Сьвятлана Ціханоўская наведала сёньня зь візытам Варшаву. Гэта яе першы выезд за межы Літвы, куды пасьля прэзыдэнцкіх выбараў яна вымушана зьехала зь Беларусі.
Спачатку Ціханоўская прыняла ўдзел у адкрыцьці «Беларускага дому» у прэстыжным раёне Варшавы Саска Кэмпа. Гэта раён амбасадаў і дарагой нерухомасьці.
Польскі ўрад перадаў для патрэбаў беларускай грамадзкасьці ў выгнаньні былую сядзібу амбасады Тунісу.
«Польшча — гэта адкрыты дом для ўсіх беларусаў, якім патрэбная дапамога. Польшча, адразу пасьля сфальсыфікаваных выбараў, заклікала сустрэцца Эўрапейскую Раду. Яна сустрэлася і выказала адназначнае меркаваньне: увесь Эўразьвяз падтрымлівае беларускі народ у ягоным імкненьні да жыцьця ў свабодзе і дэмакратыі. Неўзабаве мы прадставім эканамічны плян для беларускага народу і беларускай дзяржавы, які мае на мэце паказаць, што Эўропа адкрытая на Беларусь і беларускі народ». — сказаў Маравецкі.
У Варшаве Ціханоўскую сустракалі мясцовыя беларусы.
Пазьней адбыўся выступ Сьвятланы Ціханоўскай у Варшаўскім ўнівэрсытэце.