Як Сьвятлану Ціханоўскую прымаў у Варшаве польскі прэм'ер і мясцовыя беларусы. ФОТА
Сьвятлана Ціханоўская наведала сёньня зь візытам Варшаву. Гэта яе першы выезд за межы Літвы, куды пасьля прэзыдэнцкіх выбараў яна вымушана зьехала зь Беларусі.
Спачатку Ціханоўская прыняла ўдзел у адкрыцьці «Беларускага дому» у прэстыжным раёне Варшавы Саска Кэмпа. Гэта раён амбасадаў і дарагой нерухомасьці. Пазьней адбыўся выступ Сьвятланы Ціханоўскай у Варшаўскім ўнівэрсытэце. Чытайце цалкам і глядзіце фота па спасылцы.
Калесьнікава — падазраваная па крымінальнай справе аб «захопе ўлады»
Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе, заведзенай па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь»). Пра гэта Tut.by сказала адвакатка затрыманай Людміла Казак.
Абаронца змагла сустрэцца з Марыяй Калесьнікавай у СІЗА № 1, дзе тая цяпер знаходзіцца.
«З Марыяй усё ў парадку, ніякіх працэсуальных дзеяньняў пакуль не адбывалася», — сказала Людміла Казак.
З Расеяй мінус 22%, з Украінай мінус 24%. У Беларусі зьніжаецца таваразварот з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі
Экспарт тавараў зь Беларусі за паўгода ўпаў на 20%, настолькі ж зьнізіўся агульны таваразварот агулам з усімі краінамі. Прасеў гандаль з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі:
- Расея: Мінус 22% у параўнаньні з таваразваротам за першыя 6 месяцаў мінулага году. Экспарт: мінус 6,5%.
- Вялікая Брытанія: Мінус 72% таваразвароту і мінус 76% экспарту. Гэта адзін з асноўных пакупнікоў нафтапрадуктаў зь Беларусі.
- Украіна : Мінус 25% таваразвароту і мінус 29% экспарту. Гэта яшчэ адзін буйны пакупнік беларускіх нафтапрадуктаў.
- Нямеччына: Мінус 17% таваразвароту і мінус 39% экспарту. Скараціўся экспарт стратэгічных прадуктаў: нафтапрадукты экспартавалі менш у 2,7 раза.
Агулам экспарт мінэральных прадуктаў зьменшыўся ў 2,5 раза. У 1,2 раза скараціўся экспарт прадуктаў хімічнай вытворчасьці. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.
Студэнты ГРДУ сьпяваюць Вольскага ва ўнівэрсытэце
Студэнты юрфаку БДУ выйшлі на акцыю ў падтрымку адвакатаў Салея і Знака
Беларуска прайшла па канаце над Ціхім акіянам зь бел-чырвона-белым сьцягам
Каб падтрымаць беларусаў, Катажына прайшла па канаце, нацягнутым на вышыні 34 мэтры над паверхняй Ціхага акіяну. Гэта адбылося ў Аўстраліі.
«Я спадзяюся, што камусьці ў Беларусі ад гэтага хаця б на хвілінку стане сьвятлей, — тлумачыць Катажына свой учынак. — Сьцяг пашылі ўсёй беларускай дыяспарай. Як толькі спыталіся, адразу дзьве жанчыны прапанавалі дапамогу, запрасілі дахаты». Інтэрвію з Катажынай чытайце тут.
Юрысты Максім Знак і Ільля Салей — падазраваныя па крымінальнай справе аб «захопе ўлады»
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што вобшукі ў адвакатаў Ільлі Салея і Максіма Знака адбываліся ў сувязі з крымінальнай справай па ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь: публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту»).
Адвакат Максіма Знака Дзьмітры Лаеўскі пацьвердзіў БелаПАН, што Знак мае статус падазраванага па справе.
«Нас пазначылі зялёнкай, пабілі». 16-гадовы падлетак расказаў, як яго затрымліваў АМАП
Непаўналетняга Мікіту Сідаровіча затрымалі 12 жніўня разам зь сябрамі ў Горадні. Пасьля затрыманьня іх пабілі, на твары намалявалі крыжы зялёнкай, зьдзекаваліся, праверылі ў тэлефонах, на якія тэлеграм-каналы яны падпісаныя.
СК: Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака заключылі пад варту, Ільля Салей затрыманы
Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы, якую завяла Генпракуратура Беларусі па ч.3 арт.361 Крымінальнага кодэксу РБ, паведаміў Сьледчы камітэт у Тэлеграме.
У паведамленьні гаворыцца, што ў ходзе расьсьледаваньня СК атрымаў доказы таго, што некаторыя сябры «Каардынацыйнай рады» з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў рабілі дзеяньні, «накіраваныя на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
У дачыненьні да Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака, якія зьяўляюцца падазраванымі па справе, з санкцыі пракурора абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Таксама па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні ўказанага злачынства затрыманы Ільля Салей, паведамляе СК.
«Лекар у вайсковым шпіталі палохаў, што трэба маўчаць і нікуды ня скардзіцца», — расказвае 18-гадовая Крысьціна
«Гэта было каля „Пушкінскай“ з 10 на 11 жніўня. Мы зь сябрам стаялі каля пад’езда дома. Раптам з аркі выбеглі амапаўцы і проста да маіх ног кінулі гранаты.
Я зрабіла пару крокаў у бок і зразумела, што ісьці больш не магу, села на зямлю і стала крычаць, каб яны спынілі стральбу. Але праз пару сэкундаў каля маіх ног выбухнула другая граната. У мяне быў велізарны шок, і я не разумела, што адбываецца»
Усе гісторыі гвалту ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 году чытайце ў праекце Свабоды «Жнівень-2020. Мы – сьведкі». Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
Жаночая акцыя ў падтрымку Марыі Калесьнікавай у Менску
Адвакатка Калесьнікавай: «Марыя ня з тых людзей, на якіх такія абставіны могуць паўплываць і пераламаць іх пункт гледжаньня»
Адвакатка Марыі Калесьнікавай Людміла Казак распавяла Свабодзе пра працэсуальны статус і ўмовы ўтрыманьня яе падабароннай у менскім СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага.
— Абвінавачваньня няма, будзе яно ці не, залежыць ад працы сьледзтва. На гэта ёсьць 10 дзён для прад’яўленьня, калі ж гэтага ня будзе, то яе павінны будуць вызваліць.
— Якое яе здароўе і самаадчуваньне пасьля выкраданьня, падзей на мяжы і затрыманьня?
— Самаадчуваньне яе з большага ў парадку, але канешне такі стрэс яна перажыла, і ўмовы яе знаходжаньня цягам апошніх некалькіх дзён былі ня лепшыя. Калі ёй была патрэбная мэдыцынская дапамога, яна ёй надавалася. Нараканьняў тут няма. А яна сапраўды зьвярталася па мэдыцынскую дапамогу, ціск быў падвышаны, сэрца пабольвала".
— Якія ўмовы яе ўтрыманьня?
— Яна знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў Менску, у агульнай камэры з шасьцю жанчынамі. Я думаю, што яна справіцца з такімі не зусім добрымі ўмовамі. Можа, нешта памяняецца бліжэйшым часам, пабачым«. Я ў камэры не было, але там умова як ва ўсіх камэрах у нашым СІЗА. Камфорту там мала. Але ніякіх прэтэнзій яна не высоўвала, таму я гэтую тэму не разьвіваю. Цалкам інтэрвію з адвакаткай Калесьнікавай чытайце па спасылцы.
Парталу Tut.by вынесьлі трэцяе папярэджаньне з 7 жніўня. Абмежаваць доступ маглі ўжо пасьля двух
Міністэрства інфармацыі вынесла афіцыйнае папярэджаньне кампаніі «Тут бай медыа» за артыкул «К редактору TUT.BY пришли силовики. На ее дочь завели уголовное дело о массовых беспорядках».
Сьцьвярджаецца, што крымінальная справа супраць Валерыі Ўласік на самой справе не заводзілася, а ператрус праводзіўся «ў мэтах праверкі інфармацыі аб датычнасьці яе да арганізацыі масавых беспарадкаў». Асобы, якія далі Галіне і Валерыі Ўласік пастанову на ператрус, заяўлялі пра падазрэньне ў гэтай крымінальнай справе. Журналісты Tut.by неаднаразова спрабавалі ўдакладніць статус Валерыі ў Сьледчым камітэце, там ім сытуацыю не патлумачылі.
Папярэдняе папярэджаньне ТАА «Тут бай медыа» атрымала 7 верасьня, яшчэ адно – 7 жніўня. У адпаведнасьці з Законам аб СМІ, у выпадку вынясеньня ўладальніку сеткавага выданьня 2 і больш пісьмовых папярэджаньняў на працягу году доступ да сеткавага выданьня можа быць абмежаваны. Рашэньне аб гэтым прымае Міністэрства інфармацыі Беларусі.
За дзень да манэўраў «Славянскае братэрства 2020» у Беларусі Сэрбія адмовілася ў іх удзельнічаць
На сэсіі 9 верасьня ўрад Рэспублікі Сэрбія прыняў рашэньне аб прыпыненьні ўсіх вайсковых вучэньняў і ўсіх вайсковых мерапрыемстваў з усімі партнэрамі ў бліжэйшае паўгодзьдзе. Пасьля пасяджэньня ўраду міністар абароны Аляксандар Вулін заявіў, што Сэрбія знаходзіцца пад жахлівым і незаслужаным ціскам Эўразьвязу.
«Нас просяць адмовіцца ад заплянаваных вайсковых вучэньняў зь Беларусьсю пад пагрозай разьвітаньня з нашай эўрапейскай будучыняй, яшчэ большага ціску на нашу палітыку і на нашых людзей у Косаве і Мэтохіі і Рэспубліцы Сэрбскай [у складзе Босьніі і Герцагавіны. — РС]», — падае словы Вуліна Міністэрства абароны.
Напярэдадні Мінабароны Беларусі паведаміла, што вайсковыя вучэньні «Славянскае братэрства 2020», у якіх удзельнічаюць узброеныя сілы Расеі, Беларусі і Сэрбіі, пройдуць у верасьні, прыбыцьцё ўдзельнікаў чакаецца ад 10 да 15 верасьня. Цалкам чытайце тут.
Падчас акцыі ў падтрымку Калесьнікавай затрымалі ўжо дзьвюх дзяўчат
У Менску каля гандлёвага цэнтру «Няміга 3» сабралася пад два дзясяткі дзяўчат. Яны прынесьлі плякаты з надпісамі ў падтрымку Марыі Калесьнікавай, паведамляе Tut.by у Тэлеграме. Людзі падыходзяць. Па дарозе паволі катаецца мікрааўтобус без нумароў.
На плякатах напісана «Ці гатовыя ўкрасьці, пасадзіць і выгнаць сотні тысяч жанчын? Ну-ну, героі», «Добрая Маша, але ня ваша».
Зьявіўся міліцыянт з мэгафонам, кажа, што мерапрыемства не санкцыянаванае, просіць разысьціся. Прыйшлі каля 10 «зялёных чалавечкаў» у балаклавах. Журналістаў просяць адысьці на 50 мэтраў у мэтах бясьпекі.
Пачаліся затрыманьні: затрымалі дзьвюх дзяўчат, грузяць у мікрааўтобус.
Жаночая акцыя ў Менску: працягваюцца затрыманьні
На Нямізе сілавікі працягваюць затрымліваць удзельніц акцыі салідарнасьці з затрыманай па крымінальнай справе Марыяй Калесьнікавай.
Жаночая акцыя ў Менску: на Нямізе засталося менш за 10 пратэстоўцаў
На Нямізе людзі ў балаклавах зноў загружаюцца ў мікрааўтобусы. Усе, хто побач, скандуюць «Ганьба!». Пратэстоўцаў засталося менш за 10. Некалькі мікрааўтобусаў без нумароў зьехалі, засталося 4.
Невялікая групка дзяўчат пасьля ад'езду людзей у балаклавах выйшла на вуліцу Камсамольскую і ідзе ў бок праспэкту, паведамляе Tut.by.
Акцыя ля мэдычнага ўнівэрсытэту ў Менску
У Магілёве аднаму зь лідэраў пратэстаў прысудзілі яшчэ 8 сутак арышту
Вэтэрану магілёўскага апазыцыйнага руху Валадару Цурпанаву дадалі яшчэ восем сутак арышту ды аштрафавалі яго на 270 рублёў за непавагу да суду. Цяпер ён адбывае ў ізалятары 20 сутак адміністрацыйнага арышту.
На 20 сутак Цурпанава асудзілі за тое, што 1 верасьня ён прыйшоў на лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць факты фальсыфікацыі выбараў ды «пакаяцца, стаўшы на калені».
ПАРЭ ініцыюе стварэньне міжнароднага сьледчага органа па правапарушэньнях у Беларусі
Камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека прыняў заяву аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і прапанаваў заснаваць міжнародны Сьледчы камітэт для збору інфармацыі і доказаў аб правапарушэньнях у Беларусі — «каб даць сыгнал сілавым структурам Беларусі, што сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека не застануцца беспакаранымі».