Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ля офісу, дзе месьціцца Каардынацыйная рада, 9 верасьня
Міліцыя ля офісу, дзе месьціцца Каардынацыйная рада, 9 верасьня

Месяц пратэстаў. Калесьнікаву і паплечнікаў падазраюць па крымінальнай справе. Да Алексіевіч ламіліся. Новыя затрыманьні ў Менску

Што адбываецца на 32-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

20:28 9.9.2020

Ціханоўская, Цапкала і Калесьнікава намінаваныя на прэмію Эўрапарлямэнту імя Сахарава

Сацыял-дэмакратычная фракцыя Эўрапейскага парлямэнту намінавала Сьвятлану Ціханоўскую, Марыю Калесьнікаву і Вераніку Цапкалу на праваабарончую прэмію імя Сахарава. Інфармацыя пра гэта апублікаваная на афіцыйным партале S&D.

«Уражаныя няспыннымі мірнымі дэмакратычнымі пратэстамі ў Беларусі супраць сфальсыфікаваных выбараў 9 жніўня, мы глыбока перакананыя, што сёлетняй прэміяй Сахарава трэба ўганараваць адважных беларускіх жанчын, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю ў сваёй краіне, — заявіла ў сераду намесьніца кіраўніка групы S&D Каці Піры.

Прэмію «За свабоду думкі» імя Сахарава Эўрапейскі парлямэнт штогод уручае асобам, якія зрабілі «выключны ўнёсак у барацьбу за правы чалавека па ўсім зямным шары».

20:29 9.9.2020

Вечаровыя акцыі ў Менску. Фота, відэа

20:36 9.9.2020

Латушка пасьля сустрэчаў у Літве і Польшчы едзе на перамовы ў Нямеччыну

«Пасьля перамоваў, якія адбыліся ў Літве і Польшчы, мы пачынаем перамовы ў Бэрліне, у МЗС Нямеччыны. Мы чакаем, што пазыцыя Эўразьвязу што да ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі будзе кансалідаванай» — заявіў чалец прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, былы дыплямат і міністар культуры Павал Латушка.

21:02 9.9.2020

Вечаровы дваровы Менск: канцэрт Вайцюшкевіча і спэктакль «Гэта мы»​

21:08 9.9.2020

Кіраўнік Эўрапейскай Рады заклікаў паскорыць увядзеньне санкцыяў ЭЗ супраць беларускіх уладаў

Старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль выступіў за тое, каб як найхутчэй увесьці ў дзеяньне санкцыі Эўразьвязу адносна вінаватых у палітычных рэпрэсіях у Беларусі.

Ён заявіў, што «палітычны перасьлед у Беларусі, у тым ліку затрыманьні з палітычных матываў і прымусовая дэпартацыя, павінен быць спынены».

«Беларускія ўлады павінны вызваліць палітычных вязьняў і дазволіць грамадзянам рэалізаваць сваё права на свабоду слова і сходаў», — напісаў кіраўнік Эўрапейскай Рады.

21:45 9.9.2020

Марыя Калесьнікава кажа, што ёй пагражалі фізычнай расправай

Марыя Калесьнікава пры сустрэчы з адкавкаткай Людмілай Казак распавяла, што сутыкнулася з пагрозамі фізычнай расправы, «якія, знаходзячыся ў будынку ГУБАЗіК, ўспрымаць акрамя як рэальнымі не магла». Па фактах пагрозаў пазбаўленьня жыцьця Марыя разам з адвакатам плянуе падаваць адпаведную заяву.

Падзеі апошніх дзён яна як выкраданьне і таксама плянуе падаць заяву з гэтай нагоды, распавяла прэс-служба штабу Віктара Бабарыкі ў Тэлеграме.

22:09 9.9.2020

Звольнілі менскага пажарнага, які папярэдзіў жыхароў, што іх сьцяг едуць здымаць

9 верасьня з пажарнай аварыйна-ратавальнай часткі № 2 Фрунзенскага раёну Менску звольнілі Максіма Сташулёнка, які раней папярэдзіў жыхароў кварталу «Каскад», што МНС плянуе зьняць вывешаны паміж дамамі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, паведамляе «Эўрарадыё».

Акрамя працы, пажарны страціў жытло: яго высяляюць са службовай кватэры, сям’я павінна сабраць рэчы на працягу трох дзён. У хлопца цяжарная жонка і трохгадовае дзіця.

Спачатку Максіма Сташулёнка абвінавацілі ў парушэньні прысягі, двух пунктаў працоўнага кантракту і падпіскі аб неразгалошваньні. Ён не пагадзіўся, пачаў спрачацца. 9 верасьня раніцай яго зноў выклікалі да начальства — гэтым разам каб падпісаць заяву аб звальненьні. Звольнілі паводле арт. 172.6 — спыненьне службы ў сувязі з учыненьнем правіннасьці, прадугледжанай кантрактам аб службе ў якасьці падставы для яго датэрміновага скасаваньня. Да заявы прыклалі скрыншот паведамленьня з чату «Страна для жизни». Цалкам чытайце тут.

22:11 9.9.2020

Міністэрства юстыцыі абвясьціла пра незаконнасьць працы фондаў падтрымкі пратэстоўцаў

Міністэрства юстыцыі выступіла з папярэджаньнем, што дзейнасьць фондаў, якія зьбіраюць сродкі для падтрымкі пратэстоўцаў, незаконная. Не зарэгістраваныя ў Беларусі фонды, адзначае міністэрства, будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці.

«Дзейнасьць гэткіх „фондаў“ знаходзіцца па-за рамкамі прававога поля, у сувязі з чым адсутнічаюць дзейсныя мэханізмы празрыстасьці, кантролю руху грашовых сродкаў, якія трапляюць у іх распараджэньне, што можа спрыяць незаконнаму ўзбагачэньню асобаў, якія маюць непасрэднае дачыненьне да збору», — адзначылі ў міністэрстве. Цалкам чытайце тут.

22:13 9.9.2020

Вечаровыя акцыі ў Менску

22:19 9.9.2020

Месяц беларускіх пратэстаў у фатаздымках Свабоды. Як гэта было

Сёньня роўна месяц, як Беларусь жыве ва ўмовах пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. За гэты час краіна пабачыла рэкордныя па колькасьці мірныя вулічныя акцыі пратэсту, беспрэцэдэнтны гвалт з боку сілавікоў і нябачаную дагэтуль грамадзкую салідарнасьць. Прапануем вам паглядзець назад праз аб'ектыў фотакарэспандэнтаў Свабоды.

23:11 9.9.2020

Справу арыштаваных супрацоўнікаў PandaDoc перадалі ў СК

Справу чатырох супрацоўнікаў ІТ-кампаніі PandaDoc, якіх арыштавалі паводле падазрэньня ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры, перадалі ў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту Беларусі, расказаў 42.Tut.by адвакат Антон Гашынскі.

Сьледчых дзеяньняў зь імі пакуль не праводзяць. Да 11 верасьня ім павінны выставіць абвінавачваньне або адпусьціць.

XS
SM
MD
LG