Патрыярх Расейскай праваслаўнай царквы Кірыл патлумачыў, чаму на чале беларускага экзархату будзе беларус.
«Цяпер нацыянальны фактар у Беларусі набывае ўсё больш і больш палітычную ролю. І таму, вядома ж, мы прыйшлі да высновы пра неабходнасьць, каб сёньня на чале беларускай царквы быў чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, ведае беларускую мову, выгадаваны ў беларускім асяродзьдзі. Каб нават для тых, хто імкнецца ў нашай царкве пабачыць нешта іншароднае ў адносінах да Беларусі, беларускай культуры і беларускага жыцьця, каб на прыкладзе ачольніка беларускай царквы, кіраўніка экзархату бачылі чалавека плоцьцю ад плоці, косьцю ад косьці свайго народу».
6 верасьня ў Маскве ўзьвялі ў сан новага кіраўніка Беларускага экзархату РПЦ Веньяміна. Былы япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін быў прызначаны на пасад мітрапаліта Менскага і Заслаўскага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі рашэньнем Сьвятога Сіноду 25 жніўня. На тым жа паседжаньні было вырашана вызваліць ранейшага мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла ад кіраваньня Беларускім экзархатам з вынясеньнем падзякі.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў мітрапаліт Павал заявіў на сустрэчы зь вернікамі, што шкадуе пра заўчаснае віншаваньне Аляксандра Лукашэнкі зь перамогай, а 17 жніўня ён наведаў зьбітых АМАПам пратэстоўцаў у лякарні хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску.