Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Злачынствы супраць чалавечнасьці». Праваабаронцы зафіксавалі больш за 500 сьведчаньняў ужываньня катаваньняў да пратэстоўцаў

«Злачынствы супраць чалавечнасьці». Праваабаронцы зафіксавалі больш за 500 сьведчаньняў ужываньня катаваньняў да пратэстоўцаў


Плякат на маршы пратэсту ў Горадні 13 жніўня
Плякат на маршы пратэсту ў Горадні 13 жніўня

Цяперашняя прэзыдэнцкая выбарчая кампанія ад самага пачатку суправаджалася шматлікімі рэпрэсіямі, заявіў намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, выступаючы 4 верасьня перад Радай Бясьпекі ААН, паведамляе БелаПАН.

«На мірных дэманстрантаў быў ажыцьцёўлены напад з боку спэцыяльных падразьдзяленьняў сілавых структур, якія прадэманстравалі непрапарцыйнае прымяненьне гвалту і ўжылі спэцыяльныя сродкі здушэньня масавых беспарадкаў і іншую зброю. Сотні людзей былі параненыя, ня менш як тры пратэстоўцы загінулі ў выніку прамых дзеяньняў міліцыі, больш за сем тысяч былі затрыманыя».

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца адзначыў, што далейшыя падзеі «яшчэ больш узрушылі наша грамадзтва».

«Затрыманыя зазнавалі катаваньні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне, — сказаў Стэфановіч. — На працягу некалькіх дзён, пачынаючы з 9 жніўня, беларускія сілавікі рабілі дзеяньні, якія наўмысна наносілі грамадзянам Беларусі моцны боль, а таксама фізычныя і маральныя пакуты. Ім былі нанесеныя цялесныя пашкоджаньні і псыхалягічныя траўмы рознай ступені цяжкасьці. Рабілі гэта ў розных установах праваахоўнай сыстэмы як пры затрыманьні, так і ў зьняволеньні».

Стэфановіч падкрэсьліў, што людзі «зазнавалі катаваньні і жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне, якае зьневажае годнасьць». «У прыватнасьці, іх абражалі, зьбівалі дубінкамі, жорстка абыходзіліся, траўмавалі (пераломы костак, раненьні і масіўныя сінякі), іх білі электрашокерам, у іх стралялі гумовымі кулямі, — сказаў ён. — Сілавікі распылялі газ у закрытых памяшканьнях з грамадзянамі ўнутры, прымушалі іх гадзінамі стаяць голымі на каленях на асфальце, пагражалі ім прымяненьнем зброі і сэксуальным гвалтам. Затрыманых пазбаўлялі сну, сродкаў гігіены, ежы і вады, адмаўлялі ў мэдычнай дапамозе і неабходных леках. Акрамя таго, у камэрах, разьлічаных на 4–6 чалавек, міліцыя зьмяшчала да 40 чалавек, у тым ліку грамадзян з пацьверджаным COVID-19».

На пацярпелых «масава аказваліся меры псыхалягічнага ціску: прымушалі сьпяваць гімн Беларусі і доўга выкрыкваць лёзунгі, станавіцца на калені, клясьціся ў вернасьці і прызнаваць перавагу дзейнай улады і праваахоўных органаў Беларусі».

«Шмат каго з пацярпелых даставілі ў бальніцы пасьля вызваленьня. Некаторыя знаходзіліся ў крытычным стане і ўсё яшчэ папраўляюцца. Многія з арыштаваных пасьля вызваленьня мелі патрэбу ў псыхалягічнай дапамозе, — сказаў Стэфановіч. — Праваабарончы цэнтар „Вясна“ зафіксаваў больш за 500 паказаньняў ахвяр катаваньняў. Ахвяры сьведчаць, што катаваньні насілі масавы і сыстэмны характар і выкарыстоўваліся як палітычна матываванае пакараньне грамадзян за выказваньне сваёй думкі і ўдзел у антыўрадавых пратэстах. Мы можам дакладна сказаць, што мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасьці, якія ня маюць тэрміну даўнасьці ў нашым нацыянальным заканадаўстве. Аднак цяпер пракуратура і Сьледчы камітэт не распачалі крымінальных спраў на гэтых падставах».

Стэфановіч таксама адзначыў, што ў поствыбарчы пэрыяд рэпрэсіі ўзмацніліся.

«Ня менш за 80 чалавек знаходзяцца пад сьледзтвам за ўдзел у акцыях пратэсту. У цяперашні час за кратамі знаходзіцца 41 палітычны зьняволены, у тым ліку ўдзельнікі прэзыдэнцкай кампаніі і чальцы іх каманд, блогеры, актывісты апазыцыі і ўдзельнікі мірных акцый пратэсту», — сказаў ён.

Паводле слоў Стэфановіча, праваабарончая супольнасьць працягвае заклікаць улады «неадкладна спыніць рэпрэсіі і гвалт у дачыненьні да сваіх грамадзян, вызваліць усіх палітычных зьняволеных, прыняць меры для эфэктыўнага расьсьледаваньня ўсіх актаў катаваньняў і выконваць свае міжнародныя абавязаньні».

«Сёньня мы ўсьведамляем глыбокі крызіс правоў чалавека ў Беларусі, які ня можа быць і ня ёсьць унутранай справай краіны. Увесь сьвет павінен быць занепакоены беспрэцэдэнтным парушэньнем правоў чалавека і ўласных законаў цяперашнім урадам Беларусі», — падкрэсьліў Стэфановіч.

Абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі ў Радзе Бясьпекі, ініцыяванае Эстоніяй, праходзіла ў фармаце відэаканфэрэнцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG