Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары #BY_help запускаюць збор сродкаў на падтрымку незалежных СМІ і журналістаў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманыя журналісты выйшлі на волю з ізалятара часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьцінав ў Менску, 4 жніўня 2020
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманыя журналісты выйшлі на волю з ізалятара часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьцінав ў Менску, 4 жніўня 2020

«Журналістыка — не злачынства. Журналісты — не злачынцы. Салідарнасьць мацнейшая за рэпрэсіі!», — падкрэсьліваюць у прэс-рэлізе арганізатары кампаніі MediaSOL, якая будзе зьбіраць грошы на дапамогу незалежным СМІ і журналістам.

У межах кампаніі MediaSOL будуць зьбіраць грошы на:

  • Ахоўныя сродкі для журналістаў, якія працуюць на вулічных акцыях.
  • Стыпэндыі і дапамогу журналістам, якія зазналі рэпрэсіі за працу ў незалежных мэдыя: штатным, фрылансэрам, а таксама іншым мэдыяработнікам.
  • Аплату часовага пераезду для тых, чыйму жыцьцю і/або здароўю пагражаюць за журналісцкую працу.
  • Легальныя спосабы падтрымкі бізнэс-устойлівасьці незалежных выданьняў, якія нясуць страты з прычыны рэпрэсій.

У прэс-рэлізе ініцыятары кампаніі тлумачаць яе неабходнасьць тым, што цяпер свабодныя СМІ і журналісты «сталі чарговай мэтай рэпрэсій беларускага рэжыму»:

  • на Акрэсьціна трапляюць рэпартэры, якіх за іхную працу абвінавачваюць у каардынацыі масавых беспарадкаў,
  • улады заблякавалі дзясяткі незалежных сайтаў і «ставяць ім у віну публікацыю праўды» аб катаваньнях, зьбіваньнях і фальсыфікацыях,
  • у офісы выдаўцоў СМІ прыходзяць фінансавыя праверкі, на іх уладальнікаў заводзяць крымінальныя справы,
  • рэклямадаўцы баяцца палітычных наступстваў і адклікаюць кантракты,
  • камісія па «інфабясьпецы» пазбавіла акрэдытацыі многіх беларускіх супрацоўнікаў замежных СМІ,
  • Дом друку і кіёскі адмаўляюць у публікацыі і распаўсюдзе незалежных газэт.

«Улады думаюць, што могуць здушыць свабоду слова, прыстрашыўшы журналістаў, забараніўшы стрым або паставіўшы СМІ ў невыносныя фінансавыя ўмовы. Але ў іх гэта не атрымаецца», — гаворыцца ў заяве арганізатараў кампаніі.

Кампанія стартавала на GoFundMe і ў PayPal, інфармацыя пра яе таксама даступная на гэтым сайце. Блізкім часам арганізатары зьбіраюцца запусьціць дадатковы збор у Фэйсбуку.

Займацца зборам сродкаў будуць арганізатары ранейшых збораў на аплату штрафаў і кампэнсацыю страт пацярпелым ад рэпрэсій актывістам і рабочым з кампаніі #BY_help — Андрэй Стрыжак, Аляксей Лявончык, Аляксандар Лапко, Надзея Нортан і Алесь Чарняковіч. Партнэрам таксама выступае краўдфандынгавая плятформа для журналістаў Press Start.

Аплата штрафаў і мэдыцынскай дапамогі пацярпелым, у тым ліку журналістам, па-ранейшаму праводзіцца ініцыятывай BY_help, а былыя супрацоўнікі дзяржаўных мэдыя могуць зьвярнуцца па дапамогу ў Фонд салідарнасьці BySOL.

Ахвяраваць сродкі ў фонд можна па спасылках => https://www.paypal.com/pools/c/8sonQvgcqM і https://www.gofundme.com/f/mediasol

Каб запытаць дапамогу, трэба запоўніць Google-форму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG