ЗША папярэдзілі Беларусь пра дадатковыя санкцыі пасьля выкраданьня Калесьнікавай
«ЗША ў каардынацыі з нашымі партнэрамі і саюзьнікамі разглядаюць дадатковыя мэтавыя санкцыі для забесьпячэньня адказнасьці тых, хто ўдзельнічае ў парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіях у Беларусі», — гаворыцца ў заяве дзяржсакратара Майка Пампэо.
«Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя паведамленьнем пра выкраданьне 7 верасьня сябра Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай, прэсавага сакратара Антона Раднянкова і выканаўчага сакратара Івана Краўцова, а таксама спробы прымусовай высылкі іх за мяжу ва Ўкраіну 8 верасьня.
Мы вітаем мужнасьць спадарыні Калесьнікавай і беларускага народу ў мірным адстойваньні свайго права выбіраць сваіх лідэраў на свабодных і сумленных выбарах, нягледзячы на неабгрунтаваны гвалт і рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў, у тым ліку абуральнае зьбіваньне мірных пратэстоўцаў сярод белага дня і сотні затрыманьняў 6 верасьня, а таксама ўсё больш паведамленьняў пра выкраданьні.
ЗША ў каардынацыі з нашымі партнэрамі і саюзьнікамі разглядаюць дадатковыя мэтавыя санкцыі для забесьпячэньня адказнасьці тых, хто ўдзельнічае ў парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіях у Беларусі. Мы нагадваем уладам Беларусі пра адказнасьць за бясьпеку спадарыні Калесьнікавай і ўсіх несправядліва затрыманых.
Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць гвалт супраць уласнага народу, вызваліць усіх, хто быў несправядліва затрыманы, у тым ліку грамадзяніна ЗША Віталя Шклярава, і пачаць зьмястоўны дыялёг з сапраўднымі прадстаўнікамі беларускага грамадзтва», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве ўраду ЗША.
Максім Знак з Каардынацыйнай рады перастаў выходзіць на сувязь
Як паведамілі Свабодзе ў штабе Віктара Бабарыкі, у 8.30 у яго было заплянаванае інтэрвію.
«Ён не зайшоў у Zoom, я яму патэлефанаваў, ён вымавіў фразу „Падобна, нехта да нас прыйшоў“, адключыўся і напісаў слова „Маскі“. Цяпер ён недасяжны», — расказаў прэс-сакратар штабу Бабарыкі Глеб Герман.
Адвакат Калесьнікавай дагэтуль ня ведае, дзе знаходзіцца Марыя
Людміла Казак зьбіраецца накіраваць скаргу ў Генпракуратуру на супрацьдзеяньне аказаньню юрыдычнай дапамогі.
«Мы чакалі, што зьявіцца інфармацыя пра месцазнаходжаньне Марыі Калесьнікавай. Атрымліваецца сваволя, калі паведамляюць на самым высокім узроўні, што чалавека затрымалі, але ніхто да яго ня можа трапіць і дзе ён, таксама нікому не адкрываюць», — сказала Свабодзе Людміла Казак.
Паводле адваката, Генпракуратура зьяўляецца гарантам законнасьці і кантралюе ўсе органы.
«Але, відаць, адрэагуюць так, як і ўсе астатнія органы», — сказала яна. Паводле Людмілы Казак, пра месца, дзе знаходзіцца Марыя Калесьнікава, «нічога не пацьвярджаюць, апроч таго, што казалі ўчора па БТ.
«Тое, што бачаць усе, вядома і мне. Ня больш», — сказала адвакатка.
Ціханоўская заклікала расейцаў ня верыць «хлусьні» пра падзеі ў Беларусі
Сьвятлана Ціханоўская ў сваім Telegram-канале «Пул первой» заклікала расейцаў ня верыць «хлусьні» і «расейскай прапагандзе», якая стараецца «максымальна сказіць» тое, што адбываецца ў Беларусі.
Ціханоўская запэўніла расейцаў, што пратэсты ў Беларусі не накіраваныя супраць Расеі і расейцаў.
- На жаль, расейская прапаганда намагаецца максымальна сказіць тое, што адбываецца ў Беларусі.
- Заклікаю не паддавацца ўплыву гэтай хлусьні і ведаць сапраўдную прычыну, чаму беларускі народ патрабуе сыходу Лукашэнкі.
- Беларускі пратэст не барацьба супраць Расеі і, я ўпэўненая, такім ня стане.
- Беларусы ўдзячныя расейцам, якія падтрымліваюць барацьбу беларускага народу за свабоду.
- Падтрымайце беларускі народ.
Ціханоўская адзначыла, што пратэсты маюць тры мэты:
- адстаўка Лукашэнкі і новыя сумленныя выбары;
- вызваленьне ўсіх палітвязьняў;
- расьсьледаваньне злачынстваў улады супраць беларускага народу.
Акцыя салідарнасьці на гары Мітчэл
У Менску зьявілася памятная дошка на доме, дзе жыў Быкаў
Яе павесілі на вуліцы Танка, 10. Гісторыя з устаноўкай цягнулася доўгія два гады, афіцыйнага адкрыцьця пакуль не было, кажа адзін з ініцыятараў Глеб Лабадзенка.
«Было толькі ўсталяваньне. Але з адкрыцьцём ці без — галоўнае ж не патасныя прамовы, а справа, праўда? Таму ў сытуацыі „так“ ці „ніяк“, я заўсёды выбіраю „так“». — напісаў Лабадзенка ў сваім Фэйсбуку.
Стварыў дошку скульптар Ігар Засімовіч. Значную частку патрэбнай сумы ўнесла віцебская фірма «Рубікон», а дапамогу з фармальнага боку аказаў Фонд Магдалены Радзівіл.
Затрыманьні і ператрусы ў Каардынацыйнай радзе: Знак, Салей, Калесьнікава, Алексіевіч
- У Марыі Калесьнікавай дома ператрус, а адвакаты дагэтуль ня ведаюць, дзе яна, піша Каардынацыйная рада.
- Максім Знак затрыманы сёньня раніцай, у яго кватэры плянуюць ператрус. Супраць яго нібы распачалі крымінальную справу за «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы», але афіцыйнага пацьверджаньня няма.
- Таксама затрыманы юрыст Ільля Салей — адвакат Марыі Калесьнікавай. У яго дома таксама ідзе ператрус.
- Невядомыя тэлефануюць Сьвятлане Алексіевіч, звоняць у кватэру
Польскі прэмʼер падарыў Ціханоўскай ключы ад «Беларускага дому» ў Варшаве
Прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі адкрывае сядзібу «Беларускага дому» у Варшаве. Будынак у прэстыжным раёне Варшавы Саска Кэмпа польскі ўрад перадаў на патрэбы беларускай грамадзкасьці ў выгнаньні.
У сустрэчы прымае ўдзел і былая кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская.
Падчас прамовы польскі прэм'ер заявіў, што неўзабаве будзе прадстаўлены эканамічны плян, які засьведчыць жаданьне Захаду дапамагчы Беларусі.
У кватэрах прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады Калесьнікавай, Знака і Салея ператрусы
У розных частках Менска паралельна адбываецца сэрыя ператрусаў у чальцоў Каардынацыйнай рады і штабу зьняволенага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, паведамляюць у Каардынацыйнай радзе.
Вядома, што цяпер праваахоўнікі працуюць у кватэры Максіма Знака, які быў затрыманы раніцай 9 верасьня. Ля дому заўважаныя машыны без рэгістрацыйных нумароў.
Таксама адбываецца ператрус у кватэры Марыі Калесьнікавай, чыё месцазнаходжаньне па-ранейшаму невядомае. Ля пад’езду і на лесьвічных пляцоўках сілавікі ў балаклавах, унутар нікога не ўпускаюць, паведамляе Эўрарадыё.
Пачаўся вобшук у юрыста Ільлі Салея, які абараняе інтарэсы арыштаванага экс-банкіра Віктара Бабарыкі.
Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не зьбіраецца весьці перамовы Каардынацыйнай радай, бо ня ведае, адкуль зьявіліся гэтыя людзі.
З сямі сябраў прэзыдыюму гэтай грамадзянскай плятформы, якія ўжо затрыманыя або вымушана зьехалі зь Беларусі, застаеца на волі ў Беларусі толькі Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
Выкладчыкі Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту запісалі зварот аб гвалце ў Беларусі пасьля выбараў
Выкладчыкі патрабуюць вызваліць усіх палітвязьняў і завесьці справы па фактах гвалту, спыніць рэпрэсіі.
Яны запісалі супольнае відэа, у якім выказваюць сваю нязгоду з гвалтам і злом, якія запанавалі ў Беларусі пасьля выбараў, а таксама салідарнасьць з затрыманымі.
Нагодай сталіся брутальныя затрыманьні студэнтаў унівэрсытэту, якія 4 верасьня засьпявалі ў сьценах ВНУ песьню зь мюзіклу паводле «Les Misérables» Віктора Гюго. Выкладчыкі перакананыя, што краіна перажыла пункт невяртаньня, у Беларусі запанавалі гвалт і жорсткасьць.
Да Сьвятланы Алексіевіч прыйшлі апэратыўнікі ў цывільным, у двары два аўтобусы
«Мне звоняць у дамафон, чуеце, поўны двор ціхароў. Два аўтобусы таксама стаяць. Дайце пайду зьбяруся», — сказала Свабодзе Сьвятлана Алексіевіч па тэлефоне.
МУС: учора затрымалі 121 чалавека, у зьняволеньні 106
Як паведамляе Міністэрства ўнутраных справаў, учора было 10 пратэставых акцыяў, сумарна ня больш за 500 удзельнікаў.
Пры тым шэсьце ад менскай Камароўкі да праспэкту Машэрава сабрала 250 удзельнікаў. Гэта значыць, на астатнія 9 акцыяў прыпадае яшчэ 250 удзельнікаў, калі верыць сілавікам.
На скрыжаваньні Чырвонай і Машэрава, піша МУС, «агрэсіўна настроеныя людзі, у тым ліку жанчыны, абступілі аднаго з супрацоўнікаў міліцыі, яны крычалі, правакавалі міліцыянта, а затым сарвалі зь яго балаклаву». Гэта адбылося падчас
Акцыя салідарнасьці на вуліцы Ціміразева ў Менску
«Паводзяць сябе бесцырымонна і з выклікам». МУС Беларусі апраўдвае разгоны і затрыманьні жанчын
«У Менску ля цэнтральнага ўваходу Камароўскага рынку сабраліся прыкладна 250 грамадзянаў, якія прайшлі калёнай па плошчы Якуба Коласа, вуліцы Куйбышава і праспэкце Машэрава. Не абышлося без інцыдэнтаў. Агрэсіўна настроеныя людзі, у тым ліку жанчыны, абступілі аднаго з супрацоўнікаў міліцыі. Спачатку яны крычалі, правакавалі яго, а затым сарвалі балаклаву. Паглядзіце на відэа, як бесцырымонна і з выклікам яны сябе паводзяць. Ім усё роўна хто перад імі», — напісала афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава.
Алексіевіч: «Замест выдраных з нашых шэрагаў прыйдуць сотні іншых»
Нобэлеўская ляўрэатка, старшыня Беларускага Пэн-цэнтру, выступіла з заявай. Гэта адбылося пасьля таго, як ранкам невядомыя людзі званілі ў дамафон і на тэлефонны нумар пісьменьніцы.
«Ужо не засталося нікога з маіх сяброў-аднадумцаў у прэзыдыюме Каардынацыйнай рады. Усе ці ў турме, ці выкінутыя за мяжу. Сёньня ўзялі, апошнім, Максіма Знака.
Спачатку ў нас скралі краіну, выкрадаюць лепшых з нас. Але замест выдраных з нашых шэрагаў прыйдуць сотні іншых. Паўстаў не Каардынацыйны камітэт. Паўстала краіна. Я хачу паўтарыць тое, што гавару заўжды. Мы не рыхтавалі перавароту. Мы хацелі не дапусьціць расколу ў нашай краіне. Мы хацелі, каб у грамадзтве пачаўся дыялёг. Лукашэнка кажа, што ня будзе размаўляць з вуліцай, а вуліца — гэта сотні тысяч людзей, якія кожную нядзелю і кожны дзень выходзяць на вуліцу. Гэта ня вуліца. Гэта народ.
Людзі выходзяць на вуліцу са сваімі маленькімі дзецьмі, таму што яны вераць, што яны перамогуць.
Яшчэ я хачу зьвярнуцца да рускай інтэлігенцыі, назавём гэта так па старой звычцы. Чаму вы маўчыце? Мы чуем толькі рэдкія галасы ў падтрымку. Чаму вы маўчыце, калі бачыце, як растоптваюць маленькі горды народ? Мы ўсё яшчэ вашы браты.
А свайму народу я хачу сказаць, што я люблю яго. Я ганаруся ім.
Вось зноў нехта невядомы звоніць у дзьверы...»
Прэмʼер Польшчы: Мы прадставім эканамічны плян для беларускага народу
Падчас адкрыцьця ў Варшаве «Беларускага дому» і сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай Матэвуш Маравецкі заявіў, што Эўразьвяз «падтрымлівае беларускі народ у ягоным імкненьні да жыцьця ў свабодзе і дэмакратыі».
«Неўзабаве мы прадставім эканамічны плян для беларускага народу і беларускай дзяржавы, які мае на мэце паказаць, што Эўропа адкрытая на Беларусь і беларускі народ», — сказаў Маравецкі.
Лукашэнка прызначыў новага генэральнага пракурора. Ім стаў Андрэй Швед. Да гэтага ён быў старшынёй Дзяржкамітэту судовых экспэртызаў.
Клюбу плаваньня Аляксандры Герасімені не працягваюць дамову арэнды за яе палітычную пазыцыю
«Школа № 2 не плянуе падпісваць з намі дамову і ўжо запаўняе групы сваімі дзецьмі са школы. У такой сытуацыі мы апынуліся з-за нашай палітычнай пазыцыі, якая заключаецца ў тым, што мы не падтрымліваем гвалт і дзейны рэжым», — сказала шматразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў у відэазвароце, які разьмясьціў Tut.by
Марыя Калесьнікава знайшлася ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага
Марыя Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага, паведаміў Tut.by бацька Марыі Аляксандар Калесьнікаў.
УЖЫВУЮ Месяц пратэстаў. Калесьнікава на Валадарскага. Ціханоўская ў Варшаве. Знака затрымалі. Ператрусы ў Каардынацыйнай радзе
«Кіраўнік сьледчай групы галоўнага следчага ўпраўлення СК Васілюк патэлефанаваў мне і паведаміў, што яна арыштаваная. Прапанаваў прывезьці перадачу», — сказаў Калесьнікаў.
У штабе Віктара Бабарыкі таксама пацьвердзілі, што Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў Менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.
7 верасьня Марыю Калесьнікаву затрымалі на вуліцы супрацоўнікі ў цывільным. 8 верасьня, яе а таксама прэс-сакратара Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і выканаўчага сакратара КР Івана Краўцова прадстаўнікі сілавых ведамстваў спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну, аднак Калесьнікава парвала свой пашпарт і была зноў затрыманая.
Раднянкоў і Краўцоў здолелі выехаць ва Ўкраіну. Месца знаходжаньня Калесьнікавай было невядомае дагэтуль.
Журналістку асудзілі на 10 сутак на падставе фотаздымку ў сацсетках
9 верасьня ў судзе Маскоўскага раёну Менска працягнулі разглядаць справу ў дачыненьні да Валерыі Ўласік, дачкі рэдактаркі Tut.by Галіны Ўласік.
Напярэдадні апэратыўнікі ў цывільным і масках прыйшлі ў кватэру сям’і з ператрусам.
Валерыю Ўласік абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце 14 жніўня. Падставай паслужыў здымак у сацсетках, дзе яна стаіць з кветкамі ў руках, а побач іншая дзяўчына з плякатам «Гэта краіна для жыцьця».
Уласік заявіла, што не прызнае сябе вінаватай. Кажа, праходзіла побач, убачыла дзяўчат з плякатам, сфатаграфавалася і пайшла далей.
Аднак судзьдзя Вольга Малашэнка прызначыла ёй 10 сутак арышту.
Раней былі падазрэньні, што Валерыя Ўласік можа быць фігуранткай справы аб масавых беспарадках, але ніякіх камэнтароў Сьледчы камітэт з гэтай нагоды не дае.