Славаччына вылучыць 250 тысяч эўра на падтрымку беларусаў, якія сталі ахвярам рэпрэсіяў
Славаччына створыць фонд для падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці пасьля несвабодных, недэмакратычных і сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, паведаміў Nový Čas.
На падтрымку беларусаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсіяў, плянуюць вылучыць 250 тысяч эўраў.
У якасьці адной з формаў падтрымкі мяркуюць выдаць да 20 дадатковых стыпэндыяў беларускім студэнтам для вучобы ў Славаччыне. Цяпер у Славаччыне на дзяржаўнай стыпэндыі вучацца 2 беларусы.
Адвакатаў пусьцілі да затрыманых 1 верасьня журналістаў. Раніцай чакаюць судоў
Позна вечарам 3 верасьня адвакатаў пусьцілі да затрыманых 1 верасьня журналістаў, якіх да суду трымаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.
Супрацоўнік МУС, які суправаджаў адвакатаў у ІЧУ, сказаў, што матэрыялы справы паступяць у суд а 9-й раніцы.
Ужо пайшлі трэція содні, як затрыманыя журналісты за кратамі.
Журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, «Комсомольской правды в Беларуси» Мікіту Недаверкава, Сяргея Шчогалева і Марыю Эляшэвіч, а таксама Андрэя Шаўлюгу зь БелаПАН затрымалі 1 верасьня каля 17.00 каля стадыёну «Дынама» і даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёну, як ім было заяўлена, «для праверкі дакумэнтаў».
Журналісты выконвалі прафэсійныя абавязкі і асьвятлялі студэнцкую акцыю пратэсту ў Менску. Рэпартэры былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам «Прэса» (загалоўнымі літарамі) на сьпіне. Акрамя таго, у іх былі бэджы з фота і назвай выданьня, якое яны рэпрэзэнтуюць.
На ўсіх склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў») за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Гэты артыкул прадугледжвае кару ў выглядзе штрафу ці адміністрацыйнага арышту.
2 верасьня справы журналістаў адправілі «на дапрацоўку», а саміх журналістаў з Кастрычніцкага РУУС перавезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. 3 верасьня суд Кастрычніцкага раёну Менску іхныя справы не разглядаў.
Як Крэмль пашырае антырасейскія настроі ў Беларусі
«Для Расеі выгаднейшы зацяжны грамадзянскі канфлікт беларускіх грамадзянаў з дыктатарам, чым відавочная пераарыентацыя беларусаў у заходнім кірунку», — піша ў сваім блогу на Свабодзе Севярын Квяткоўскі.
Die Welt: Лукашэнкі ня будзе ў санкцыйным спісе ЭЗ, бо супраць Нямеччына, Францыя і Італія
Аляксандар Лукашэнка ня будзе ўключаны ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, паведаміла нямецкае выданьне Die Welt са спасылкай на свае крыніцы.
Паводле інфармацыі Die Welt, за гэта, у прыватнасьці, выступіла Нямеччына, якую падтрымалі Францыя і Італія.
Падчас дыскусіяў Бэрлін і Парыж сьцьвярджалі, што каналы сувязі з Лукашэнкам павінны быць адкрытымі пры ўсякіх абставінах. Уключэньне яго ў санкцыйны сьпіс перашкодзіла б гэтаму. Некалькі дзяржаваў Эўразьвязу, найперш краіны Балтыі і Польшча, ня згодныя з гэтым і прасілі ўнесьці імя Лукашэнкі ў сьпіс, піша Die Welt.
Новая Баравая. Новы дзень, новы сьцяг
Фота і відэа чытачоў
Пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны пачалося з флэшмобу дэпутатаў у падтрымку беларускага народу
У Кастрычніцкім судзе судзяць журналіста БелаПАН Андрэя Шаўлюгу
Андрэй Шаўлюга нязгодны з абвінавачаньнем ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суд пагадзіўся апытаць прапанаваных адвакатам Зікрацкім сведкаў. Будуць апытаныя таксама сьведкі-амапаўцы.
Сьведка-АМАПавец расказвае, што Андрэй Шаўлюга быў на Студэнцкім маршы. Ён бачыў яго ў калёне. Зікрацкі просіць сьведку назвацца, але суд адмовіў. У залі кепская гукавая сувязь, удзельнікі працэса не пачулі прозвішча сьведкі з АМАП. Адвакат прасіў адхіліць яго ад працэсу, але судьдзя адмовіў.
Судзьдзя кажа, што «асоба сьведкі ўстаноўленая». Адвакат Зікрацкі хадайнічае аб допыце сьведкі ў судовай залі. Суд адмаўляе.
Сьведка-амапавец кажа, што перасьледаваў калёну пешшу ад Нямігі. Упершыню ўбачыў Шаўлюгу на Гарадзкім вале: «Ён перамяшчаўся па натоўпе. Ён заклікаў людзей працягваць шэсьце». Канкрэтны адрас, дзе гэта адбывалася, ён назваць ня можа. Амапавец ня можа сказаць, колькі людзей удзельнічала ў студэнцкім маршы, проста кажа «дастаткова».
Суд адзін за адным здымае пытаньні адваката.
«Натоўп перамяшчаўся, за Шаўлюгам я не сачыў», — кажа сьведка-амапавец.
«Шаўлюга рухаўся ў калёне, калі паварочвалі на Камсамольскую, бачыў яго ў галаве калёны», – кажа сьведка з АМАП. Паводле яго, журналіст «вэрбальна даваў каманды ўдзельнікам маршу«.
Сьведка называе два выпадкі, як Шаўлюга «даваў каманды». Зважае на тое, што Шаўлюга быў у камізэльцы «прэса». Андрэй Шаўлюга пытаецца ў сьведкі, як ён яго пазнаў. амапавец кажа, што ў яго «акуратная стрыжка і барада«. Менавіта так ён яго і пазнаў.
Андрэй Шаўлюга цікавіцца, чаму яго не затрымалі раней, калі «бачылі супрацьпраўныя дзеяньні». Сьведка адказвае, «каб не ствараць ажыятаж».
Андрэй Шаўлюга спрабуе дамагчыся тлумачэньня як ён «кіраваў натоўпам», калі быў у сярэдзіне калёны. Суд здымае пытаньне. Сьведка кажа ў другі раз, што «не сачыў за Шаўлюгам».
Журналіст Радыё Свабода Антон Трафімовіч сьведчыць у судзе над Андрэям Шаўлюгам. Расказвае, што працаваў як журналіст на акцыі. Адразу пазнаў Андрея Шаўлюгу: ён ішоў зь ім поруч ад Інтэрнацыянальнай да Камсамольскай, гэты час ішлі ў сярэдзіне калёны. Расказвае, што Андрэй здымаў фота. Антон Трафімовіч кажа, што Андрэй Шаўлюга не выказваў ніякіх заклікаў, а працаваў.
Наступны сьведка Захар Шчарбакоў, калега Андрэя Шаўлюгі. Ён расказвае, што ён і Шаўлюга асьвятлялі падзеі як журналісты «трымаліся ў баку ад акцыі». Паводле сьведкі, Шаўлюга не казаў ніякіх заклікаў, а асьвятляў падзеі.
Наступная сьведка – Марыя Шуманская, яна бачыла Андрэя Шаўлюгу на Нямізе, пазнала яго па фатаздымку, бо падпісаная на яго ў Instagram. Сьведка кажа, ён стаяў у раёне KFC, нічога не рабіў.
Амапавец Андрэй Млечка цяпер сьведчыць у судзе над Андрэем Шаўлюгам. Кажа, што «нёс службу ў цывільным адзеньні», «суправаджаў калёну да плошчы Незалежнасьці». Ён зьвярнуў увагу на Шаўлюгу, які быў у камізэльцы «Прэса» і з фотаапаратам. Шаўлюгу ён пабачыў «у раёне Гарадзкога валу» — сачыў, «каб выяўляць найбольш актыўных удзельнікаў».
Паводле яго, Шаўлюга казаў людзям «працягваем рух». Гэта сьведка бачыў толькі адзін раз. Але ў пратаколе пазначыў, што «Шаўлюга ў калёне пэрыядычна заклікаў людзей працягваць рух». На пытаньне аб нестыкоўцы сьведка адказаў, што другі раз бачыў, як Шаўлюга «нешта некаму гаварыў».
На пытаньне Шаўлюгі, каму ён гэта гаварыў, сьведка ня здолеў адказаць. Шаўлюга пытае, ці ня мог ягоны заклік быць адрасаваны іншаму супрацоўніку прэсы — сьведка ня можа адказаць.
Сьведка з АМАП Млечка кажа, што ня ўдзельнічаў у затрыманьні Шаўлюгі, але журналіст кажа, што менавіта ён яго і затрымліваў каля стадыёну «Дынама».
Суд пералічвае фатаздымкі, знойдзеныя на тэлефоне і ў фотаапараце Шаўлюгі, там — фота з акцыі.
Суд вывучае відэа з акцыі, дзе бачна, што рабіў на акцыі Андрэй Шаўлюга. Яно супярэчыць паказаньням сьведкаў з АМАП. На відэа бачна, што Шаўлюга быў у баку ад падзеяў, каб гэта фіксаваць, а не ў сярэдзіне натоўпу, як сьведчыць АМАП.
Самы галоўны файл, які даказвае, што Шаўлюга ішоў ззаду калёны, суд ня здолеў адкрыць з «тэхнічных прычынаў».
Адвакат Андрэя Шаўлюгі Сяргей Зікрацкі зьвяртае ўвагу на сур’езныя працэсуальныя парушэньні: справу не «дапрацавалі», а фактычна, склалі новы пратакол. Сьведчаньні АМАП, паводле Зікрацкага, ня могуць быць прынятыя судом, бо ня вызначаныя іх асобы. Працэдура зьмены асабістых зьвестак сьведак не прадугледжаная законам
«Беларускі фонд салідарнасьці» пачаў выплаты ў біткойнах рэпрэсаваным
Некамэрцыйная арганізацыя «Беларускі фонд салідарнасьці», якая базуецца ў Нідэрляндах, пачала выплачваць кампэнсацыі ў біткойнах беларусам, звольненым з прадпрыемстваў за актыўную грамадзянскую пазыцыю і ўдзел у пратэстах, паведамляе партал ForkLog.
Судзяць журналістку КП Марыю Эляшэвіч
Суд над журналісткай «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» Марыяй Эляшэвіч пачаўся з затрымкай аб 11-й гадзіне. 20 хвілінаў судзьдзя знаёміўся зь яе «дапрацаванай» справай.
Як адзначае адвакат журналісткі, у «дапрацаваным» пратаколе ўжо значыцца новае месца, новы час учыненьня правапарушэньня. Адвакат упэўнены, што гэта новая справа, а не «дапрацоўка» папярэдняй справы, таму ён просіць закрыць справу. перадае праваабарончы цэнтар «Вясна».
У пратаколе пазначаецца, што Эляшэвіч «узяла ўдзел у вулічным шэсьці, пэрыядычна заклікала ўдзельнікаў акцыі працягваць, не спыняцца». Журналістка катэгарычна ня згодная з тым, у чым яе вінавацяць. У судзе яна кажа, што нікога не заклікала і не прымала ўдзелу ў акцыі.
«Мы нават не былі ў калёне», — перадае яе словы «Вясна».
У судзе над Эляшэвіч высьветлілася, што ўчастковы інспэктар міліцыі 3 верасьня аглядаў фота- і відэаздымкі на тэлефоне Марыі ў турме на Акрэсьціна. З словаў журналісткі, супрацоўнік міліцыі глядзеў відэа бяз гуку на тэлефоне, але потым у пратаколе пазначыў, што людзі на відэа выкрыквалі лёзунгі. Ён сказаў, што зрабіў такую выснову зь відэа іншых журналістаў.
Першым сьведкам на судзе апытваюць супрацоўніка АМАП Анатоля Млечку. Ён сказаў, што працаваў на акцыі ў цывільным адзеньні і знаходзіўся ў калёне, перадае «Вясна».
Адвакат працягвае настойваць, каб сьведкі выступалі адкрыта, бо «сакрэтны сьведка» ня можа быць удзельнікам працэсу — гэта грубае парушэньне заканадаўства
У адваката ёсьць інфармацыя, што дадзеныя сьведак Аляксандра Лідкоўскага і Анатоля Млечкі былі зьмененыя. Гэта несапраўдныя імёны сьведак. Усе спробы вызначыць асобу Анатоля Млечкі адваката суд спыніў.
«Мне яшчэ працаваць, я не хачу, каб ён ідэнтыфікаваў мае зьвесткі», — сказаў сьведка-амапавец.
Супрацоўнік АМАП сказаў на судзе, што падчас акцыі ён знаходзіўся і ў калёне, і збоку, і каля яе. Адвакат спытаў, ці не распачаты ў дачыненьні да яго адміністрацыйны працэс паводле арт. 23.34 КаАП «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, — перадае «Вясна».
У судзе над журналісткай КП Марыяй Эляшэвіч дапыталі супрацоўніка міліцыі, які таксама працаваў на акцыі ў цывільным адзеньні.
Ён сьведчыць, што 1 верасьня ахоўваў грамадзкі парадак падчас несанкцыянаванай акцыі. Ён сказаў, што «дадзеная грамадзянка Эляшэвіч заклікала людзей рухацца далей, не спыняцца». Таксама ён расказаў, што ў яе быў тэлефон у руках, яна нешта пісала ў ім. З словаў міліцыянта, журналістка заклікала людзей, якія былі побач зь ёй. Але Марыя Эляшэвіч паўтарае, што на тым этапе яна нават ня брала інтэрвію ва ўдзельнікаў.
Першае пытаньне адваката да сьведкі: «Назавіце сваё сапраўднае імя».
Але судзьдзя Няборская адразу зьняла пытаньне, бо суд нібыта вызначыў асобу сьведкі.
Міліцыянт сказаў, што ён не заўважыў бэджа журналісткі і ня памятае камізэлькі. Памятае толькі чорную майку на ёй, заплечнік, тэлефон.
Адвакат заявіў хадайніцтва аб далучэньні да справы копіі пратаколу аб зьмяненьні анкетных зьвестак сьведкаў-міліцыянтаў, якія апынуліся ў адваката. Судзьдзя прыняла дакумэнт, але азнаёміцца зь ім вырашыла пазьней. Потым вырашыла зрабіць агляд дакумэнта на ноўтбуку адваката, перадае «Вясна».
У судзе над Марыяй Эляшэвіч судзьдзя таксама разглядала відэаматэрыялы
Павал Латушка падтрымаў затрыманых: «Усіх за краты ня кінуць! Нас большасьць і праўда на нашым баку!»
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка абураецца затрыманьнямі і крымінальнымі справамі апошніх дзён:
«Колькі яшчэ будзе працягвацца беззаконьне ў нашай краіне? — пытае Латушка. — Пакуль ня кінуць за краты ўсіх? Але нас большасьць і праўда на нашым баку. Самаідэнтыфікацыю нацыі не спыніць. Беларусы больш ня будуць маўчаць».
У Швэцыі выстава пра мастака Алеся Пушкіна, які стаў ахвярай міліцэйскага гвалту
4 верасьня ў Хэльсынборгу адчыняецца выстава «Беларусь сёньня», прысьвечаная мастаку Алесю Пушкіну. Выстава складаецца з дакумэнтальнай хронікі шматлікіх аўтарскіх пэрформансаў і акцый Алеся Пушкіна. Таксама будзе прэзэнтаваная фотасэрыі з жыцьця сям’і мастака ў родным мястэчку Бобр, зробленых фатографам Янакам Коўзелем. Яшчэ два фатографы, чые працы прадстаўленыя на выставе, захацелі застацца ананімнымі, каб пазьбегнуць магчымых рэпрэсій на радзіме.
Кіраўнік МЗС Літвы: Лукашэнка больш не прэзыдэнт Беларусі
Эўропа павінна даць выразны сыгнал Крамлю, што ўмяшаньне ў справы Беларусі будзе мець наступствы, — піша ў амэрыканскім выданьні Politico міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
МУС Беларусі налічыла 30 пратэстных акцый цягам 3 верасьня
Паводле маніторынгу Міністэрства ўнутраных спраў, 3 верасьня ў Беларусі прайшлі 30 пратэстных акцый, большая палова — у Менску.
«На тэрыторыі дзевяці населеных пунктаў краіны прайшлі 30 пратэстных акцый, колькасьць удзельнікаў склала каля 850 чалавек. У Менску зборы былі адзначаныя ў 18 месцах, у тым ліку каля будынку МУС, СК, УУС Менаблвыканкаму», — праінфармавала афіцыйная прадстаўніца ведамства Вольга Чамаданава.
За парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах затрымана 26 чалавек. Да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэньнях сем чалавек зьмешчаныя ў месцы часовага ўтрыманьня.
У МУС таксама адзначылі, што каля 20 масавых мерапрыемстваў прайшлі ў рэгіёнах «у падтрымку міру, бясьпекі і спакою». Як сьцьвярджаюць у міліцыі, у іх ўзялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек.
Марыя Калесьнікава: рэакцыя грамадзтва на інаўгурацыю Лукашэнкі можа быць непрадказальнай
Прадстаўніца Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава не выключае вастрэйшай рэакцыі беларускага грамадзтва на афіцыйнае паведамленьне аб інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта.
«Трэба разумець, што ў Беларусі грамадзтва нагэтулькі не прызнае Лукашэнку і яго новы прэзыдэнцкі тэрмін, які ён сам сабе намаляваў, што прадбачыць, як большасьць адрэагуе нават на заяву аб інаўгурацыі, проста немагчыма», — сказала Марыя Калесьнікава ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню lb.ua.
Паводле яе, пакуль Каардынацыйная рада ня мае пляну дзеяньняў на выпадак уступленьня Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта: «За месяц шмат што можа зьмяніцца. Тут варажыць няма сэнсу».
Марыя Калесьнікава мяркуе, што кадравыя зьмены, якія робіць Аляксандар Лукашэнка ў сілавых органах, сьведчаць аб расколе ў праваахоўных структурах:
«Вялікая колькасьць сілавікоў ужо пераходзіць на бок большасьці. Мы ведаем, што там абсалютны раскол».
У той жа час, паводле яе, кіраўніцтва сілавых органаў застаецца на бку Лукашэнкі, бо «многія зь іх вельмі баяцца за тыя злачынствы, якія яны ўчынілі»:
«І мы сапраўды лічым, што забойствам і катаваньням людзей ня месца ў трэцім тысячагодзьдзі ў цэнтры Эўропы. Яны павінны быць расьсьледаваныя паводле беларускіх законаў. Тыя людзі, якія ня хочуць сябе асацыяваць з гэтай крывёю і гэтым гвалтам, зараз робяць маральны выбар. Гэта вельмі цяжка. Мы гэта выдатна разумеем. Але трэба разумець таксама і тое, што большасьць зь іх да гэтага ня маюць дачыненьня. Тут ідзецца пра тое, што гэта дапаможа ім сябе засьцерагчы. Мы можам гэта толькі падтрымліваць, бо прысягу яны давалі не Лукашэнку, а беларускаму народу».
«На слова адкажам словам, на дзеяньне — дзеяньнем». Кіеў расказаў аб сваёй стратэгіі стаўленьня да Беларусі
«Украіна будзе падыходзіць да беларускага крызісу выключна з нацыянальных інтарэсаў. Першае — нацыянальная бясьпека. Другое — абарона ўкраінскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Трэцяе — абарона нашых эканамічных інтарэсаў у дачыненьнях зь Беларусьсю. І разглядаць сытуацыю будзем комплексна, бо вядзеца вельмі складаная гульня, і мы мусім у гэтай гульні мінімізаваць нэгатыўныя наступствы для Ўкраіны», — падкрэсьліў міністар замежных справаў Украіны.
«Чырвоная і белая». Вядомы ўкраінскі гурт выпусьціў песьню, прысьвечаную беларусам. ВІДЭА
«У Беларусі — сьветапоглядная рэвалюцыя», піша ў анонсе да распаўсюджанага сёньня відэакліпа песьні пра Беларусь украінскі гурт «Пирятин».
Вядомы ўкраінскі гурт «Пірацін» («Пирятин» — укр.), выдаў новы відэакліп «Чырвоная і белая» на песьню беларускага аўтара Алеся Плоткі.
«Песьня „Чырвоная і белая“ — гэта музычны жэст салідарнасьці беларускаму народу, які ў гэты час змагаецца за права на свабоду ад тыраніі. У Беларусі адбываецца сьветапоглядная рэвалюцыя, і адбываецца яна ня толькі ў фізычным вымярэньні, але і ў сэнсавым, сымбалічным полі. Гурт „Пирятин“ ня мог застацца ў баку і запісаў прысьвячэньне колерам беларускага нацыянальнага сьцяга і людзям, якіх ён аб’ядноўвае», — такім чынам гурт анансаваў выхад свайго новага кліпу.
«Маем надзею, што песьня падбадзёрыць беларусаў і нагадае пра тое, што яны несамотныя ў сваіх памкненьнях і акцыях. Шмат хто з нашых сяброў-беларусаў быў з намі фізычна і маральна ў вызначальныя для Ўкраіны часы. Таму сёньня мы ўважліва сочым за разьвіцьцём падзей, жадаем посьпеху і пад’ёму агульнанацыянальнай справы! Жыве Беларусь!»
«Блякада газэты з боку ўладаў працягваецца». Рэдакцыя «Народнай Волі» зьвярнулася па дапамогу
Рэдакцыя газэты «Народная Воля», якую адмаўляецца выдаваць дзяржаўны «Беларускі дом друку», а «Белпошта» і «Белсаюздрук» ня хочуць распаўсюджваць надрукаваны за мяжой наклад, зьвярнулася па дапамогу да чытачоў.
Суд над журналістам Tut.by Аляксеем Суднікавым
Яго таксама вінавацяць ва «ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Судзьдзя Рудэнка.
Судзьдзя задаволіў толькі трох сьведак з боку абароны Суднікава, хоць адвакат заяўляў больш сьведак.
Аляксей Суднікаў заявіў, што ня браў удзел у акцыі пратэсту, а выконваў свае журналісцкія абавязкі. Суднікаў патлумачыў, што на вуліцы Інтэрнацыянальная знаходзіўся ззаду ад пратэстоўцаў, на адлегласьці 5-10 мэтраў.
Абарона Суднікава настойвае, каб сьведку ад АМАПу адхілілі ад удзелу ў працэсе, бо ягоная асоба ня вызначаная. Судзьдзя Аляксандр Рудэнка адмовіў.
Сьведка ад АМАПу тлумачыць, што працаваў у цывіотнай вопратцы падчас шэсьця, «некаторыя прадстаўнікі прэсы прыцягнулі ягоную ўвагу нестандартнымі дзеяньнямі: казалі, куды ісьці людзям«.
Першы раз сьведка ад АМАП Аляксандр Віткоўскі пабачыў Суднікава на вуліцы Няміга. Назваць дакладны адрас ня можа. Каму Суднікаў адрасаваў заклікі «працягваць рух», амапавец патлумачыць ня можа. Кажа проста: «натоўпу».
У судзе над Аляксеям Суднікавым выступае сьведка Алег Новаш, ён не супрацоўнік АМАП. Ён блытаецца ў словах, дае паказаньні дрыжачым голасам. Кажа, што 1 верасьня вяртаўся з гандлёвага цэнтру «Няміга». На вуліцы Камсамольскай убачыў людзей са сьцягамі. На Інтэрнацыянальнай ён пабачыў Суднікава, у яго была камізэлька «Прэса»; сьведка кажа, што ў яго цёмныя валасы з зачосам направа. Зь ім была дзяўчына. Сьведка кажа, што ён накіроўваў людзей. Новаш ня змог патлумачыць, як Суднікаў даваў каманды ўдзельнікам шэсьця, кажа, што ня чуў іх.
Абарона Суднікава сьцьвярджае, што Новаш Алег Аркадзьевіч — гэта іншы чалавек, а ня той, што прысутнічае ў судзе.
Сандра Масьцібродзкая — сьведка ад абароны —сьцьвярджае, што Аляксей Суднікаў здымаў відэа і накіроўваў ёй, бо яна таксама працуе ў Tut.by і займалася ў той дзень прыёмкай відэа. Паводле яе, у Суднікава не магло быць часу на нешта іншае, апроч відэа.
Рубцоў Кірыл, яшчэ адзін сьведка ад абароны. Сьцьвярджае, што Суднікава бачыў на акцыі, той працаваў як журналіст. Ён бачыў, што Суднікаў ніякія заклікі не выказваў.
Паводле сьведкі Антона Трафімовіча, Аляксей Суднікаў ніякіх заклікаў не выказваў, а моўчкі ішоў, гэта было на вуліцы Камсамольскай
Суд над журналістам «Камсамолкі» Мікітам Дубалекам
Судзьдзя — Вольга Няборская.
У судзе над журналістам «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Мікітам Дубалекам (Недаверкавым) адвакат заявіў хадайніцтва аб далучэньні копіі пратаколу аб зьмяненьні анкетных дадзеных сьведкаў. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва.
Таксама адвакат Андрэй Мачалаў заявіў хадайніцтва, каб дапытаць у якасьці сьведкі журналіста Радыё Свабода Антона Трафімовіча. Судзьдзя Няброская задаволіла і гэтае хадайніцтва.
У пратаколе пазначана, што Мікіта Дубалека 1 верасьня з 15:30 да 16:20 браў актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Паводле пратаколу, ён заклікаў людзей на акцыі «працягваць», «не спыняцца», «ісьці да плошчы Незалежнасьці» і іншае.
Журналіст катэгарычна ня згодны з абвінавачаньнем: «Я выконваў сваю працу. Я быў абазначаны бэйджам і камізэлькай „Прэса“». Ён распавёў, што з супрацоўнікам міліцыі ў ІЧУ 3 верасьня яны агледзелі 68 фрагмэнтаў відэа з камэры Мікіты. Мікіта заявіў, што на відэа, якія ёсьць у матэрыялах справы, бачна і чутна, што на пазначаных у пратаколах адрасах Мікіта трымаўся ўбаку і не выкрыкваў ніякіх лёзунгаў.
Першым сьведкам на працэсе быў дапытаны супрацоўнік АМАПу Аляксандр Віткоўскі, перадае «Вясна».
У судзе над журналістам КП Мікітам Дубалекам амапавец Віткоўскі кажа, што падчас руху ў натоўпе «дадзены грамадзянін, як і некаторыя іншыя яго калегі, прыцягнулі ўвагу, падказвалі, што неабходна рабіць натоўпу». Па словах сьведкі, Мікіта Дубалека падказваў, як трэба рухацца. Казаў: «Хлопцы, рухаемся проста».
На акцыі Віткоўскі працаваў у цывільным адзеньні, ён адмовіўся назваць, у якой вопратцы ён тады працаваў з прычыны таго, што гэта можа адбіцца на ягонай бясьпецы ў далейшай працы. Па словах амапаўца, ён запомніў журналіста па «акуратнай бародцы», торбе з яркай устаўкай, камізэльцы «Прэса».
Наступны сьведка — супрацоўнік АМАП Анатоль Млечка. Ён таксама працаваў на акцыі ў цывільным адзеньні, але адмовіўся апісаць гэтае адзеньне, бо «яму яшчэ працаваць«. Па словах сьведкі, ён знаходзіўся ў калёне, каб выяўляць «асабліва актыўных правакатараў».
Млечка распавёў на судзе, што Дубалека падказваў, куды ісьці людзям, накіроўваў, «хутчэй каардынаваў». Па словах сьведкі, журналіст казаў: «Праходзім да праспэкта Незалежнасьці, не спыняемся». Млечка адзначае, што гэта не даслоўныя цытаты, але зьмест іх падобны.
Адвакат заявіў хадайніцтва аб асабістай яўцы, каб вызначыць асобу сьведак, бо адвакат упэўнены, што гэтыя людзі не зьяўляюцца тымі, кім называюцца на судзе. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва, бо суд нібы вызначыў асобы сьведкаў.
Мікіта Дубалека зьвярнуў увагу, што адзін са сьведкаў заяўляў, што журналіст узначальваў галаву калёны на вуліцы Няміга. Але, па словах журналіста, ён ня мог узначальваць калёну, што бачна на відэа, якія маюцца ў яго на камэры.
На працэсе таксама дапыталі журналіста Радыё Свабода Антона Трафімовіча. Ён сьведчыць, што ніхто з журналістаў на акцыі, а гэта каля 20 калегаў, не даваў указаньні ўдзельнікам, яны назіралі, бралі інтэрвію, але ня ўмешваліся ў ход акцыі, перадае «Вясна».