Менскі раённы суд не задаволіў пазоў сакратаркі ўчастковай выбарчай камісіі № 53 аграгарадка Калодзішчы Ірыны Паповай да незалежнага назіральніка Кірыла Аношкі, на якога быў складзены пратакол за хуліганства (арт. 17.1).
Сакратарка камісіі, паводле Кірыла Аношкі, у судзе «фактычна зьняпраўдзіла пратакол сваімі паказаньнямі».
Пасьля выбараў незалежныя назіральнікі, і сярод іх Кірыл, вырашылі пацікавіцца ў сяброў выбарчай камісіі рэальнымі вынікамі выбараў, бо ў іх не супадалі дадзеныя пра яўку зь лічбамі камісіі.
«Мы прыяжджалі ў сельсавет і пыталіся, ці хочуць сябры камісіі нешта расказаць. Муж адной з назіральніц даслаў SMS-паведамленьне сябру камісіі, дзе працытаваў Крымінальны кодэкс. Пасьля гэтага ўначы яго затрымалі. Яшчэ адна назіральніца паехала падаваць заяву ў Бараўлянскую міліцыю, і яе там затрымалі. Яна там даведалася, што і на мяне складзены пратакол у міліцыі».
Пазьней Кірыла выклікалі ў суд. Паводле матэрыялаў справы, ён нібыта прыяжджаў у сельсавет на працоўнае месца сябра камісіі, пагражаў ёй і парушаў грамадзкі парадак. Насамрэч Кірыл хацеў удакладніць лічбы, бо ня быў вывешаны пратакол.
«Ірына Папова выступала сёньня ў судзе і на 80% абвергла тое, што было ў пратаколе. Такім чынам атрымалася, што хуліганства няма. Потым яна пацьвердзіла, што канфліктаў паміж намі не было. У выніку не было да чаго прычапіцца і судзьдзя вырашыла спыніць справу».