Затрыманьні на праспэкце Пераможцаў сёньня ўвечары
Афіцыйны Менск лічыць сустрэчу Рады бясьпекі ААН нелегітымнай
Нефармальная сустрэча Рады бясьпекі ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі, праведзеная «паводле формулы Арыя», ёсьць нелегітымнай і супярэчыць Статуту сусьветнай арганізацыі. Пра гэта ў пятніцу заявіў на пасяджэньні рады сталы прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры ААН Валянцін Рыбакоў.
«Будучы адкрытымі для інклюзіўнага і канструктыўнага дыялёгу, мы ніколі не прымем спробаў іншых краін сяброў [ААН] злоўжываць РБ ААН, у тым ліку праводзячы такія сустрэчы, як сёньня, для таго каб набіраць палітычныя пункты, ужываючы выбіральныя падыходы, — сказаў Рыбакоў. — Гэткія спробы супярэчаць палажэньням Статуту ААН, паколькі пытаньні парушэньня правоў чалавека павінны разглядацца адпаведнымі органамі ААН, якія маюць вельмі відавочны і празрысты мандат на ажыцьцяўленьне такой дзейнасьці».
«Мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасьці»
Праваабаронцы зафіксавалі больш за 500 сьведчаньняў ужываньня катаваньняў да затрыманых удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў Беларусі, заявіў намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, выступаючы 4 верасьня перад Радай Бясьпекі ААН.
«Ахвяры сьведчаць, што катаваньні насілі масавы і сыстэмны характар і выкарыстоўваліся як палітычна матываванае пакараньне грамадзян за выказваньне сваёй думкі і ўдзел у антыўрадавых пратэстах. Мы можам дакладна сказаць, што мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасьці, якія ня маюць тэрміну даўнасьці ў нашым нацыянальным заканадаўстве. Аднак цяпер пракуратура і Сьледчы камітэт не распачалі крымінальных спраў на гэтых падставах».
Паводле яго, увесь сьвет «павінен быць занепакоены беспрэцэдэнтным парушэньнем правоў чалавека і ўласных законаў цяперашнім урадам Беларусі».
Як на праспэкце сустрэліся калёны за і супраць Лукашэнкі
Удзельнікі акцыі салідарнасьці пакідаюць плошчу Незалежнасьці, узяўшыся за рукі
Раней людзі сьпявалі песьню «Муры».
Рэктар МДЛУ патлумачыла затрыманьні ва ўнівэрсытэце «несанкцыянаванай акцыяй» зь «лёзунгамі і недзяржаўнай сымболікай»
У адмысловым відэазвароце рэктар Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (МДЛУ) Натальля Баранава назвала сёньняшнія затрыманьні студэнтаў «беспрэцэдэнтнай падзеяй».
Пасьля таго, як студэнты прасьпявалі ў фае ўнівэрсытэту гімн Францускай Рэспублікі «Марсэльезу», у якім ёсьць словы пра змаганьне з тыраніяй, у будынак заскочылі сілавікі і жорстка затрымалі пяць студэнтаў.
Натальля Баранава запэўніла, што адміністрацыя ўстановы ня ведала пра прыбыцьцё супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іх дзеяньняў. Са спасылкай на МУС рэктарка МДЛУ назвала прычынай затрыманьняў «несанкцыянаваную акцыю ў сьценах унівэрсытэта».
«Студэнты плянавалі сьпяваць песьні ў фае ўнівэрсытэту. Для дыялёгу зь імі былі накіраваныя дэканы факультэтаў. Падчас выкананьня песень мерапрыемства набыло палітызаваны характар. Прагучалі лёзунгі, зьявілася недзяржаўная сымболіка. А далей адбылося тое, што адбылося», — сказала Баранава.
Зьвяртаючыся да студэнтаў і выкладчыкаў, яна заявіла пра «недапушчальнасьць арганізацыі і правядзеньня ва ўнівэрсытэце несанкцыянаваных мерапрыемстваў».
«Не падтрымліваць дыктатара» — чаму выкладчыца ангельскай мовы выйшла на адзіночны пікет да амбасады Расеі ў Менску
У дзень візыту ў Беларусь прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна выкладчыца ангельскай мовы Валянціна Голубева выйшла да амбасады РФ з плякатам «Найлепшая дапамога РФ РБ — не падтрымліваць дыктатара». Яе затрымалі, і 3 гадзіны яна правяла ў РУУС Цэнтральнага раёну.
«Гэта быў зручны момант заявіць пра настроі беларусаў, — тлумачыць Валянціна свой учынак.
Валянціна кажа, што выхад на адзіночны пікет — гэта «не спантанны ўсплёск эмоцый», ён тлумачыцца кантэкстам усяго, што адбываецца ў краіне.
«Людзі ў Беларусі насьцярожана назіраюць за любымі дзеяньнямі Лукашэнкі і Пуціна і іх функцыянэраў. Трэба ведаць нашых людзей, — кажа Валянціна. — Тут маўчаньне — зусім ня знак згоды. Людзі проста замерлі ў чаканьні пэўнай інфармацыі пра пляны Лукашэнкі і маральна рыхтуюцца адстойваць наш сувэрэнітэт любымі спосабамі».
Чытаць далей.