Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціскам на СМІ ўлады Беларусі «паслабляюць інфармацыйную бясьпеку» краіны, — старшыня БАЖ


Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Дзеяньні ўладаў у інфармацыйнай сфэры прыводзяць да паслабленьня інфармацыйнай бясьпекі Беларусі, заявіў Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і сябра Каардынацыйнай рады.

Затрыманьні журналістаў 1 верасьня, падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў, у камізэльках з надпісам «Прэса», з бэджамі і службовымі пасведчаньнямі — гэта «не эксцэсы выканаўцаў», перакананы Андрэй Бастунец.

На яго думку, затрыманьні прадстаўнікоў незалежных СМІ (якіх толькі за жнівень БАЖ зафіксавала больш за 150) «абсалютна ўпісваюцца ў „генэральную лінію“ абмежаваньня распаўсюджваньня непадцэнзурнай інфармацыі»:

  • фактычнае адключэньне інтэрнэту на 3 дні ў «IT-краіне» (што ўжо прывяло і яшчэ прывядзе да пераезду многіх IT-кампаніяў за межы Беларусі)
  • блякаваньне сайтаў, якія незалежна асьвятлялі палітычную сытуацыю,
  • негалосную забарону на друк і пашырэньне ў Беларусі некалькіх нацыянальных друкаваных выданьняў («Комсомольская правда в Беларуси», «Народная воля», «Белгазета», «Свободные новости плюс»),
  • адмова ў акрэдытацыі замежным карэспандэнтам і беспадстаўнае пазбаўленьне пастаяннай акрэдытацыі двух дзясяткаў журналістаў замежных СМІ.

Як падкрэсьлівае Бастунец, сёньня, калі кожны чалавек са смартфонам «сам сабе рэжысэр», усе гэтыя дзеяньні ўлады неэфэктыўныя і «спрыяюць хіба што замене вэрыфікаванай незалежнымі СМІ інфармацыі на неправераную, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках», а таксама «прыняцьцю беларускімі дзяржаўнымі СМІ інфармацыйнага парадку дня і прапагандысцкіх мэсыджаў замежнай дзяржавы».

«Гэта значыць падрыву ўласнай інфармацыйнай бясьпекі. Што толькі пагаршаецца ў выніку высадкі дэсанту расейскіх тэлепрапагандыстаў на тэлеканал «Беларусь 1», — адзначае старшыня БАЖ.

Журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, «Комсомольской правды в Беларуси» Мікіту Недаверкава, Сяргея Шчогалева і Марыю Эляшэвіч, а таксама Андрэя Шаўлюгу зь БелаПАН затрымалі 1 верасьня каля 17.00 у раёне стадыёну «Дынама» і даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёну, як ім было заяўлена, «для праверкі дакумэнтаў».

Затрыманыя журналісты правялі ноч у Кастрычніцкім РУУС. На ўсіх склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў») ​за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу або адміністрацыйнага арышту.

2 верасьня справы ўсіх шасьці затрыманых падчас учорашняга студэнцкага пратэсту журналістаў суд адправіў на дапрацоўку. Саміх журналістаў павезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.

У жніўні журналістаў затрымлівалі 150 разоў

Спыніць рэпрэсіі супраць СМІ ня раз заклікалі Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) і міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў». Паводле БАЖ, толькі ў жніўні прадстаўнікоў СМІ затрымлівалі больш за 150 разоў.

29 жніўня беларускіх журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, пачалі масава пазбаўляць акрэдытацыі МЗС. Шэраг недзяржаўных інтэрнэт-выданьняў заблякаваны. Рашэньні аб пазбаўленьні акрэдытацыі і блякаваньні інтэрнэт-СМІ прымае міжведамасная камісія бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры, куды ўваходзяць прадстаўнікі Савету бясьпекі, адміністрацыі прэзыдэнта, КДБ, міністэрстваў абароны, інфармацыі і некаторых іншых дзяржаўных структураў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG