Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27-ы дзень пратэстаў. Суды над журналістамі. Марш айцішнікаў. Беларускія сьцягі ў парлямэнце Ўкраіны

Што адбываецца ў Беларусі на 27-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

15:42 4.9.2020

Рада канфэрэнцый каталіцкіх біскупаў Эўропы падтрымала архібіскупа Кандрусевіча, якому не даюць вярнуцца ў Беларусь

Як адзначаецца на сайце Рады, эўрапейскія біскупы салідарныя з Кандрусевічам і каталіцкай царквой у Беларусі «ў гэтай далікатнай справе» і далучыліся да закліку папы рымскага Францішка «да дыялёгу, адмовы ад гвалту і павагі да справядлівасьці і закону».

Рада канфэрэнцый каталіцкіх біскупаў Эўропы моліцца «за дарагога пастыра і ўсю беларускую супольнасьць» і спадзяецца на «неадкладнае вяртаньне архібіскупа Менска-Магілёўскага дадому і аднаўленьне яго біскупскага служэньня ў Беларусі».

Эўрапейскія біскупы таксама «заклікаюць усіх удзельнічаць у мірным вырашэньні канфлікту і з упэўненасьцю ісьці шляхам дыялёгу на карысьць чалавека і ўсяго грамадзтва».

15:43 4.9.2020

Журналістцы Марыі Эляшэвіч прысудзілі тры дні арышту

З улікам таго, што яе ўжо трымаюць за кратамі амаль тры дні, сёньня яна мае выйсьці на волю.

15:56 4.9.2020

Студэнты БДУІР падтрымалі затрыманых студэнтаў МДЛУ

16:26 4.9.2020

Што расказаў адзін з затрыманых сёньня у МДЛУ студэнтаў

16:34 4.9.2020

«Каляровыя рэвалюцыі, тэрарызм, наркатрафік». Міністар абароны Хрэнін пералічыў пагрозы Беларусі

Пэўныя сілы на Захадзе пераходзяць да гібрыднай вайны супраць беларускай дзяржавы, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін, выступаючы ў Маскве на сумесным паседжаньні кіраўнікоў вайсковых ведамстваў краін СНД, АДКБ і ШАС.

Сярод асноўных фактараў, якія нэгатыўна ўплываюць на стан «сучаснай архітэктуры міжнароднай бясьпекі», ён акцэнтаваўся на спробах «каляровых рэвалюцый», тэрарызьме, наркатрафіку і арганізаванай злачыннасьці.

На думку Хрэніна, розныя «дэструктыўныя сілы, якія падаграваліся кіраўніцтвам Польшчы, Літвы, Чэхіі і Ўкраіны», учынілі спробу неканстытуцыйнай зьмены ўлады. Ён перакананы, што ўратаваць краіну «ад беззаконьня і самаўпраўнасьці» ўдалося дзякуючы зладжаным дзеяньням органаў дзяржаўнага кіраваньня і «падтрымцы беларускім народам рашэньняў прэзыдэнта».

Хрэнін выказаў словы ўдзячнасьці «вайскова-палітычнаму кіраўніцтву Расеі і Кітая, а таксама дзяржавам, якія аказалі дапамогу Беларусі ў няпросты для яе час».

Міністар абароны заявіў, што цяпер пэўныя сілы на Захадзе, пацярпеўшы няўдачу ў спробе арганізацыі «каляровай рэвалюцыі», пераходзяць да формаў і мэтадаў гібрыднай вайны супраць беларускай дзяржавы, ужываючы пры гэтым беспрэцэдэнтныя меры дыпляматычнага і палітыка-эканамічнага ціску. У прыватнасьці, ідзе жорсткая барацьба за інфармацыйную перавагу.

Акрамя таго, па словах Хрэніна, за апошнія гады ратацый групоўка НАТО ў суседніх краінах вырасла ў 17 разоў — да 10 тысяч вайскоўцаў. У непасрэднай блізкасьці ад мяжы Беларусі ажыцьцяўляецца канцэнтрацыя баявой тэхнікі і асабовага складу, у тым ліку арміі ЗША, а таксама праходзяць буйнамаштабныя шматнацыянальныя вучэньні краін-чальцоў альянсу.

16:43 4.9.2020

Усім затрыманым журналістам прысудзілі па трое сутак арышту

Усіх журналістаў, якіх затрымалі 1 верасьня пры асьвятленьні студэнцкага шэсьця, суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Усе атрымалі па трое сутак арышту і маюць выйсьці на волю каля 17:00.

Гэта Надзея Калініна, Аляксей Суднікаў (TUT.BY), Сяргей Шчогалеў (Сьвятаслаў Зоркі), Мікіта Дубалека (Недаверкаў) і Марыя Эляшэвіч («Комсомольская правда в Беларуси»), Андрэй Шаўлюга (БелаПАН).

17:22 4.9.2020

З ізалятара на Акрэсьціна выпусьцілі затрыманых журналістаў

Андрэй Шаўлюга (БелаПАН) кажа, што падчас арышту ставіліся нармальна. У РУУС было печыва і гарбата, а каб спаць, састаўлялі крэслы.

«Пасьля першага суду была дапрацоўка справы, мы думалі, што адпусьцяць. Але праз гадзіну нас адвезьлі на Акрэсьціна, трэцяга верасьня цэлы дзень чакалі суду. Сьведкі, якія былі ад АМАП, маглі ня быць тымі, кім прадстаўляліся», — кажа Шаўлюга.

Ён расказвае, што сустрэў на Акрэсьціна вядоўцаў Дзяніса Дудзінскага і Дзьмітрыя Кахно. Кажа, настрой у іх добры, ежы хапае.

17:41 4.9.2020

СК не пабачыў масавых катаваньняў у Беларусі

Сьледчы камітэт не знайшоў падстаў для праверкі звароту грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» па факце масавых катаваньняў людзей

Гэта вынікае з адказу, які паступіў са Сьледчага камітэту ў БХК. Праваабаронцы патрабавалі ад СК расьсьледаваць катаваньні, а вінаватых — прыцягнуць да адказнасьці.

У звароце Беларускага Хэльсынскага камітэту гаварылася аб непрапарцыйным ужываньні сілы і спэцсродкаў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, а таксама аб масавых зьбіваньнях і катаваньнях затрыманых.

«Паколькі ў Вашым звароце адсутнічаюць зьвесткі аб канкрэтных злачынствах і іншых абставінах, падстаў для правядзеньня Сьледчым камітэтам праверкі непасрэдна па гэтым звароце і прыняцьця рашэньняў у парадку, устаноўленым Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, няма», — гаворыцца ў адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўленьня працэсуальнага кантролю Цэнтральнага апарату СК Сяргея Цішука.

17:43 4.9.2020

Польшча хоча даць права нашчадкам жыхароў Рэчы Паспалітай прасьцей пераяжджаць у краіну

Польскі ўрад пачаў працу над зьменамі ў законах, якія дазволяць нашчадкам жыхароў І Рэчы Паспалітай і ІІ Рэчы Паспалітай (1918–1939), якія дэкляруюць адносіны з Польшчай, пераехаць у Польшчу. Пра гэта паведаміў у пятніцу кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра краіны Міхал Дворчык.

I Рэччу Паспалітай у Польшчы называюць супольную дзяржаву Кароны Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, якая была канчаткова ліквідаваная ў выніку трох падзелаў. Апошні адбыўся ў 1795 годзе. У розныя пэрыяды ў склад гэтай дзяржавы ўваходзілі тэрыторыі ўсёй сучаснай Рэспублікі Беларусь. У склад міжваеннай Польшчы ўваходзіла сучасная заходняя частка Беларусі

17:58 4.9.2020

Што сказала Ціханоўская на паседжаньні Рады бясьпекі ААН

«У 1945 годзе Беларусь была адной з заснавальніц ААН. Цяпер нам, беларускаму народу, патрэбная дапамога Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, каб спыніць грубыя парушэньні правоў чалавека і цынічную непавагу да чалавечай годнасьці ў цэнтры Эўропы.

  • Мы просім Арганізацыю Аб’яднаных Нацый асудзіць ужываньне празьмернай сілы беларускімі спэцслужбамі супраць пратэстоўцаў;
  • мы прапануем склікаць спэцыяльную сэсію Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека для абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;
  • мы заклікаем ААН накіраваць у Беларусь неадкладную міжнародную маніторынгавую місію для дакумэнтаваньня сытуацыі на месцах;
  • мы патрабуем дазволу на ўезд і свабоднае перамяшчэньне спэцыяльнаму дакладчыку ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;
  • мы патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх адвольна затрыманых палітзьняволеных, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Паўла Севярынца, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Міколы Статкевіча і дзясяткаў іншых арыштаваных лідэраў грамадзянскай супольнасьці»
17:59 4.9.2020

Ва Ўкраіну за два тыдні пераехалі каля 300 беларускіх ІТ-шнікаў

Міністэрства лічбавай трансфармацыі Ўкраіны стварыла адмысловы партал, які ў кругласутачным рэжыме дапамагае супрацоўнікам беларускіх ІТ-кампаній пераехаць для працы ва Ўкраіну.

Прадстаўнікі рэсурсу belarustoukraine.com дапамагаюць беларускім ІТ-спэцыялістам афіцыйна працаўладкавацца ва Ўкраіне і атрымаць від на жыхарства.

Паводле намесьніка міністра лічбавай трансфармацыі Ўкраіны Аляксандра Барнякова, за два апошнія тыдні ва Ўкраіну ўехалі больш як 4,5 тысячы грамадзян Беларусі. Зь іх каля 300 прадстаўнікоў ІТ-індустрыі.

18:05 4.9.2020

Ланцуг салідарнасьці каля ПВТ разагнаў АМАП

Як піша Tut.by, да ланцуга пад'ехаў аўтобус зь сілавікамі, удзельнікі акцыі разьбегліся. «Белсат» перадае, што там затрымалі іх карэспандэнтку Любоў Лунёву і апэратара Зьмітра Буянава. Пасьля праверкі дакумэнтаў іх адпусьцілі.

Вось як выглядала акцыя да разгону.

18:13 4.9.2020

«Спыніце ціск на СМІ! Свабоду журналістам!»

Партал Tut.by абнавіў уласны лягатып на галоўнай старонцы. Цяпер замест літары U — твар з заклееным ротам. Яго суправаджае надпіс: «Спыніце ціск на СМІ! Свабоду журналістам!»

Падобным чынам абнавіў, але толькі ў сацыяльных сетках, свой лягатып Onliner.by.

18:15 4.9.2020

Рэклямшчыка Аляксандра Васілевіча і ягоную жонку вінавацяць у крымінальным злачынстве

Уласьніку галерэі «Ў» і рэклямнага агенцтва Vondel / Hepta Аляксандру Васілевічу і ягонай жонцы, уласьніцы агенцтва Red Graphic Надзеі Зелянковай, выставілі абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве. Зелянкова цяпер на сёмым месяцы цяжарнасьці.

У чым абвінавачваюць сужэнцаў, невядома: адвакатка Алена Дзеніс дала падпіску аб неразгалошваньні. Васілевіч будзе пад вартай.

Аляксандра Васілевіча арыштавалі 27 жніўня. Надзея Зелянкова на волі.

Чытаць далей.

18:31 4.9.2020

БАЖ: прыраўноўваньне журналістаў да ўдзельнікаў акцый «топча нормы права»

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) выказала пратэст у сувязі з арыштамі і абвінаваўчымі пастановамі суду ў дачыненьні да журналістаў.

4 верасьня суд Кастрычніцкага раёну Менску вынес пастановы аб адміністрацыйным арышце на трое сутак шасьці журналістаў, затрыманых 1 верасьня пры выкананьні імі прафэсійных і службовых абавязкаў.

У асацыяцыі адзначаюць:

  • Судовыя працэсы прайшлі з поўным ігнараваньнем стандартаў справядлівага судовага разбору».
  • Прыраўноўваньне журналістаў да ўдзельнікаў акцый «недапушчальнае і топча нормы права».
  • Журналісты маюць права знаходзіцца на масавых мерапрыемствах паводле законаў «Аб сродках масавай інфармацыі» і «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».
  • Словы кіраўніка МУС Юрыя Караева аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ў працу журналістаў «альбо ігнаруюцца, альбо не адпавядаюць рэальным указаньням асабоваму складу».

БАЖ патрабуе спыніць парушэньні правоў журналістаў і СМІ, перагледзець судовыя пастановы і пакараць асоб, якія перашкаджалі журналісцкай дзейнасьці.

18:53 4.9.2020

У раёне стэлы ў Менску пачаліся затрыманьні

Пра гэта паведамляе «Наша Ніва». Раней каля стэлы, дзе вайскоўцы выставілі агароджу, сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.

18:56 4.9.2020

Пампэо ў гутарцы пра Беларусь згадаў пра Бога

ЗША разам з Эўразьвязам працуюць над забесьпячэньнем абароны правоў і свабодаў удзельнікаў пратэстаў у Беларусі. Пра гэта дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо паведаміў у пятніцу ў інтэрвію амэрыканскаму радыёвядоўцу Г'ю Гʼюіту.

«Мы ясна далі зразумець, што гэтыя выбары не былі сапраўднымі выбарамі. Яны былі сфальсыфікаваныя. Яны не былі справядлівымі», — сказаў Пампэо, адказваючы на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю ў Беларусі пасьля выбараў.

«Мы зараз пачалі працу з нашымі партнэрамі з Эўразьвязу над забесьпячэньнем таго, у імя чаго ўсе гэтыя людзі выйшлі на вуліцы, ахвяравалі сваім жыцьцём і трапілі ў турму — толькі за патрабаваньне паважаць асноўныя свабоды, падараваныя прыродай кожнаму чалавеку, створанаму на вобраз і падабенства Бога. Мы хочам, каб беларускі народ гэта меў, і мы гэтага даможамся», — заявіў дзяржсакратар ЗША.

18:57 4.9.2020

Выпускніца МДЛУ пранікнёна выступіла ў падтрымку сёньняшніх студэнтаў

19:01 4.9.2020

Менск. Шэсьце ідзе да праспэкту Незалежнасьці

19:24 4.9.2020

Акцыя салідарнасьці ў Горадні ідзе праз стары горад

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG