Празь месяц пасьля пачатку пратэстаў найбуйнейшы ў краіне «Беларусьбанк» абмежаваў выдачу крэдытаў насельніцтву. А ўлады не змаглі дамовіцца зь Міжнародным валютным фондам аб фінансавай падтрымцы ў $ 940 млн у сувязі з наступствамі пандэміі.
За мінулы месяц бізнэс (у тым ліку створаны беларусамі за мяжой) здолеў арганізаваць некалькі буйных праектаў падтрымкі пратэстоўцаў і пацярпелых. У той жа час цэлыя кампаніі, у тым ліку з пэрспэктыўнага IT-сэктару, заяўляюць аб пераезьдзе зь Беларусі ва ўмовах працяглага палітычнага крызісу.
Прадпрымальнік Уладзімір Захараў, уладальнік сеткі гандлёвых цэнтраў у некалькіх гарадах краіны, расказаў «Настоящему времени», як бізнэсоўцы бачаць блізкія і далёкія эканамічныя пэрспэктывы для Беларусі.
За колькі купляюць грошы
— Каб было зразумела: грошы таксама зьяўляюцца таварам. Дык вось яшчэ нядаўна мы ўсе ведалі, што стаўка рэфінансаваньня Нацбанку — гэта і ёсьць той індыкатар, за які купляюцца грошы. Гэта тое, што ў бытавым сэнсе мы прывыклі называць крэдытамі або іншымі ўзаемаадносінамі паміж дзяржавай і людзьмі. Цяпер гэтая стаўка дэкляруецца меншай за 8%. Некалькі банкаў абвясьцілі аб тым, што яны гатовыя купляць грошы за 24% — у тры разы даражэй. Вы можаце сабе ўявіць, што дзеецца ўнутры краіны, у якой адзін і той жа тавар, дэкляраваны дзяржавай, каштуе ікс рублёў, а ўсе гатовыя яго купляць за тры іксы — утрая даражэй? Я такога ня бачыў за 30 гадоў.
У нас у сфэры банкаўскага сэктару, у сфэры грашовых адносін людзі за паўтара месяца вынесьлі два мільярды даляраў з банку. Я ўпершыню сутыкаюся з сытуацыяй, у якой банк у мяне просіць зь пятніцы па панядзелак не праводзіць плацежкі; калі банк ня ведае, дзе ўзяць грошы. Ці ён іх можа ўзяць, але ўтрая даражэй, чым гэта было яшчэ нядаўна на рынку. Уявіце 10-мільённую краіну, у якой наогул няма крэдытаў, — вось гэта цяпер Беларусь.
Эканамічныя пэрспэктывы
— Уявіце краіну, у якой людзі жылі ў надзеі на тое, што яны будуць крэдытаваць жытло, што ў іх будзе будавацца кватэра маладым сем’ям, а ім кажуць: «Не, гэтага ня будзе». Уявіце краіну, у якой наогул нельга сёньня ўзяць ні капейкі ў пазыку афіцыйна ні ў адным з банкаў. Плюс да гэтага, людзі проста забралі рэальныя грошы з банкаўскай структуры. Яшчэ раз нагадваю: два мільярды за паўтара месяца. Гэты інструмэнтар прыводзіць у шок усё, што адбываецца ў краіне.
У прадпрыемствах рэспубліканскага ўзроўню страйкі шмат у чым прынялі італьянскі характар. Людзі прыходзяць на працу, але яны рэальна не працуюць. Яны заяўляюць прэтэнзіі да тэхнікі бясьпекі, у тых месцах, дзе яны рабілі 10 адзінак прадукцыі, яны пачалі рабіць дзьве. Гэта факт. У гэтых умовах, калі раней краіна мела 100 адзінак прадукцыі, а цяпер мае толькі 20. Уяўляеце, што будзе?
І самае галоўнае. Пікам гэтага шаленства недабору грошай для таго, каб фінансаваць праекты, зьвязаныя зь дзіцячымі садкамі, аплатай энэргетыкі і ўсё астатняе, зьяўляецца пік падатковых пэрыядаў, паступленьня грошай у бюджэт. Для Беларусі гэта 22 кастрычніка і, самае галоўнае, 22 студзеня — па выніках году.
Гэта вышэй за маё разуменьне, што чакае Беларусь 22 студзеня. У момант, калі ўсе чакаюць аплаты гадавых падаткаў, а іх проста ня будзе. У нас няма ПДВ на ўвозе, у нас цалкам паралізаваны экспарт і імпарт, у нас няма вырабу рэальнай прадукцыі. Мы маем у лепшым выпадку намаляваныя грошы, якія ў канчатковым выніку ператворацца ў паперкі.
Нулявы давер
— За апошні месяц продаж нашых дзяржаўных аблігацый як унутранага, так і вонкавага [займу] — узаемаадносін з тымі, хто гатовы нам даць грошы, — зэро. Нуль. Гэта ўвогуле каляпс.
Мы заўсёды ў звычайным рэжыме хоць бы на нейкіх умовах прадавалі частку нашага простага дзяржаўнага доўгу. Што мы прадавалі? Мы прадавалі давер. Гэтага даверу да дзяржавы і ўнутры краіны, і за яе межамі за апошні месяц няма. А значыць, фінансаваньня як вонкавых, так і ўнутраных патрэбаў дзяржавы на бліжэйшыя месяцы ня будзе.
Расея
— І тут пытаньне: як сябе павядзе Расея? Таму што 300 зь нечым мільёнаў запазычанасьці за газ — гэта асобная праблема самой Расеі. А калі Расея палічыць магчымым і патрэбным прафінансаваць нейкія іншыя мерапрыемствы пэрсанальна для захаваньня гэтай, скажам так, дзяржавы, тады мы ўбачым, што Расея на самой справе выбірае пэрсаналію, а не дзяржаву. Гэта яшчэ больш прымусіць людзей рабіць іншыя высновы, якія расейскаму кіраўніцтву не спадабаюцца.
Адзіна магчымы законны пратэст
— Калі людзям далі зразумець, што зь іх думкай ня будуць лічыцца, яны проста ўключаюць дзеяньні ў адказ роўна ў тых рамках, у якіх дазваляе дзейнае заканадаўства, каб, будучы пратэставымі, ня стаць парушальнікамі гэтага заканадаўства. Гэтыя дзеяньні для іх зьяўляюцца адзіна магчымымі ў рамках дзейнага заканадаўства, што яны і робяць.