяшчэньне.
Ці прапанова будзе адрасаваная беларускім уладам, ці будзе разглядацца бязь іх удзелу, з паведамленьня не зразумела.
«Мы дзейнічалі як кляпан, каб не разарвала гэтую судзіну», — былы сустаршыня страйкаму «Беларуськалію». Суд прызнаў забастоўку незаконнай
У Менскім абласным судзе 11 верасьня разгледзелі пазоў аб’яднаньня «Беларуськалій» да страйкаму прадпрыемства. Судзьдзя Валянціна Караткевіч падтрымала пазоў «Беларуськалія» і прызнала забастоўку незаконнай.
Падчас суду заслухалі былога старшыню страйкаму Сяргея Шыца. Другі сустаршыня страйкаму Анатоль Бокун адбывае адміністрацыйны арышт.
Паводле Сяргея Шыца, у пачатку страйку 17 і 18 жніўня страйкам прадстаўляў інтарэсы ад 6 да 7 тысяч працаўнікоў «Беларуьскалію». Але ў наступныя дні рашучасьць шахтароў зьнізілася. Сяргей Шыц палічыў страйк беспэрспэктыўным і выйшаў са страйкаму. Ён прадстаўляў страйкам, які сфармаваўся пасьля 14 жніўня, калі адбыўся першы сход шахтароў-пратэстоўцаў.
«Былі цяжкія дні, людзі ня ведалі, што далей рабіць. У выніку мы дзейнічалі як кляпан, каб не разарвала гэтую судзіну», — сказаў пра тыя дні Сяргей Шыц. Рэпартаж з суду цалкам чытайце па спасылцы.
У рэдакцыю Hrodna.Life прыйшлі міліцыянты празь бел-чырвона-белы сьцяг
У рэдакцыю горадзенскага парталу Hrodna.Life у цэнтры горада 11 верасьня прыйшлі міліцыянты. Нехта паскардзіўся на бел-чырвона-белы сьцяг у вакне будынка, дзе месьціцца рэдакцыя.
Як расказаў галоўны рэдактар Hrodna.Life Аляксей Шота, нехта паведаміў у міліцыю, што ў вакне будынка на Кірава, 3 вісіць бел-чырвона-белы сьцяг. Калі міліцыянты прыйшлі, сьцяга ў вакне не было. Заведзеная адміністрацыйная справа за парушэньне архітэктурнага рашэньня фасада будынка (артыкул 21.13 КаАП). Аляксея Шоту і рэдактара сайта Hrodna.Life Ірыну Новік апыталі ў якасьці сьведак. Ідзе праверка.
Генпракуратура: «Больш за 200 пратаколаў складзена на дзяцей за ўдзел у масавых беспарадках»
Гэтыя словы намесьніка генэральнага пракурора Аляксея Стука цытуе агенцтва БелТА. У гэтай сувязі Генпракуратура Беларусі ініцыюе ўзмацненьне адказнасьці бацькоў за супрацьпраўныя паводзіны дзяцей.
Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі, старшыня Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці Ігар Петрышэнка раней заяўляў, што ўсе факты ўдзелу дзяцей у несанкцыянаваных акцыях атрымаюць прававую ацэнку, а бацькі панясуць адказнасьць.
«Мы пачынаем дыпляматычную вайну». Беларускія памежнікі апублікавалі відэа, як аглядалі машыну амбасадара Ўкраіны
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі апублікаваў відэа агляду аўтамабіля амбасадара Ўкраіны Ігара Кізіма пасьля перасячэньня ўкраінска-беларускай мяжы.
10 верасьня ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню hromadske.ua Ігар Кізім заявіў, што «за 27 гадоў працы ні разу не сутыкаўся з такім стаўленьнем да амбасадара Ўкраіны» і падкрэсьліў, што гэта «ўвогуле не адпавядае дыпляматычнай практыцы».
«Лукашэнку ўратуе Пуцін?» The Еconomist крытыкуе пасіўную пазыцыю Захаду
«Узамен на расейскую падтрымку аўтакрат рыхтуецца распрадаць сваю краіну», — піша брытанскі часопіс The Еconomist, які крытыкуе пасіўную пазыцыю Эўразьвязу ў дачыненьні да ўладаў Беларусі.
Беларуская апазыцыя нацэленая на мірныя перамовы зь непрызнаным прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, аднак аўтарытарны лідэр адмовіўся ад перамоваў, піша The Economist.
Пуцін зьвярнуўся да заходніх лідэраў з просьбай ня ўмешвацца ў сытуацыю ў Беларусі, паабяцаўшы «падтрымаць Беларусь» уласнымі праваахоўнымі сіламі, калі ўзьнікне такая неабходнасьць. Далей чытайце тут.
«Калі мы пойдзем адсюль, нам канец». Віцябляне пераскочылі цераз плот амбасады Швэцыі ў Менску і просяць прытулку. ВІДЭА
11 верасьня двое жыхароў Віцебску прыехалі ў Менск, каб папрасіць палітычнага прытулку ў амбасадзе Швэцыі. Паколькі ім не адчынілі дзьверы, яны пераскочылі цераз плот — і цяпер знаходзяцца на тэрыторыі амбасады. Як паведамляе Tut.by, гэта бацька і сын, Віталь (47 гадоў) і Уладзіслаў (29 гадоў) Кузьнечыкі.
Яны схаваліся ва ўнутраным двары амбасады Швэцыі пад лесьвіцай, якая вядзе ў будынак. Цяпер АМАПу каля будынку швэдзкай амбасады не відаць. Яны расказалі, што вырашылі прасіць палітычны прытулак, бо асьцерагаюцца за сваё жыцьцё. А 16.30 Супрацоўнікі амбасады Швэцыі вынесьлі двум уцекачам торбу зь ежай і два крэслы.
Карэспандэнт Свабоды бачыў, як да ўцекачоў выходзілі два прадстаўнікі амбасады, пасьля размовы ў дыпляматаў былі ў руках нейкія паперы. З журналістамі ні ўцекачы, ні дыпляматы размаўляць ня хочуць. Але адзін з уцекачоў запісаў відэа і перадаў яго тэлеканалу «Белсат».
Як расказаў у відэа Ўладзіслаў, яны з бацькам удзельнічалі ў акцыі пратэсту ў Віцебску 6 верасьня. Былі жорсткія затрыманьні. Яго бацьку пабілі дубінкамі і пырснулі балёнчыкам у вочы. Ён кажа, што выцягнуў бацьку і яны сышлі, але «разумелі, што можа быць перасьлед». Пасьля гэтага яны адразу выключылі тэлефоны і засталіся ў знаёмых. Сваю сям’ю ня бачылі. Гісторыю цалкам чытайце тут.
Чатыром супрацоўнікам PandaDoc выставілі абвінавачаньне, аднак не канкрэтызавалі яго
Чатыром арыштаваным супрацоўнікам PandaDoc 11 верасьня выставілі абвінавачаньне — па частцы 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэксу («махлярства, зьдзейсьненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры»), паведамляе Tut.by са спасылкай на адваката кампаніі Антона Гашынскага.
Гэты артыкул прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў са штрафам. Аднак, як адзначае адвакат, абвінавачаньне не канкрэтызавана, іх ролі і дзеяньні не расьпісаны.
У пачатку верасьня чатырох супрацоўнікаў PandaDoc — галоўнага бугальтара Юлію Шардыка, дырэктара Дзьмітрыя Рабцэвіча, мэнэджэра па прадукце Віктара Куўшынава і HR Уладзіслава Міхалапа — арыштавалі на два месяцы па падазрэньні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры, у дачыненьні да іх распачалі крымінальную справу па частцы 4 артыкула 210 КК Рэспублікі Беларусь. Самі супрацоўнікі кампаніі заявілі аб сваёй невінаватасьці і катэгарычна адхілілі прад’яўленае абвінавачаньне. Цалкам чытайце тут.
У Гомлі працягваюцца затрыманьні: людзей хапаюць ля дома і на працы
- Работніка Цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Івана Шалыгіна міліцыя затрымала проста на працы, паведаміла ягоная жонка праваабаронцу Леаніду Судаленку. Іван Шалыгін браў удзел у нядзельным маршы.
- Ільлю Міронава затрымалі ранкам, калі ён толькі выйшаў з дому.
- Сяргея Сьцепанца затрымалі на вуліцы ў мікрараёне Сяльмаш.
- Да праваслаўнага сьвятара Ўладзімера Драбышэўскага, які ўдзельнічае ў акцыях пратэсту, сёньня прыяжджала міліцыя.
- Актывіста Алега Левянца зранку «ловяць». Ягоная маці паведаміла, што міліцыя ўжо пяць разоў прыяжджала да яго дахаты, езьдзілі і да дзеда Алега, і да яго сястры. Шукалі яго і па суседзях.
- Затрымалі таксама журналістку «Белсату» Ларысу Шчыракову.
«Для мяне прысутнасьць вар’яткі ў камэры была сур'ёзным выпрабаваньнем»
«Усе, хто быў каля „Рыгі“, пабеглі, і мы таксама, — расказвае 35-гадовая Надзея. — Муж кажа, што выразна чуў стрэлы і крыкі: „Сукі, морды ў зямлю, рукі за галовы“. Сяброўка спатыкнулася і ўпала, я дапамагла ёй падняцца, забавіліся.
У гэты час на нас напалі два сілавікі. Гэта быў менавіта напад. Чаму? Імя? Пасада? Што адбываецца? Не было слоў „Вы затрыманы“. Яны лаяліся матам. Мяне дубінкай стукнулі па сьцягне. Я села на зямлю і апусьціла галаву. Пачала клікаць свайго мужа, каб зразумець, ці ёсьць ён сярод затрыманых, але мне жорстка загадалі маўчаць. Павялі ў бок мікрааўтобуса. Потым некалькі разоў перакідвалі з машыны ў машыну»
Усе сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 году чытайце щ праекцек Свабоды «Жнівень-2020. Мы – сьведкі». Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
Пасьля пратэстаў 6 верасьня СК завёў справу і ацаніў шкоду ў больш як $ 11 тысяч
Сьледчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу за арганізацыю і ўдзел у парушэньні грамадзкага парадку (частка 1 арт. 342 КК) падчас пратэстаў 6 верасьня ў Менску. Паводле СК, грамадзяне «не падпарадкаваліся законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі і сталі віноўнікамі парушэньня працы грамадзкага транспарту, установаў і арганізацыяў».
«У выніку спыненьня транспартнага руху камунальнаму прадпрыемству нанесены ўрон на агульную суму больш за 30 тысяч рублёў ($11 474)», – гаворыцца ў паведамленьні. Падазраванымі па гэтай справе сталі чатыры чалавекі ад 18 да 32 гадоў.
Яшчэ адну крымінальную справу за хуліганства (частка 2 арт. 339) завялі на 18-гадовую дзяўчыну. Паводле сьледзтва, яна балёнчыкамі з фарбай нанесла надпісы і пашкодзіла спэцсродкі. Падрабязнасьці тут.
«Для дэпутатаў Літвы Лукашэнка больш не гарант сувэрэнітэту Беларусі». Экспэрт пра пазыцыю Літвы да сытуацыі ў Беларусі
10 верасьня Сойм Літвы прызнаў Сьвятлану Ціханоўскую законнай прэзыдэнткай Беларусі. Такі крок Літвы сьведчыць пра тое, што «для Літвы Лукашэнка больш не зьяўляецца гарантам сувэрэнітэту Беларусі», лічыць дырэктар EAST Research Center Андрэй Елісееў.
«Літоўскія дэпутаты дбаюць пра свае нацыянальныя інтарэсы. Для Літвы важна мець сувэрэнную Беларусь, а не расейскі пратэктарат пад бокам. Навуковы аналіз вынікаў выбараў пераканаўча даводзіць, што Лукашэнка не набраў паловы галасоў, а ў лепшым выпадку выходзіў у другі тур», — мяркуе Андрэй Елісееў.
На думку Андрэя Елісеева, вялікія краіны ЭЗ «ня хочуць псаваць стасункі з Расеяй». «На рашэньні Літвы зважаюць, але вялікія краіны ЭЗ гатовыя закрываць вочы нават на страту сувэрэнітэту Беларусьсю, на жаль. Вялікія дзяржавы ЭЗ супраць уключэньня Лукашэнкі ў санкцыйны сьпіс. Яны ці то хочуць думаць, ці то вераць, што ён гарант сувэрэнітэту», — гаворыць Андрэй Елісееў. Цалкам чытайце тут.
Параненая журналістка «Нашай нівы» другі месяц у шпіталі. Справу дагэтуль не завялі
Журналістка «Нашай нівы» Натальля Лубнеўская, якую паранілі 10 жніўня гумавай куляй у нагу, усё яшчэ знаходзіцца ў шпіталі. Праверку паводле яе заявы Сьледчы камітэт працягнуў да 21 верасьня. Ніякіх сьледчых дзеяньняў не праводзіцца.
Натальля кажа, што адчувае сябе нармальна, наколькі гэта магчыма. Ёй зрабілі апэрацыю, а таксама рэнтгенаўскія здымкі. Каленны сустаў, косьці, сухажылы, на шчасьце, не закранутыя, але рана глыбокая. Колькі часу яшчэ давядзецца правесьці ў шпіталі, дзяўчына пакуль ня ведае. Пасьля выпіскі журналістку чакае працяглы пэрыяд рэабілітацыі. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Плошча Перамен» у Менску, якую штовечар пільнуюць міліцыянты. ВІДЭА
У двары на вуліцы Чарвякова ў Менску штовечар праходзяць канцэрты і іншыя актыўнасьці. Цяпер гэты двор штовечар пільнуе міліцыя. Нават прыяжджаў АМАП, былі затрыманьні. Свабода наведала двор, вядомы цяпер як «Плошча Перамен».
«Хай нас будуць сотні тысяч!» Сьвятлана Ціханоўская дала старт кампаніі «Я/Мы Каардынацыйная рада»
Усім ахвотным прапануюць запісвацца дзеля салідарнасьці з арыштаванымі і высланымі чальцамі прэзыдыюму. Падпісацца можна праз інтэрнэт тут, там жа можна прапанаваць кандыдатуру ў Каардынацыйную раду.
У звароце, які прапануюць падпісаць, гаворыцца:
«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, падтрымліваем створаную на ініцыятыву Сьвятланы Ціханоўскай Каардынацыйную раду. Делэгуем прэзыдыюму ў складзе Сьвятланы Алексіевіч, Ліліі Ўласавой, Сяргея Дылеўскага, Максіма Знака, Вольгі Кавальковай, Марыі Калесьнікавай, Паўла Латушкі прадстаўляць нашыя інтарэсы ў наступных пытаньнях:
- Аднаўленьне законнасьці ў Рэспубліцы Беларусь.
- Арганізацыя працэсу пераадоленьня палітычнага крызісу і забесьпячэньня згоды ў беларускім грамадзтве.
- Абарона сувэрэнітэту і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь» Цалкам чытайце тут.
Жыхароў Хойнікаў аштрафавалі за незабаронены мітынг, на якім выступала кіраўніцтва раёну
16 жніўня мітынг у Хойніках Гомельскай вобласьці сабраў каля 200 чалавек. На пытаньні людзей адказвалі старшыня райвыканкаму, начальнік міліцыі і пракурор. Яны запэўнівалі, што грамадзяне ня робяць нічога супрацьзаконнага.
11 верасьня былога сьледчага Ігара Кучарава аштрафавалі на 135 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Яшчэ двое атрымалі штрафы па 54 рублі. Некалькі працэсаў працягваюцца.
«Улады не хацелі нікога з нас караць. Але праз тыдзень пасьля акцыі, відаць, ім паступіла замова на нас. На маім судзе міліцыянт так і сказаў, што даведаўся, што акцыя несанкцыянаваная, толькі праз тыдзень», — расказал падсудны Мікалай Сьцешыц.
Памежны камітэт Беларусі адказаў мітрапаліту Кандрусевічу, ён па-ранейшаму ня можа прыехаць на радзіму
Як паведаміў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі, ягонае ведамства выслала адказ кіраўніку Беларускага касьцёлу Тадэвушу Кандрусевічу на ягоную скаргу з прычыны забароны на ўезд у краіну з-за мяжы.
Пакуль Тадэвуш Кандрусевіч не даступны для камэнтару, але, як патлумачыў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускай каталіцкай царквы Юры Санько, мітрапаліт прасіў не публікаваць зьмест гэтага адказу. Аднак зразумела, што ён не задаволены адказам, бо па-ранейшаму ня можа ўехаць у Беларусь, і накіраваў новыя скаргі ў Генэральную пракуратуру і МУС Беларусі, — паведаміў Юры Санько. Цалкам чытайце тут.