Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як маленькі Кіпр тармозіць санкцыі ЭЗ адносна Беларусі


Штаб-кватэра Эўракамісіі ў Брусэлі
Штаб-кватэра Эўракамісіі ў Брусэлі

Пра гэта — у блогу брусэльскага карэспандэнта Радыё Свабода Рыкарда Юзьвяка

Акрамя прапановы дапамогі грамадзянскай супольнасьці і выказваньня палітычнай падтрымкі дэманстрантам у Беларусі, ёсьць адзін галоўны палітычны інструмэнт, які Эўразьвяз можа выкарыстаць супраць менскага рэжыму — санкцыі.

На трох вялікіх сустрэчах у жніўні і на шматлікіх прэсавых канфэрэнцыях лідэры ЭЗ заяўлялі, што чакаецца замарожваньне актываў і забарона на выдачу візаў асобам, адказным за рэпрэсіі супраць дэманстрантаў у Беларусі пасьля выбараў. На гэтым тыдні першапачаткова плянавалася, што амбасадары ЭЗ у Бруселі пасьля тыднёвых разважаньняў дадуць «зялёнае сьвятло» гэтым санкцыям. Але замест гэтага афіцыйная лінія цяпер гучыць так: «Праца над санкцыямі працягваецца».

Прычына гэтага — вэта, накладзенае на рашэньне Кіпрам і падтрыманае Грэцыяй. Некаторыя падазраюць, што кіпрскі дэмарш мае злавесныя матывы — напрыклад, шчыльныя сувязі з Масквой. Але тлумачэньні дыпляматаў, якія сочаць за перамовамі, больш празаічныя. Яны кажуць, што Кіпр хоча, каб ЭЗ увёў санкцыі адносна Турэччыны за тое, што кіпрыёты лічаць незаконнай гаспадарчай дзейнасьцю ў кіпрскіх тэрытарыяльных водах.

Раней Брусэль ужо ўвёў санкцыі за гэта адносна некаторых турэцкіх чыноўнікаў, але і Кіпр, і Грэцыя хочуць, каб у «чорны сьпіс» дадалі яшчэ некалькіх. І паколькі рашэньні адносна санкцыяў у ЭЗ прымаюцца аднагалосна, абмежавальныя меры для Беларусі аказаліся зьвязанымі з тымі, што былі прынятыя адносна Турэччыны. Гэта проста клясычны выпадак: «Дай мне, каб я даў табе».

Гэтая ўзаемасувязь, безумоўна, стварыла шмат праблемаў, і яна даволі няёмкая для ЭЗ. Той факт, што праца над беларускімі санкцыямі ўжо значна больш прасунулася, чым над турэцкімі, азначае, што любое рашэньне наконт Беларусі будзе прынятае не раней за канец верасьня, калі будуць гатовыя пакеты санкцыяў для абедзьвюх краінаў.

І той факт, што такая малая краіна, як Кіпр, можа тармазіць санкцыі накшталт тых, што заплянаваныя адносна Беларусі, ізноў ставіць некалькі складаных пытаньняў пра тое, як ЭЗ вядзе зьнешнюю палітыку, і пра яго ролю ў сьвеце.

Справа ўскладняецца тым, што на гэты момант міжземнаморская астраўная дзяржава трымае падвешанымі ўсе новыя санкцыі ЭЗ. На працягу ўсяго лета Зьвяз працаваў над санкцыямі супраць двух чалавек і адной установы, якіх ён лічыць адказнымі за кібэратаку супраць бундэстагу Нямеччыны яшчэ ў 2015 годзе. Гэтая праца цяпер замарожаная — як і праца па блякаваньні актываў і візавай забароне адносна 15 чалавек і ўстановаў, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве моста праз Керчанскую пратоку, каб злучыць незаконна анэксаваны Крым з Расеяй.

Многія дыпляматы ЭЗ раззлаваныя на Кіпр за тое, што яны лічаць неабдуманымі паводзінамі. Але сумная праўда ў тым, што гэта ня першы раз, калі дзяржава-чалец ЭЗ паводзіць сябе так — і ўрэшце атрымлівае тое, чаго хоча.

Яшчэ адзін нядаўні прыклад — Вугоршчына, якая двойчы за апошнія гады пагражала спыніць эмбарга ЭЗ на пастаўкі зброі Беларусі, калі з гэтага эмбарга ня зробяць пэўных выключэньняў. І ўрэшце гэтыя выключэньні зрабілі. Альбо спытайце Альбанію і Паўночную Македонію, якія мусілі чакаць 18 месяцаў, пакуль Францыя дазволіць ЭЗ пачаць перамовы аб далучэньні да Зьвязу гэтых дзьвюх дзяржаваў. Спатрэбіліся тры адмовы Парыжу і некалькі тлумачэньняў, якія часта былі зьвязаныя зь перадвыбарчымі цыклямі, перш чым перамовам аб уступленьні запалілі «зялёнае сьвятло».

Усё больш палітыкаў гучна заклікае ўвесьці ў ЭЗ галасаваньне кваліфікаванай большасьцю ў пытаньнях зьнешняй палітыкі, каб пазьбегнуць той сытуацыі, калі адна краіна Зьвязу трымае астатніх у закладніках, калі трэба прымаць важныя рашэньні. Аднак стаўленьне да гэтых прапановаў большасьці сталіцаў прахалоднае. Ёсьць супярэчнасьць паміж поглядам на зьнешнюю палітыку як на атрыбут нацыянальнага сувэрэнітэту і жаданьнем, каб Эўразьвяз быў больш дзеяздольны. У нейкі момант Зьвязу, напэўна, давядзецца зрабіць гэты палітычны скачок наперад або перастаць рабіць выгляд, што ён мае нейкі зьнешнепалітычны ўплыў.

Тым ня менш, нават калі б гэта і адбылося, пытаньне ў тым, наколькі эфэктыўнай была б такая адзіная зьнешняя палітыка. Проста паглядзіце на дэбаты адносна беларускіх санкцыяў. Некаторыя дзяржавы-чальцы хацелі ўключыць у санкцыйны сьпіс толькі 10–15 чалавек, а іншыя, у прыватнасьці тры краіны Балтыі, настойвалі, каб у сьпісе былі каля 100 чалавек, уключна з асноўнымі фігурамі менскага рэжыму. Урэшце, калі санкцыі будуць канчаткова ўзгодненыя, хутчэй за ўсё, Брусэль прыме іх адносна 30 чалавек, а прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка пакуль у гэты сьпіс ня трапіць. Сымболіка вельмі сумнага гатунку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG