Позна вечарам 3 верасьня адвакатаў пусьцілі да затрыманых 1 верасьня журналістаў, якіх да суду трымаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна, піша БАЖ.
Супрацоўнік МУС, які суправаджаў адвакатаў у ІЧУ, сказаў, што матэрыялы справы паступяць у суд а 9-й раніцы.
Ужо пайшлі трэція содні, як затрыманыя журналісты за кратамі.
Што з затрыманымі журналістамі
Журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, «Комсомольской правды в Беларуси» Мікіту Недаверкава, Сяргея Шчогалева і Марыю Эляшэвіч, а таксама Андрэя Шаўлюгу зь БелаПАН затрымалі 1 верасьня каля 17.00 каля стадыёну «Дынама» і даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёну, як ім было заяўлена, «для праверкі дакумэнтаў».
Журналісты выконвалі прафэсійныя абавязкі і асьвятлялі студэнцкую акцыю пратэсту ў Менску. Рэпартэры былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам «Прэса» (загалоўнымі літарамі) на сьпіне. Акрамя таго, у іх былі бэджы з фота і назвай выданьня, якое яны рэпрэзэнтуюць.
На ўсіх склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў») за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Гэты артыкул прадугледжвае кару ў выглядзе штрафу ці адміністрацыйнага арышту.
2 верасьня справы журналістаў адправілі «на дапрацоўку», а саміх журналістаў з Кастрычніцкага РУУС перавезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. 3 верасьня суд Кастрычніцкага раёну Менску іхныя справы не разглядаў.